Людзi i лебедзi

Гэты ўчастак ракі ў раёне бабруйскага Фарштата ніколі не замярзае. Нават у самыя лютыя марозы метр-паўтара вадзяной плыні застаюцца нечапанымi. Мабыць, яму «дапамагаюць» гарадскія прадпрыемствы, якія пасля выкарыстання скідваюць падагрэтую ваду ў раку. Так ці інакш, мясціну аблюбавалі дзікія качкі. Дзесяткамі тут мосцяцца. Усю зіму вось так. А навошта куды адлятаць, калі, як на тым поўдні, удзячныя жыхары яшчэ і корму нанясуць – растлусцець можна! Прызвычаліліся. Сваімі лічаць фарштацкія берагі. Самы цяжкі час перабудуць, а потым, з пацяпленнем, можна адасобленыя закуточкі шукаць, каб вывесці новае патомства. Дык жа не адны толькі качкі знайшлі сабе тут прытулак, а яшчэ і лебедзі. Гадоў з пяток таму іх некалькі пар зімавала. Белыя і шэрыя. Трохі спрачаліся за тэрыторыю, але на людзей гэта не выносілі. Бо ведалі: у тых сваіх клопатаў хапае. А тым больш іх падкормлівалі. Прызвычаліліся да людзей. “Мой дом, — расказвае фарштацкая жыхарка Вера Арэшка, — адзін з самых блізкіх да ракі, дык лебедзі з самай раніцы – да нашай каліткі: маўляў, частуй, гаспадыня, не скупіся!” Толькі ж аднаго разу чыясьці злосная рука (з чужых, пераканана Вера Міхайлаўна) узнялася на безабаронных птах, — няма іх і няма... Праз колькі дзён “пастукаўся” да Арэшкi, нібыта просячы паратунку, адзін лебедзь. На шыі ў яго быў бачным густа прапітаны крывёю чырвоны рубец... І вось неяк у пачатку сакавіка той адзінокі лебедзь (Арэшка пазнала яго па рубцы) вярнуўся зноў. Напрасцяк да знаёмай каліткі... Гаспадыня кінулася ледзь не абдымаць птаха! І цяпер беражэ, просіць, каб не чапляліся да яго. Ды той і сам пераборлівы, не кожнаму дасца ў рукі. Хаця ахвотнікаў завесці з птушкай сяброўства шмат — i дарослых, і дзяцей. Калі б толькі яны! Дык жа яшчэ і хатнія жывёліны, сабакі ды каты наведваюцца. Стаяць, выглядваюць. Праўда, у іх і свае інтарэсы – падабраць тое, што засталося пасля кармлення лебедзя. Начуе горды птах на процілеглым беразе ракі: там больш бяспечна. А ранкам – за новай порцыяй пачастункаў. Трэба ж выбраць сваё – столькі адсутнічаў! Аднак лебедзь, можа, і не паказаўся б на фарштацкім “поўдні”, калі б не згледзеў даволі аб’ёмных памераў шыльдачку з надпісам: “Правілы паводзін чалавека на прыродзе”, якую ўстанавілі адпаведныя службы. Значыць, у падтрымку жывёльнага свету і яго самога! Жартуем, канешне. Але ёсць тут і доля праўды. Прыроду, яе насельнікаў трэба засцерагаць ад нядобрых людзей. Тым болей калі адляцяць лебедзь, дзікія качкі, на змену ім з’явяцца не менш прыгожыя буслы, іншыя птушкі – маляўнічы куток пуставаць не будзе на нашу агульную радасць!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter