Матуліна любоў бясконцая... Амаль у трыццаць гадоў яна ўпершыню зведала шчасце мацярынства і адразу стала матуляй у квадраце

Ганна Іванаўна — мама ў квадраце. Ласкавым словам “матуля” яе называе не толькі маленькі сынок, але і... сябры, знаёмыя, сваякі, калегі па працы. Жанчына жартуе: “Я нават для мужа стала мамай!” Дарэчы, у такой незвычайнай з’явы ёсць даволі банальнае тлумачэнне: па пашпарту яна Ганна Матуліна. Спецыяльна да Дня маці мы наведалі “матулю для ўсіх” і пацікавіліся, як жывецца жанчыне з такім нестандартным прозвішчам.

“Надакучыла быць жалезнай бранёй!”

— Толькі не трэба мяне фатаграфаваць — мая сціплая асоба да вялікай увагі не прывыкла, — адразу з парога папярэдзіла  Ганна Іванаўна. — А Матулінай я стала пасля замужжа. Да гэтага была...Суботай. Як бачыце, мне шанцуе на прозвішчы  “с изюминкой”. Помню, усё юнацтва ў мой адрас гаварылі: не дзяўчына — свята! Неяк мы з мужам шукалі нашых цёзак. Адразу думалі, што зможам знайсці іх толькі ў Беларусі. Аказваецца, Матуліны жывуць нават у Расіі. Вось табе і беларускае прозвішча па гучанню. Але ўсё роўна яно вельмі рэдкае. Нават у Мінску ці знойдзеце вы нашых “клонаў”.
З Вячаславам Матуліным Ганна пазнаёмілася акурат на 14 лютага, у Дзень усіх закаханых. Каханне ўварвалася ў яе жыццё тады, калі яна яго ўжо зусім не чакала.
— У мяне быў цяжкі перыяд, — з горыччу ў голасе ўспамінае Ганна Матуліна. — Лёс склаўся такім чынам, што мне прыйшлося пачынаць жыццё з чыстага ліста. Аднойчы я зразумела: у штодзённай руціне дзён трэба нешта мяняць. І памяняла ўсё. У дваццаць чатыры гады звольнілася з працы, пакінула любімых вучняў, бацькоў, родных і пераехала з маленькага пасёлка Гродзенскай вобласці ў сталіцу. Усе мае знаёмыя круцілі пальцам ля скроні: як так можна?! А я рызыкнула! Тыя першыя тыдні ў Мінску сталі для мяне сапраўднай школай выжывання. У сталіцы ў мяне не было ні знаёмых, ні сваякоў... Не было нават дзе жыць. Але я з маленства прывучана да думкі: цяжкасці для таго, каб іх пераадольваць. Узяла сябе ў рукі — і ўперад. Знайшла кватэру, працу. Безумоўна, было нялёгка. Мне, педагогу па адукацыі, прыйшлося першы час працаваць на рынку.  Асабістага жыцця таксама не было. Раніцай у адзіноце збіралася на працу, увечары клалася ў халодную пасцель. Захварэеш — нават прыгрэць няма каму, шклянку малака падаць... А час бязбожна цікаў. Знаёмствы былі, але я адчувала, што гэта ўсё не тое. Мне хацелася бачыць побач моцнага мужчыну — немагчыма ж заўсёды быць “жалезнай бранёй”. Мы сустрэліся з Вячаславам, калі мне было 28 гадоў. Ужо ў першы дзень знаёмства ён сказаў мне: “Ты будзеш маёй жонкай!” Тады я толькі пасмяялася: рамантычнае свята — гуллівы настрой. Хто ж ведаў, што праз некалькі месяцаў для нас будзе гучаць марш Мендэльсона...

У шчасця ёсць імя

Калі Ганна паведаміла Вячаславу, што ў іх будзе дзіця, ён быў на сёмым небе ад шчасця.
— Да мяне ў мужа былі другія жанчыны, а вось дзеці не атрымліваліся, — дзеліцца патаемным Ганна Іванаўна. —  Слава стаў думаць, што прычына ў ім. Нават мяне папярэджваў: у гэтай справе у нас можа быць фіяска. Але наш Мікітка не прымусіў сябе чакаць. Так я стала паўнацэннай Матулінай.
Цікава, што кожны раз урачы прагназіравалі сям’і Матуліных дзяўчынку, а нарадзіўся хлопчык.
— Чакалі матуліну дачушку, атрымаўся матулін сынок, — гаворыць Ганна Іванаўна. — Ён у нас хлопчык ласкавы, добры. Калі Мікіта прызнаецца нам у каханні, мы з мужам за жываты хапаемся. Кажа: “Мама, я кахаю цябе далікатна, а цябе, тата, моцна!” Іншым разам на працы так стомішся (зараз Ганна працуе майстрам на УП “Зеленбуд”. — Аўт.), што здаецца святла не бачыш, а малеча падыдзе да цябе, абдыме, слова ласкавае скажа — і быццам сонейка ўсміхнецца. Нездарма кажуць: дзеці — гэта шчасце, якое глядзіць табе ў вочы.
У Ганны і Вячаслава ёсць мара. Ім вельмі хацелася б, каб у іх было трое дзяцей.
— Але не такія мы ўжо і маладыя для такой “праграмы”, — смяецца Ганна Матуліна. — Разам з тым я заўсёды захапляюся жанчынамі, у якіх шмат дзяцей. Выгадаваць адну асобу — цяжкая праца, а падняць на ногі пяць, дзесяць, дванаццаць... дзяцей — сапраўдны подзвіг. Але я лічу, што ў выхаванні дзіцяці абавязкова павінен удзельнічаць бацька. Ніхто не можа замяніць маленькаму тату. Ніхто не можа дапамагчы жонцы так, як муж. У мяне была сітуацыя, калі адразу пасля родаў я трапіла ў бальніцу. Іншая жанчына была б у паніцы. Што будзе з маленькім? Хто яго будзе карміць, апранаць? А я не баялася. Ведала, што Слава справіцца. Цікава, што Мікітка першае слова сказаў не “мама”, а “тата”. Сына мы выхоўваем і ў пяшчоце, і ў строгасці. У першую чаргу жадаем, каб ён вырас сапраўдным мужчынам — моцным, мужным, упэўненым у сабе. З’явіцца дачка — будзем ужо шукаць іншыя падыходы. Я абавязкова навучу яе ўсім жаночым прамудрасцям: шыць, вязаць, вышываць... Можа, ёй спадабаецца і яшчэ адно маё захапленне — ландшафтны дызайн. Карацей, будзем ляпіць з яе сапраўдную Матуліну.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter