Што ж адбываецца сёння ў шаноўнай Украіне і хвалюе яе грамадзян?

Круты віраж

Што ж адбываецца сёння ў шаноўнай Украіне і хвалюе яе грамадзян? Найперш, паводле звестак сацапытання групы “Рэйтынг”, у краіне згадваюцца высокі ўзровень карупцыйнасці грамадства (публікацыя электронных дэкларацый тамтэйшых чыноўнікаў), сталы рост цэн і тарыфаў, зніжэнне заробкаў і пенсій, абвастрэнне пытанняў беспрацоўя, канфлікт у Данбасе. Па-другое, большая частка насельніцтва (74 працэнты) упэўнена: за апошні год эканамічнае становішча пагоршылася, каля 30 працэнтаў людзей мусяць з’ехаць на пастаяннае месца жыхарства за мяжу. Асабліва гэта стане актуальным для украінцаў, калі ЕС зацвердзіць бязвізавы ўезд у Шэнгенскую зону.

Нядаўні рэзанансны інцыдэнт, які адбыўся з “Боінгам” нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”, выклікаў не толькі грубае парушэнне міжнародных авіяцыйных правілаў, самога прынцыпу забеспячэння бяспекі палётаў, але і сапраўднае здзіўленне ў беларускім грамадстве. Асабліва, калі газета “СБ. Беларусь сегодня” надрукавала расшыфроўку перамоў дыспетчараў “Украэрарух” з экіпажам пасажырскага самалёта “Белавія”, дзе ў прымусовай форме, пад пагрозай прымянення ваенных знішчальнікаў, наш лайнер з поўнымі бакамі паліва і 136 пасажырамі на борце вярнулі ў кіеўскі аэрапорт “Жуляны”. Каб праверыць на прадмет “пагрозы нацыянальнай бяспецы Украіны” толькі аднаго чалавека — грамадзяніна Арменіі, блогера Марцірасяна.

На жаль, беларускі бок пакуль не атрымаў афіцыйных прабачэнняў за гэты небяспечны прэцэдэнт, праўда, краіна-суседка абяцала фінансавую кампенсацыю.

Праз некалькі дзён Служба бяспекі Украіны ўсё ж паведаміла вуснамі прэс-сакратара Алены Гітлянскай: “СБУ не давала ніякіх указанняў адносна знішчальнікаў, магчыма, спрацаваў чалавечы фактар, і гэта выдумка...” Прагучала па-вайсковаму коратка, але, пагадзіцеся, непераканаўча. Знайшоўся-такі нейкі стрэлачнік з “Украэраруху”, які і выклікаў скандал паміж суседзямі, зрабіўшы круты віраж.  

Канешне, у жыцці бываюць розныя сітуацыі, нават даволі складаныя непаразуменні. Аднак для гэтага існуюць палітычныя, дыпламатычныя, гаспадарчыя інструменты вырашэння праблем. У тым ліку на высокім міждзяржаўным узроўні. Чаго не адбылося падчас інцыдэнту з беларускім самалётам ва ўкраінскім небе. Складваецца ўражанне: у нашых паважаных сяброў у дадзеным выпадку не было адзінага падыходу да мінімізацыі крызіснай сітуацыі, а таксама агульнага палітычнага цэнтра прыняцця рашэнняў і адказнасці.

Як кажуць, лёгка з хворай галавы зваліць на здаровую.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter