Магазінчык на даму...

Што з намі робіць гарэлка, у якія «нетры» засмоктвае?

Што з намі робіць гарэлка, у якія «нетры» засмоктвае?

Былі са знаёмым у яго бабруйскай сваячніцы. Яна выставіла на стол у якасці пачастунку самаробнае віно з чарнасліву і парэчак. Патрохі смакуем, вядзём няспешную гутарку.

«Дык вам, можа, чаго мацнейшага даць? — раптам звяртаецца гаспадыня. — У мяне цэлы магазін!» — «Як магазін, — не зразумелі мы, — гандлюеце на даму, ці што?» — «Якое там. Мне, адзінокай, даюць па пляшцы-дзве на захоўванне жанчыны з усяго пад’езда...»

І ўспомніўся мне факт з жыцця адной сям’і ў маіх родных Бортніках. Маладая жанчына так уцягнулася ў п’янку, што выблытацца з яе не магла... Карову, каб мець грошы на прапой, здала ў прыёмны пункт. Муж нават і не ведаў. «А дзе рагуля? — пытаецца. — У хляве няма...» — «Ды прыйдзе, мо дзе заблудзiла». Гаспадыня грошы атрымала і сама ў вусцiлку. Муж, вядома ж, падаў на развод.

Пакрысе співаемся... У чым прычына? «Чым заняцца?» — «Бяжы за пляшкай!» Ніякіх высокіх мэт: стограмоўка, селядзец, луста хлеба. У апошні час грамадскасць павярнулася да набалелай праблемы. Ёсць станоўчыя прыклады яе вырашэння. Напрыклад, у СВК «Радзіма» Бялыніцкага раёна калі не п’еш і без шкодных звычак — атрымаеш даплату, а злоўжываеш — патураць з гаспадаркі.

Тое ж самае можна сказаць і пра некаторыя іншыя арганізацыі. Аднак гэта пакуль астраўкі барацьбы з такім небяспечным злом. Думаецца, патрэбны больш рашучыя меры з боку дзяржавы і адпаведных структур. І перш за ўсё гаворка павінна ісці пра змяншэнне вытворчасці таннага віна, названага ў народзе «чарнілам».

Аматары закінуць за каўнер выдумшчыкі яшчэ тыя! Прыкра ўспамінаць аднаго майго калегу, якога жонка зачыняла ў кватэры на пятым паверсе: «Ну цяпер ужо не вып’еш!»

Дык што ён рабіў? Тэлефанаваў хаўруснікам, чырвананосай браціі, і тыя яму торбу з, даруйце, пойлам пры дапамозе шнурка наверх падцягвалі. Прыходзіць жонка, а муж ужо гатовенькi. Тая не можа і зразумець: адкуль што ўзялося?..

Колькі ведаю людзей, якія перамаглі саміх сябе і гадамі не дакранаюцца да чаркі: знiмаю шапку перад такімі!

Адным словам, усе сілы трэба кінуць на тое, каб сказаць п’янству рашучае «не». Мы жывём у час, калі надаецца ўвага высокаадукаванай, гарманічна развітай асобе, якая ведае, куды скіраваць свой патэнцыял, — на заняткі ў гуртках мастацкай самадзейнасці, разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы, далучэнне да культурных, гістарычных каштоўнасцей... Любы спосаб прымальны, калі ён адварочвае чалавека ад згубнай звычкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter