Маладосць у... 500 год

Хойнікi адзначаюць 500 год з часу першага згадвання ў хронiках

За сваю шматвекавую гісторыю хойніцкая зямля перажыла нямала значных падзей

З 24 жніўня ў Хойніках праходзяць святочныя мерапрыемствы з нагоды 500-гадовага юбілею з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах аб гэтым населеным пункце Гомельшчыны. За сваю шматвекавую гісторыю хойніцкая зямля перажыла нямала падзей, як шчаслівых, так і трагічных, адзначылі ў прывітанні, звернутым да хайнічан, кіраўнікі Гомельскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Дворнік і Марына Бондар. Пераломным момантам у лёсе маляўнічага кутка Палесся стала катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Між тым мінулы час даказаў, што гэты край насяляюць моцныя духам, мэтанакіраваныя і рашучыя людзі, здольныя ствараць шчаслівую будучыню для сваёй малой радзімы...

З нагоды юбілею асноўны дзень святкавання — суботні — распачнецца з богаслужэння ў мясцовай Пакроўскай царкве. На гарадской плошчы затым да гараджан звернецца старшыня райвыканкама Аляксандр Ціток, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў і замежных дэлегацый, запрошаных на свята. Яркім момантам святочнага старту стане прылюднае ўручэнне атрыбутаў звання «Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёна» бронзавай прызёрцы ХХХ летняй Алімпіяды ў Лондане па грэблі на байдарках Вользе Худэнка, а таксама сям’і хайнічан Старавойт. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Чарняўская, у мясцовага прадпрымальніка Дзмітрыя і яго жонкі Наталлі, настаўніцы замежнай мовы, сын Акім таксама «юбіляр» — ён нарадзіўся акурат напярэдадні 500-годдзя райцэнтра. На плошчы таксама пройдзе афіцыйнае гашэнне паштовай маркі «Хойнікі—500 год», тут выступяць аркестр і рота ганаровай варты вайскоўцаў. Затым эстафету святкавання прымуць мастацкія калектывы. Удзельнікаў свята захопяць не толькі відовішчным фаер-шоу, песнямі беларускай зоркі Ніны Багданавай, заслужанага калектыву рэспублікі «Скарбонка» з Гомеля, агнём танцаў цыганскага тэатра «Джыпсі бэнд» і шоу-балета «Флай», але і самабытнымі выступленнямі самадзейных калектываў з Украіны ў гарадскім амфітэатры. У гарадскім парку тым часам разгорнуцца імправізаваныя сельскія падвор’і, запрацуюць майстэрні горада майстроў, прапануюць прысмакі і тавары на любы густ кааператары. Цікавую праграму прыдумалі арганізатары свята і для маленькіх жыхароў Хойнікаў. Словам, Хойнікі, старажытныя і ў свае 500 год на дзіва маладыя, запрашаюць гасцей на свой грандыёзны фэст.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter