Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Таленавіты ўраджэнец Аршанскага раёна Вячаслаў Заранкоў — адзін з аўтараў лібрэта балета “Орр і Ора”, сусветная прэм’ера якога прайшла ў Вялікім тэатры Беларусі

Любоў зямная і нябесная

З тэкстаў у чэрвеньскім нумары часопіса “Партер”, які выдаецца ў тэатры, можна даведацца: менавіта Вячаслаў Заранкоў напісаў апавяданне “Арлы і людзі”, на аснове якога створана лібрэта — своеасаблівая сюжэтная лінія балета. Дарэчы, сюжэт для аповеду аўтару падказала рэальнае жыццё. Неяк на Кіпры ён быў сведкам таго, як “вялікі арол прыляцеў на балкон ды стаў з сілаю біцца ў шыбу”. Вячаславу ўдалося злавіць, супакоіць птушку, а ўранні выпусціць на волю. “Аднак арол замест таго, каб зляцець, зрабіў круг ды рынуўся на балкон суседняй кватэры, разбіў шыбу і... праз некаторы час з’явіўся ўжо разам з арліцай. Птушкі паляцелі, а я паспяшаўся пазнаёміцца з суседзямі”. 

Вячаслаў Заранкоў
Фота Анікі Нядзелькі

Не будзем, аднак, пераказваць сюжэты: ні апавядання, ні балета. Бо гэта — як расказваць пра пахі... Важна іншае: зернейка задумы пайшло ў рост. Кампазітар з Санкт-Пецярбурга Міхаіл Крылоў напісаў цудоўную музыку, а лібрэта балета па матывах сваіх твораў Вячаслаў Заранкоў зрабіў сумесна з харэографам, балетмайстрам-пастаноўшчыцай Аляксандрай Ціхаміравай. Яна ж — таксама з Піцера. Увогуле, як казаў кампазітар у нядаўнім інтэрв’ю для радыё Sputnik Беларусь, балет пачынаў стварацца на аснове маладога піцерскага тэатра “К Элизе”. Ды неяк Вячаслаў Заранкоў падзяліўся з кампазітарам марай: хочацца, каб прэм’ера прайшла на яго Радзіме. Прычым спачатку Крылоў і Заранкоў прывезлі ў Мінск іншы балет, раней створаны імі ў суаўтарстве. У працэсе перамоваў Вялікі тэатр Беларусі зацікавіўся якраз балетам “Орр і Ора”, хоць з яго былі адно што разрозненыя фрагменты партытур.

Кампазітар нагадаў: Аляксандра Ціхамірава, балетмайстар, танцавала раней у Марыінскім тэатры, потым закончыла Пецярбургскую кансерваторыю, цяпер працуе ў Мінску. А выдатную сцэнаграфію зрабіў чацвёрты творца з Піцера — Вячаслаў Окунеў. Ён штатна — у Марыінскім, аднак працаваў і ў Ла Скала, і на іншых сусветных пляцоўках. Па кантракце Окунеў працуе і з Мінскам. “А чыста балетную форму мне дапамог стварыць беларускі кампазітар і аранжыроўшчык Алег Хадоска”, — удакладніў Міхаіл Крылоў. Ён жа заўважыў, што ў планах стваральнікаў — паказаць новую балетную пастаноўку ў розных гарадах ды краінах.

Ведаючы пра тыя планы, можна й не здзіўляцца, чаму ролю Орра, мужчынскую, выконваюць у розных саставах ажно 6 танцораў: Ігар Аношка, Арцём Банькоўскі, Канстанцін Геронік, Такатошы Мачыяма, Мікіта Шуба, Алег Яромкін. А ў жаночую ролю Оры цяпер ужываюцца ўвогуле 9 балерын: Кацярына Алейнік, Вераніка Аўчыннікава, Первана Мырадава, Вікторыя Трэнкіна, Надзея Філіпава, Людміла Хітрова, Аляксандра Чыжык, Яна Штангей, Ірына Яромкіна. Некаторыя з гэтых танцораў, дарэчы, стаяць у праграмцы і як выканаўцы роляў адпаведна Мужчыны і Жанчыны. А іншыя салісты, артысты балета ствараюць розныя масавыя вобразы: гэта Людзі-коканы, Госці на вяселлі, “Шэрыя” людзі, Наведнікі клуба, а таксама Прывіды і Птушкі... 

Балет “Орр і Ора” — надзвычай сучасны, але ж і надчасавы. Па словах Вячаслава Заранкова, стваральнікі пастаноўкі паспрабавалі данесці гледачам думку пра тое, что кожны чалавек мае права быць шчаслівым, любіць і быць каханым: “Для гэтага ж мы павінны ўмець прабачаць, імкнуцца да свайго шчасця і рабіць для таго ўсё магчымае, чуйна прыслухоўвацца да поклічу свайго сэрца, да свайго сумлення і розуму”.

Ролі Оры і Орра выконваюць Вікторыя Трэнкіна і Мікіта Шуба
Фота Паўла Баса

І хоць паводле лібрэта Орр і Ора ў балеце — гэта арол і арліца, ды ўсё ж часам па ходзе спектакля мне падавалася: яны ўвасабляюць Любоў. Самую высокую, тую, што называюць Боскаю. Прычым праяўляецца яна ў свеце людзей у дзвюх іпастасях: мужчынскай і жаночай. А другая пара салістаў — гэта якраз зямныя, але ўсё ж не “заземленыя” ў шэрасць паўсядзённасці Мужчына і Жанчына. Жывучы ў зямных рэаліях, яны вядома ж, не заўсёды здольныя ўтрымлівацца на “вышыні палёту” Орра ды Оры, у нябачных энергетычных плынях Міласэрнасці, Дабрыні, Спагады, Прабачэння. Што ж, усё нашае жыццё — толькі шлях да Гармоніі, да Святла. І стваральнікі балета сцвярджаюць: нягледзячы ні на што, гэты напрамак руху — блаславёны.

Голас Радзімы № 26 (3530), чацвер, 13 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter