Прычынаміі банкруцтва ўсе часцей становяцца антыкрызісныя кіраўнікі

Крымінальнае банкруцтва

Не сакрэт, што банкруцтва часцяком бывае крымінальным. На мой погляд, і таму, што няма належнага кантролю праваахоўных орга­наў за дзейнасцю анты­крызісных кіраўнікоў. Што перашка­джае наладзіць такі кантроль?
Мікалай ТАРАСЕВІЧ, г. Мінск

На пытанне адказвае Пётр КІСЯЛЁЎ, начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры

У мінулым годзе эканамічнымі судамі распачаты справы аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) у дачыненні да 1722 суб`ектаў гаспадарання. Па стане на пачатак гэтага года запазычанасць перад бюджэтам арганізацый, якія знаходзяцца ў працэдуры банкруцтва, склала 1,5 трыльёна рублёў.

У апошні час эканамічныя суды сутыкнуліся са шматлікімі фактамі некампетэнтнага, а часам і нядобрасумленнага вядзення спраў антыкрызіснымі кіраўнікамі. Гэтай праблеме была нададзена самая пільная ўвага на лютаўскім пасяджэнні калегіі Генеральнай пракуратуры. Генеральны пракурор Аляксандр Канюк, у прыватнасці, канстатаваў: у 2013—2014 гадах да адказнасці па ч. 8 арт. 12.13 КаАП прыцягнута 60 антыкрызісных кіраўнікоў. Узбуджана шэраг крымінальных спраў за ўчынен­не анты­крызіснымі кіраўнікамі каруп­цыйных злачынстваў.

Напрыклад, Генеральнай пракуратурай сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю праводзіцца праверка ў дачыненні да аднаго з акцыянерных таварыстваў Брэсцкай вобла­сці. У адпаведнасці з заключаным кантрактам гэты кіраўнік спраўна, у адрозненне ад работнікаў акцыянернага таварыства, атрымлі­ваў штомесячную зарплату ў памеры 26 мільёнаў рублёў. Прадпрыемства таксама арандавала яму жыллё, кампенсавала расходы на запраўку асабістага аўтамабіля. І гэта пры тым, што план санацыi акцыянернага таварыства ў 2013—2014 гадах не выконваўся амаль па ўсіх пазіцыях.

Такія прыклады не адзінкавыя. Часта аслаблены кантроль за дзейнасцю антыкрызісных кіраўнікоў як з боку дзяржаўных органаў, якія заключылі кантракт, так і з боку тэрытарыяльных органаў па санацыі і банкруцтве.

У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта аб забеспячэнні эфектыўнай барацьбы з кры­мінальным банкруцтвам Генеральная пракуратура сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі будзе прымаць больш жорсткiя меры кантролю за дзейнасцю ў гэтай сферы.

Пазыка i падаходны падатак


Многія з асцярогай і недаверам аднесліся да паведамленняў пра тое, што з гэтага года ў некаторых выпадках пазыкі будуць абкладацца падаходным падаткам. З чым гэта звязана? Калі і каму прый­дзецца раскашэльвацца? Ці давядзецца плаціць падатак, калі я пазычу, напрыклад, у сусе­да грошай да зарплаты?
Мікалай ТКАЧОЎ, г. Магілёў

На пытанне адказвае Наталля РАЖКОВА, пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці

З 1 студзеня 2015 года ўступіў у сілу Закон ад 30.12.2014 № 224-З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь». Ім вызначаны выпадкі, калі ўзятыя фізічнымі асобамі пазыкі, крэдыты могуць абкладацца падаходным падаткам. Гаворка ідзе пра  пазыкі, крэдыты, атрыманыя ад іншых фізічных асоб, якія не з`яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, замежных арганізацый, якія не ажыц­­цяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва, замежных індывідуальных прадпрымальнікаў.

Гэтыя новаўвядзенні звязаны з тым, што для некаторых грамадзян пазыковыя сродкі становяцца адной з асноўных крыніц даходу. Гаворка ідзе пра даволі буйныя сумы, што пазычаюцца чалавеку, які афіцыйна амаль нічога не зарабляе. Але гэта не значыць, што цяпер плаціць падатак давядзецца нават у тым выпадку, калі пазычыў грошай у суседа да зарплаты.

Падатковымі органамі падаходны падатак з фізічных асоб вылічваецца, калі такія пазыкі, крэдыты: падлягаюць паказванню ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці, прадстаўленай плацельшчыкам па патрабаванні падатковага органа; пазначаны ў тлумачэннях аб крыніцах даходаў, прадстаўленых плацельшчыкам па патрабаванні падатковага органа пры ажыццяўленні кантролю ў сферы дэкларавання даходаў і маёмасці, і не пагашаны (не вернуты) ім на дату прадстаўлення такіх тлумачэнняў. 

Напрыклад, грамадзянін здзяйсняе дарагія пакупкі (аб`екты нерухомасці, аўтамабілі і г. д.), але пры гэтым атрымлівае невялікую заработную плату або зусім не мае даходу, а ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці паказвае, што рабіў гэтыя пакупкі за грошы, узятыя ў пазыку ў іншай фізічнай асобы. У такім выпадку з сумы пазыкі яму прыйдзецца выплаціць падаходны падатак. Стаўка падаходнага падатку на сённяшні дзень складае 13%.

Падаходны падатак з фізічных асоб з даходаў у выглядзе пазык, крэдытаў падлягае выплаце плацельшчыкам на падставе паведамлення падатковага органа ў трыццацiдзённы тэрмiн з дня яго ўручэння. Падатковым кодэксам таксама прадугледжана, што пры поўным пагашэнні пазык, вяртанні крэдытаў выплачаны падаходны падатак падлягае заліку ці вяртанню. Для гэтага неабходна падаць заяву і дакументы, якія пацвярджаюць поўнае пагашэнне, вяртанне грошай у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік. Варта адзначыць, што падатак з даходаў у выглядзе пазык, крэдытаў не вылічваецца, калі такія пазыкі, крэдыты:

цалкам (часткова) пагашаны (вернуты) і плацельшчыкам у падатковы орган прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць факт поўнага (частковага) пагашэння (вяртання) пазык, крэдытаў. Пры частковым пагашэнні (вяртанні) пазыкі, крэдыту падатак вылічваецца з непагашанай (нявернутай) сумы такой пазыкі, крэдыту;

атрыманы ад блізкіх сваякоў: мужа і жонкі, бацькоў (усы­навiцеляў), дзяцей (у тым ліку ўсыноўленых, удачароных), родных братоў і сясцёр, дзеда, бабкі, унукаў, а таксама блізкіх сваякоў жонкі або мужа.

Гэтыя новаўвядзенні ў падатковым заканадаўстве накіраваны ў першую чаргу на выкараненне фактаў атрымання ценявых даходаў, заработнай платы ў канвертах і іншых парушэнняў падатковага заканадаўства, калі асобы, якія не маюць легальных даходаў і не выплачваюць падаткі, набываюць маёмасць, у тым ліку дарагую, маскіруючыся фіктыўнымі дагаворамі пазыкі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter