В Минске проходит неделя белорусской кухни

Кумпячок свіны ды з журавінамі

Рэстараны і кафэ Мінска будуць радаваць наведвальнікаў адмысловымі стравамі беларускай кухні да канца тыдня
Рэстараны і кафэ Мінска будуць радаваць наведвальнікаў адмысловымі стравамі беларускай кухні да канца тыдня. У кулінарнай акцыі ў гэты раз удзельнічае 31 аб’ект грамадскага харчавання. Карэспандэнт «Р» наведала некалькі з іх, каб пакаштаваць тое-сёе з адмысловых страў ды і паглядзець, як ставяцца да іх госці?


У адным з рэстаранаў Цэнтральнага раёна сталіцы ўжо на ўваходзе можна ўбачыць афішу Тыдня беларускай кухні. На кожным століку — меню акцыі, а на пытанне, што лепш заказаць, афіцыянт запэўнівае: «Смачна ўсё». Спрабую. Свіны кумпяк у журавінавым соусе з бульбяным пюрэ смачны, скажу шчыра, да немагчымага. Порцыя вялікая, ледзьве яе адолела, і сытная. Каштуе такое задавальненне 85 тысяч рублёў.

Дайшла, хаця і цяжкавата пры гэтым дыхалася, да рэстарана на праспекце Незалежнасці, які даўно пазіцыянуе сябе ўстановай з вялікай колькасцю беларускіх страў. Боршч па-віленску за 25 тысяч рублёў, запэўніў афіцыянт, зараз карыстаецца вялікім попытам. Заказваю і я.


«Прабачце, чорны хлеб скончыўся», — нашу беларускую страву мне падаюць з французскімі булачкамі. Паколькі спрабаваць яе ўсё ж хацелася па ўсіх правілах, рынулася за свежым хлебам у суседні магазін. Не скажу дрэннага, было смачна, але некаторым наведвальнікам порцыя здалася занадта маленькай. Яно, можа, і мне б так падалося, але ж папярэдне з’едзены кумпяк вымушаў быць лагоднай і памяркоўнай. У час сваёй вандроўкі я яшчэ даведалася, што інгрэдыенты і спосаб прыгатавання нацыянальных страў вызначаюцца загадзя. «Важна, каб у розных установах і ад розных кухараў на стол наведвальнікаў траплялі порцыі больш ці менш аднолькавыя і з выгляду, і па смаку. Стравы не павінны адрознівацца рэцэптурай і коштам», — раскрываюць умовы акцыі ў галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.

Іду далей, але, не маючы пры сабе спіса ўстаноў харчавання, якія ўдзельнічаюць у акцыі, знайсці яшчэ адно кафэ з беларускім меню было нялёгка. Ды і той рэстаранчык, што знайшла, пра ўдзел у тыдні паведамляў сціплай лістоўкай на дзвярах. Паспрабаваць тут вырашаю селядцовыя грэнкі за 35 тысяч рублёў, рыбу пад смятаннай пад-ліўкай з прыпу-шчанай гароднінай — 65 тысяч за порцыю і кісель з журавін. Такі рэдкі ласунак на «тыдні» каштуе ўсяго 15 тысяч.

«Смачна», — падслухоўваю размову маладых людзей за суседнім столікам. Згаджаюся. Калі нацыянальная кухня так будзе прадстаўлена ва ўсіх кафэ і рэстаранах Мінска, жыхары горада і турысты застануцца задаволенымі.

Дарэчы, сакрэты спецыяльнага меню раскрыў Аляксандр Чыкілеўскі, прызнаны знаўца нашай кухні. Удзельнік грамадскага аб’яднання «Суполка кухараў», ён два гады таму стаў адным з ініцыятараў Тыдня беларускай кухні.

«На кожны такі тыдзень падбіраюцца новыя рэцэпты. У гэты раз я абапіраўся на кулінарную энцыклапедыю 1885 года», — Аляксандр спадзяецца, што пасля чарговай акцыі шэф-кухары шматлікіх рэстаранаў таксама пачнуць шукаць старадаўнія рэцэпты.

«У нас ёсць вельмі шмат рэцэптаў з вялікай гісторыяй. І іх трэба ведаць», — упэўнены шэф-кухар. Дарэчы, на мінулым Тыдні нацыянальнай кухні наведвальнікі каштавалі салат «Белавежская пушча», грыбную поліўку, бужаніну з кіслай капустай і грыбамі, курыныя зразы па-віленску і морс з вішань і журавін.

Тыдні нацыянальнай кухні, гэта, безумоўна, выдатна. Толькі чаму якасна і нядорага паабедаць па, так бы мовіць, беларуску можна толькі некалькі разоў у год? Турысты, якія жадаюць паспрабаваць нашай кухні, наўрад ці стануць сачыць за календаром або сціраць падэшвы ў пошуках беларускіх страў. 

Мне могуць сказаць, што паласавацца нашымі нацыянальнымі стравамі ў любы час можна, напрыклад, у рэстаранах, якія асцярожна называюць сваю кухню «народнай». «На жаль, яны маюць вельмі ўскоснае дачыненьне да сапраўдных беларускіх традыцый», — хвалюецца за няправільнае ўяўленне аб стравах нашых продкаў гісторык кулінарыі Алена Мікульчык. Разам з тым эксперт ўпэўнена, што цяпер як раз самы спрыяльны час адкрываць і для сябе, і для гасцей краіны разнастайную беларускую кухню.

Шчыльнасць рэстаранаў, кафэ і бараў у Мінску – дай ты рады. Дзіўна, але ў іх жа вам з задавальненнем прапануюць кітайскую ежу, італьянскую піцу або французскія дэсерты замест, напрыклад, 500 страў з бульбы. Дарэчы, нават беларускія кулінарныя тыдні пакуль прыжыліся толькі ў Мінску.

Юлія ПАПКО 

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter