Медсестра Республиканской больницы спелеолечения — о своем долге и реабилитации пациентов, переболевших COVID-19

«Мая праца — дапамагаць людзям»

«Абаяльная, уважлівая, актыўная» — так кажуць пра яе пацыенты Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння ў Салігорску, якія папраўляюць здароўе пасля перанесенай каронавіруснай пнеўманіі. Юлія Супрунчык вось ужо сем гадоў дапамагае людзям прыходзіць у норму пасля захворванняў. Цяпер яна клапоціцца аб пацыентах, якія ідуць на папраўку пасля пнеўманіі. Яны дыхаюць соллю, робяць дыхальную гімнастыку на свежым паветры, праходзяць комплекс рэабілітацыйных мерапрыемстваў бясплатна. Вынік далечвання ў пацыентаў адназначна ёсць. Мы пагутарылі з маладым прафесіяналам, акунуўшыся ў добразычлівую атмасферу спелеалячэбніцы — унікальнай здраўніцы краіны. Дарэчы, гэтую профільную ўстанову аховы здароўя добра ведаюць і ў іншых дзяржавах.

Юлія Супрунчык.

Замацавалася на рабочым месцы

Мы зазірнулі на медыцынскі пост Юліі Іванаўны пасля таго як яна правяла з пацыентамі планавую дыхальную размінку.

...Юлія здымае спартыўныя красоўкі і надзявае больш прыдатны для працы ў аддзяленні абутак. Разам з ёй мы адпраўляемся на кароткую экскурсію па бальніцы спелеалячэння. Жыццё тут кіпіць: у пацыентаў усе працэдуры распісаны не па гадзінах, а па хвілінах. Юлія тут жа знаёміць нас з нюансамі рэабілітацыйнай працы:

— У нас ёсць падземны свет і наземны. У саляную шахту нашы пацыенты спускаліся да канца красавіка. Потым пачалі паступаць людзі, якія перанеслі COVID-19. Ім нельга перажываць моцныя стрэсы і напружвацца, таму цяпер шлях у падзямелле закрыты. Пацыенты трапляюць да нас пасля пнеўманій са стацыянараў і амбулаторна-паліклінічных устаноў, карыстаюцца магчымасцямі двух наземных саляных пакояў: белага (натрый) і чырвонага (калій). Спелеатэрапія, як вядома, значна палягчае сімптомы лёгачных захворванняў, сур’ёзна ўмацоўвае імунітэт.

У спелеапакоi падчас сеансу рэабілітацыі дыхаюць соллю дзесяць чалавек.

— А як вы трапілі на працу ў такое незвычайнае месца? — не магу ўтрымацца ад пытання.

— Сама я з Палесся, нарадзілася ў Столінскім раёне. Давыд-Гарадок, ведаеце такі? Гэты край славіцца агуркамі, — усміхаецца суразмоўца. — Заўсёды любіла хімію і біялогію ў школе, вучылася лёгка, таму вырашыла пайсці пасля 11-га класа ў медкаледж. Паехала ў Слуцк і паступіла на спецыяльнасць «Сястрынская справа».

Спелеалячэбніца стала першым рабочым месцам Юліі. Сюды малады спецыяліст трапіла па размеркаванні. За час працы разумніца і прыгажуня паспела атрымаць дыплом ВНУ:

— Атрымаўшы дыплом Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія», цяпер магу працаваць не толькі медсястрой, але і выкладаць фізкультуру, быць інструктарам па эргатэрапіі.



— Што гэта за від рэабілітацыі?

— Калі коратка, то гэта кірунак медыцыны, што аднаўляе актыўнасць людзей, якія страцілі здольнасць паўнавартасна рухацца або займацца паўсядзённымі справамі. Яшчэ я займаюся дыетатэрапіяй. Кірунак, які мне вельмі падабаецца, таму што прыносіць адчувальную карысць людзям.

Дыхайце глыбей!

Каронавірусную пнеўманію, расказвае наша суразмоўца, тыя, хто далечваецца, перанеслі па-рознаму:

— Ёсць тыя, хто, як гаворыцца, выкараскаўся з таго свету: перажылі цяжкую пнеўманію з шырокім паражэннем лёгкіх. Некаторыя былі на апараце ШВЛ. А ёсць і пацыенты, у якіх гэтая хвароба працякала ў больш лёгкай форме.


Перыяд рэабілітацыі ў Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння залежыць ад цяжкасці захворвання, а таксама ад індывідуальнага стану пацыента. Як правіла, ён доўжыцца не менш за 14 дзён. Калі спатрэбіцца, то можа быць і 18—20 дзён.

Мы на некалькі хвілін заходзім у адзін са спелеапакояў. Пачатак 40-хвіліннага сеанса. На тапчанах расслаблена сядзяць як пажылыя людзі, так і пацыенты сярэдняга веку. Святлана Смоліч трапіла ў спелеалячэбніцу пасля Салігорскай ЦРБ. Ад курса рэабілітацыі яна ў захапленні:

— Перш за ўсё кажу вялікі дзякуй урачам Салігорскай цэнтральнай бальніцы, якія выратавалі нас ад пнеўманіі. Мяне сюды накіравалі на курс аднаўлення. Да канца знаходжання ў гэтым пакоі амаль засынаю — настолькі расслабляльна ўздзейнічае саляная тэрапія. Мне пашанцавала трапіць сюды. Персанал падабраны выдатны! Усе чулыя, уважлівыя, кампетэнтныя. Юлія Іванаўна — медык па прызванні. Адчуваецца, як яна любіць сваю працу. Пасля яе дыхальных трэніровак мне хочацца пабольш рухацца і радавацца жыццю.


Пытаюся ў Юліі, што пераважна прызначаецца пацыентам, якія перанеслі каронавірус.

— Дыхальная гімнастыка, дыетатэрапія, лячэбная хадзьба па тэрэнкуры ў аблегчаным рэжыме. У пачатку курса людзі ў асноўным адчуваюць слабасць, таму пачынаецца ўсё з лёгкіх трэніровак, са спакойнай хадзьбы. Потым, у залежнасці ад стану, можна пераходзіць да наступнага этапу. Усе рэабілітацыйныя мерапрыемствы праводзяцца пад пульсаксіметрыяй (вымяраецца ўзровень насычэння крыві кіслародам. — Заўв. рэд.).

У аднаўленчай праграме таксама прымяняюцца электра- і святлолячэнне, магніта- і лазератэрапія, масаж.


Здаровымі дадому

Доўгі час пацыентам даводзіцца знаходзіцца ў сценах бальніцы. Тут усё накіравана на аднаўленне арганізма. Пацыентка Галіна Мікуліч прызналася, што пасля выздараўлення цалкам перагледзела лад жыцця і харчовыя звычкі. У бальніцы збалансаванае харчаванне. Прыём ежы строга па гадзінах. Рацыён базавы: ежа лёгкая, збалансаваная па бялках, тлушчах і вугляводах.

— Дзяўчынкі-медсёстры, якія тут працуюць, такія стройныя, што, гледзячы на іх, не хочацца пераядаць, — жартаўліва прызналася Наталля Квяткоўская, педагог з Салігорска. — А калі сур’ёзна, то ўсе, з кім кантактавала, перахварэлі на гэтую вірусную інфекцыю, паспяхова папраўляюцца, нават самыя цяжкія хворыя. Так што рэабілітацыйны эфект ад спелеалячэбніцы — надзвычайны!


Цёплыя словы пацыентаў, прызнаецца Юлія, заўсёды прыемна чуць. Тым больш што работнікі спелеалячэбніцы да кожнага падыходзяць індывідуальна, імкнучыся ўлічыць усё да дробязей.

— У тых, хто перанёс пнеўманію, часта ёсць хранічныя захворванні, сярод якіх і сардэчна-сасудзістыя, і цукровы дыябет. Такім пацыентам лекары прызначаюць не ўсё: напрыклад, фізіяпрацэдуры можна адкласці да поўнага аднаўлення. Рэабілітацыя для іх больш працяглая, аблегчаная: дыхальная гімнастыка, наведванне спелеапакоя. Задача такая: каб кожны з’ехаў дадому, адчуваючы сябе цалкам здаровым.


— Як вы, Юлія, адпачываеце ад працоўных будняў? Усё-ткі гэты год з-за распаўсюджвання каронавіруса для медыкаў няпросты…

— І мой малады чалавек, і я любім актыўныя віды спорту: гуляем у пляжны валейбол, купаемся ў Прыпяці. Хутка адпачынак, паеду на малую радзіму, да бацькоў, там і адпачну, — усміхаецца Юлія.

Будынак Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння.

shimuk@sb.by

У ТЭМУ

У спелеалячэбніцы — юбілей

Наталля ДУБОВІК, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, расказала, што першы пацыент паступіў у Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння 30 гадоў таму:


— З канца красавіка рэабілітуем усіх, хто перанёс пнеўманію, асацыіраваную з COVID-19. Каля 400 чалавек з усёй Беларусі аздаравіліся ва ўнікальнай установе, дзе ў барацьбе з наступствамі віруса выкарыстоўваюць гаючыя ўласцівасці паветранага асяроддзя спелеакліматычных (саляных) камер.

З канца красавіка тут ажыццяўляецца ранняя стацыянарная медыцынская рэабілітацыя для тых, хто перахварэў на каронавірусную пнеўманію. Пераважна ў бальніцу паступаюць жыхары Мінскай вобласці, але ёсць і з іншых рэгіёнаў. Згодна з клінічным пратаколам, пацыенты атрымліваюць розныя рэабілітацыйныя мерапрыемствы. Тым, хто перахварэў на каронавірусную пнеўманію, прызначаюцца дыхальная гімнастыка, дазіраваная лячэбная хадзьба, фізіятэрапеўтычныя працэдуры. Узрост нашых пацыентаў — ад 18 да 65 гадоў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter