У Александрыі выткуць купальскі ручнік і зміксуюць беларускія народныя песні

Купальская мазаiка

У суботу і нядзелю ў Александрыі выткуць купальскі ручнік і зміксуюць беларускія народныя песні. Два дні мясцовыя жыхары і тысячы гасцей з нашай краіны і замежжа будуць ад-значаць тут самае чароўнае свята года — Купалле.



«Няма часу размаўляць, у нас тут ідзе актыўная падрыхтоўка, — на хвілінку адрываецца ад спраў Аляксандр Шарстнёў, старшыня Алексан-дрыйскага сельскага выканаўчага камітэта. — Зараз найбольш актыўнічаюць прадстаўнікі гандлю: афармляюць кропкі продажу. У пятніцу пачнуць з`язджацца рамеснікі і артысты, ну а першых гасцей чакаем раніцай 4 ліпеня. Плануецца, што да нас прыедзе ажно 70 тысяч чалавек».

На ціхіх вясковых вуліцах, кажуць мясцовыя, адразу стане шумна і шматлюдна. Паўсюль загучыць музыка. Афіцыйна адкрыццё свята «Александрыя збірае сяброў» запланавана на суботу на 14.10. У гэты час на малой пляцоўцы пачнецца канцэрт «Маладосць. Традыцыі. Будучыня». Паралельна ў аграгарадку будуць працаваць выставы-ярмаркі і экспазіцыя «Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя».

Цікава, што галоўнымі дзеючымі асобамі гулянняў гэтым летам стануць маладыя людзі. Шмат хлопцаў і дзяўчат значыцца сярод артыстаў і рамеснікаў.

«Думаю, нашым гасцям вельмі спадабаецца праект «Купальская мазаіка». Гэта свайго роду пляцоўка, дзе пройдуць майстар-класы па саломапляценні, ганчарстве, кузнечнай справе, — пералічвае Алена Баброва, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. — А на занятках па ткацтве людзі нават змогуць самі паўдзельнічаць у стварэнні купальскага ручніка. Працаваць над ім майстры і іх госці-памочнікі будуць два дні». 

Якой велічыні атрымаецца гэткая прыгажосць, невядома. Але арганізатары сцвярджаюць, што нітак яны закупілі вельмі шмат. 

Ну а пасля працы можна і падмацаваць сілы. Тут вам, калі ласка, святы хлеба, квасу, мёду і нават сала. Уключаны ў праграму выстава племянной жывёлы, выступленне навучэнцаў конна-спартыўнай школы, а таксама нумары лётчыкаў і парашутыстаў Магілёўскага аэра-   клуба. 

«Наша прадстаўленне расцягнецца больш чым на паўгадзіны і ўключыць як групавыя, так і адзіночныя палёты, — кажа Пётр Калтуноў, намеснік кіраўніка — кіраўнік штаба Магілёўскага аэраклуба. — Выконваць разнастайныя элементы хлопцы будуць на Як-52 і Як-55. Пасля лётчыкаў на пазіцыю выйдуць парашутысты. Тут, дарэчы, будзе адзін вельмі эфектны скачок. Уявіце, у блакітным небе парашутыст з вялізным беларускім сцягам. Даўжыня палатна, каб вы ацанілі маштабы, прыблізна дзесяць метраў, а шырыня — пяць».

Але і гэта не ўсе сюрпрызы. У 21.30 на цэнтральнай пляцоўцы пачнецца мюзікл «Папараць-кветка». Дарэчы, музычны спектакль тут прэзентуюць упершыню. «Па сюжэце святочныя агенцтвы змагаюцца за тое, каб прапанаваць лепшы сцэнарый святкавання Купалля. І нечакана для ўсіх паміж іх кіраўнікамі ўспыхвае каханне. Пра тое, што здарылася далей, даведаецеся ўжо ў Александрыі, — інтрыгуе Юлія Дуброўская, прэс-сакратар тэлеканала АНТ. — У пастаноўцы будзе шмат вогненных спецэфектаў, вялізных дэкарацый. А скончыцца ўсё феерверкам».

Далей у праграме — рыхтуйце сілы — дыскатэка. Танчыць арганізатары прапануюць ажно да трох ночы. Цікава, што каб падтрымаць каларытнасць свята дыджэі паспрабуюць зміксаваць беларускія нацыянальныя песні.

У нядзелю гулянні працягнуцца. Вось толькі біты зменіць больш павольная музыка. У другой палове дня перад гледачамі выступяць артысты Магілёўскай абласной філармоніі. 

Словам, забаву па душы ў гэтыя выхадныя ў Александрыі знойдзе сабе кожны. Таму рыхтуйце чамаданы і збірайцеся на Магілёўшчыну. Тым больш што чыгунка нават дадатковыя цягнікі сюды 4—5 ліпеня пусціла.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter