Лiпы, мёдам багатыя

У жыццё беларускага селянiна яны ўвайшлi як жывыя iстоты

У жыццё беларускага селянiна яны ўвайшлi як жывыя iстоты

З самага ранняга дзяцiнства i па сённяшнi дзень у маiм сэрцы захавалiся асаблiвая любоў, замiлаванне i, не баюся гэтага слова, шчырая павага да лiпы. Хаця, чаму толькi ў мяне? Думаю, такое пачуцце ўласцiва кожнаму, хто нара-дзiўся i шмат часу правёў у вёсцы. Спакон вякоў гэтае дрэва жыве побач з вяскоўцамi, дый першае месца займае пры азеляненнi вялiкiх гарадоў i прамысловых цэнтраў.

Для мяне асабiста лiпа – дарагi i хвалюючы ўспамiн пра дзяцiнства. Вiдаць, таму, што ўжо тады я бачыў i адчуваў, як гэтае дрэва тулiцца да людзей. I ў сваю чаргу нашы вяскоўцы адносiлiся да яго так, без чаго не магло быць поўнай iдылii нашага жыцця, незвычайнай асалоды, а значыць, i вобраза вёскi. Пасля вайны ў маiх родных Пешках, калi стваралiся калгасы, людзi iмкнулiся найбольш рацыянальна выкарыстоўваць кожны лапiк зямлi. Бо сваёй iм пакiнулi зусiм мала, агарод, на якiм асаблiва не разгонiшся. I ўсё ж для лiпы знаходзiлi месца – перад хатамi каля вулiцы, на ўзмежках…

Але ж з вайны лiп у нашай вёсцы амаль не засталося. Яны згарэлi, як i ўсе пабудовы, калi карнiкi двойчы палiлi нас за сувязь з партызанамi. Дзякуй Богу, адна выжыла. Яна расла на самым вясёлым месцы ў цэнтры вёскi, свабодна i прасторна, далёка ад хат, i пякучы агонь у час пажару не дабраўся да яе. Лiпа была старая, нiхто на яе не прэтэндаваў, словам, нiчыя. А калi больш правiльна, дык агульная для ўсёй вёскi i яе жыхароў. Вельмi ўжо прыгожая: тоўсты, моцны ствол, кучаравая, разве-сiстая, уся ў мякка-зялёным пяшчотным колеры крона. Летам ў святы, а то i вечарамi моладзь тут ладзiла гулянкi, вясковыя аматары iгралi на скрыпцы, звiнелi песнi. Хоць i цяжкi быў час, але вёска гуляла вяселлi, нараджалiся дзецi. Словам, жыццё iшло сваёй чаргой. I лiпа рэдка калi была адзiнокай або сумавала, яна вабiла да сябе хлапцоў i дзяўчат. I ўсе былi ёй удзячныя за тое, што праз цяжкiя ваенныя гады зберагла сваю прыродную прыгажосць i пяшчоту, каб радаваць людзей.

Але ж самае цiкавае пачыналася ў канцы чэрвеня, калi лiпа расцвiтала. Такi перыяд цягнуўся тыднi два, i вакол лiпы стаяў цудоўны водар, падобнага на якi ў нашай вёсцы больш нiчога не было. Гэты водар разыходзiўся далёка вакол дрэва, ён нават перабiваў горкi пах папялiшчаў, на якiх людзi яшчэ не паспелi паставiць хаты.

I адразу на лiпу зляталiся пчолы, бо, дзякуй Богу, некаторыя мужыкi ўжо займелi вуллi. Пчол было столькi, што крона ажно гудзела. Магутнае дрэва шчодра аддавала пчолам свой салодкi нектар. Мы ж, вясковыя хлапчукi, цешылiся з такой праявы, гойсалi вакол дрэва i спявалi просценькую, але пяшчотную песеньку, якой нас навучылi дарослыя: “Вось i лiпа зацвiла, людзям радасць прынясла. Пчолкi здорава працуюць, мёд на зiму нам гатуюць”. I сапраўды, зiмою тыя вяскоўцы, якiя трымалi пчол, частавалi нас мёдам. Тоненька намазвалi яго на лустачку хлеба – i якi гэта быў смак, тым больш у пасляваенную пару. Канешне, мы тады не ведалi, колькi такой незвычайнай смакаты маюць лiпы. Потым ужо я прачытаў, што адно дарослае дрэва можа выдзяляць да 16 кiлаграмаў нектару. Гектар лiп, якiя цвiтуць, прыносiць звыш тысячы кiлаграмаў цудоўнага мёду, якi валодае каштоўнымi лекавымi ўласцiвасцямi. Словам, з поўным на тое правам лiпа заваявала сабе званне нашага галоўнага меданосу, нездарма ж яе называюць мядовым дрэвам.

А тыя самыя кветачкi, якiя распускаюцца i вiсяць на галiнках лiпы нiбы завушнiцы, – даўнi народны лекавы сродак. Нашы вяскоўцы iм лячылi самыя розныя захворваннi, i ў першую чаргу прастуду. I цяпер памятаю, калi зiмою мяне душыў кашаль, дык мацi варыла чай з тых самых кветачак, я пiў яго гарачым, удыхаў цудоўны водар, адчуваў, як прыемнае цяпло разыходзiцца па ўсiм целе, надае мне сiлы. Мацi абавязкова паiла мяне такiм чаем перад сном, i так шчодра, пакуль я не пацеў. Пасля вайны такая лячэбная працэдура была ў нашай вёсцы адзiнай i самай эфектыўнай пры прастудзе.

Мацi даражыла кожнай такой кветачкай, бо пасаджаныя лiпы яшчэ толькi набiралi сiлу i цвiлi мала. Што ж датычыць той, старой, дык рваць на ёй кветачкi было даволi складана. Неяк абiралi самыя нiжнiя галiнкi, вершалiна ж заставалася амаль некранутай. Праўда, самыя ўвiшныя з нас спрабавалi дабрацца i туды, лазiлi па галiнках, рвалi кветачкi i кiдалi iх за пазуху, але ж такi занятак быў небяспечны. Не дай божа, зломiш галiнку.

Канешне, мы тады не думалi аб такiх высокiх матэрыях, як праблемы экалогii, але ж беражлiвыя адносiны да лiпы вызначалi наша падсвядомае сумленне i разуменне таго, што кожнае дрэва ў роднай вёсцы вельмi важнае i патрэбнае ёй.

Старую ж лiпу мы ўспрымалi, як шчодры падарунак прыроды. Праз тую лiпу i многае iншае, што расло навокал, радавала, прыносiла дабро людзям, у маё сэрца i свядомасць i прыйшла тады бязмежная i шчымлiвая любоў да прыроды. Яна не пакiдае мяне нiколi, i я шчаслiвы такiм адчуваннем. I цяпер, калi расцвiтаюць лiпы, абавязкова любуюся iмi. Аднойчы летам на дачах яны цвiлi незвычайна шчодра, i водар стаяў такi, быццам гэтыя дрэвы былi налiтыя мёдам. Мы рвалi кветачак столькi, колькi трэба на зiму, навошта больш.

Але ж вось што нядаўна ўбачыў на шашы, якая па абодва бакi абсаджана прыгожымi лiпамi. Пакрэмсаныя, некаторыя бездапаможна зламаныя, галiнкi ляжалi на зямлi. Зразумела, тут рвалi тыя самыя лекавыя кветачкi. Дык што ж гэта за людзi, якiя, скажам прама, па-варварску абыходзяцца з дрэвам, якое i прыносiць нам вялiкую карысць, i аздабляе нашы населеныя пункты, паркi, плошчы, вулiцы, дарогi… Якое, нiбы жывая iстота, арганiчна ўвайшло ў жыццё беларускага селянiна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter