Лукашэнка: наш шлях – мацаванне незалежнасці, клопаты пра будучыню, пра захаванне ў чалавеку чалавечага

Прэзiдэнт, выступаючы сёння на цырымонii ўручэння прэмii «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, адзначыў, што беларусы заўсёды па-асабліваму ставяцца да людзей, якія ўмеюць ствараць нешта незвычайнае, што радуе вока і сагравае душу:


– Да тых, хто, не шкадуючы часу, узбагачае культуру, захоўвае гістарычную спадчыну, выхоўвае моладзь. Да такіх, як вы, паважаныя лаўрэаты.

Па словах Лукашэнкi, лаўрэаты прэмiй абралi справай жыцця пачэсны абавязак захоўваць хараство прыроды, чалавечую існасць і культуру:

– Кожны з вас уносіць адметны ўклад у скарбонку нацыянальных традыцый, мастацтва і асветы нашай краіны. Вельмі важна, што значная частка праектаў, якія сёння адзначаны прэміямі, звязаны з захаваннем гістарычнай памяці і фарміраваннем грамадскага светапогляду ў юнага пакалення. Больш таго, сама моладзь з вашай дапамогай актыўна ўдзельнічае ў дабрачыннай і валанцёрскай дзейнасці, займаецца пошукам загінулых герояў вайны, аднаўленнем імён і ўвекавечваннем іх подзвігаў. У наш лічбавы век, калі як вялікую мару будучыні вызначаюць бяздушны свет штучнага інтэлекту, а нармальны жывы дыялог людзей замяняюць сацыяльныя сеткі, вашу працу інакш як выратаваннем чалавецтва не назавеш.

Прэзiдэнт таксама нагадаў, што разам з прэміямі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльнымі прэміямі сёння па добрай традыцыі ўручае прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» атлетам і трэнерам, якія праслаўляюць Беларусь на міжнародных арэнах і на ўласным прыкладзе дэманструюць перавагу здаровага ладу жыцця.

– Кожны з вас, паважаныя лаўрэаты, – вялікі талент. Вы сваёй дзейнасцю, сваім жыццём сцвярджаеце простую ісціну: мастацтва, творчасць, спорт, грамадская дзейнасць павінны быць высокамаральнымі і стваральнымі. Вы патрыёты па ўчынках, сапраўдная народная інтэлігенцыя па духу, для якой любоў да Радзімы – перш за ўсё служэнне ёй, прага зрабіць родную краіну прыгажэй. Вы прыклад для іншых, як разуменне таго, што толькі стваральная праца вядзе дзяржаву да росквіту, а прызначэнне грамадзяніна заўжды і ва ўсе часы – абарона і будаўніцтва Айчыны. Толькі такія справы ўзбагачаюць чалавека і вядуць яго да вяршыняў духу, прымушаюць імкнуцца да святла, несці яго іншым, – адзначыў Прэзідэнт.

Па словах кiраўнiка дзяржавы, наш шлях – мацаванне незалежнасці, клопаты пра надзённае і будучыню, пра захаванне ў чалавеку чалавечага.  
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter