У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя кнігі вершаў кітайскага паэта Ван Гачжэня, выдадзеная па-беларуску

Мелодыі слоў з Паднябеснай

“Мелодыі адкрытага сэрца” — такім зборнікам прадаўжаецца серыя Выдавецкага дома “Звязда” “Светлыя знакі: паэты Кітая”. Гэты творчы праект аб’яднаў пераклады паэзіі сямі аўтараў з Паднябеснай — Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, Лі Хэ, Лі Цінчжао, Ван Гачжэня.

Адметнасць апошняй з кніг — у тым, што вершы пададзены ў ёй як у перакладзе на беларускую мову, так і ў арыгінале: па-кітайску. Перакладчыкамі паэзіі мастака слова (пачынаючы з 1990 года агульны наклад кніг Ван Гачжэня склаў болей як 9 мільёнаў экзэмпляраў!) выступілі Дар’я Нечыпарук, Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка, Навум Гальпяровіч.

На прэзентацыі знайшлося месца як словам, так і музыцы — кітайская студэнтка Лі Цзяй іграла на піпе, інструменце, які нагадвае мандаліну. А яшчэ ў Нацыянальнай бібліятэцы была разгорнута выстава ілюстрацый мінскага мастака Каміля Камала, які аформіў зборнік “Мелодыі адкрытага сэрца”, аздобіў кнігу партрэтам паэта.

Рэй на сустрэчы чытачоў, бібліятэкараў і перакладчыкаў вяла ўкладальніца кнігі Юлія Алейчанка. Сваімі думкамі пра кітайскую паэзію дзяліліся Дар’я Нечыпарук, Леанід Дранько-Майсюк, Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец, Мікола Мятліцкі, кіраўнікі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Тозік і спадарыня Лю Сулін.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter