Крок за крокам

Барыс Батура сустрэўся з дэлегацыяй Омскай вобласці

Перавесці пагадненне аб супрацоўніцтве ў актыўны фармат і знайсці кропкі перакрыжавання для бізнесу

З такім вынікам прайшлі перамовы старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры і дэлегацыі Омскай вобласці на чале з губернатарам Віктарам Назаравым.

Сустрэча прайшла ў рамках візіту кіраўніцтва і прадстаўнікоў дзелавых колаў гэтага расійскага рэгіёна ў нашу краіну. Пагадненне аб супрацоўніцтве абласцей было падпісана яшчэ ў 1996 годзе. Аднак апошнім часам яно стала менш дзейсным і патрабуе новага дыхання — з гэтым пагадзіліся абодва бакі. Сталічная вобласць Беларусі мае вялікі патэнцыял, дастаткова сказаць, што яе ўдзельная вага ў агульным аб’ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі краіны складае 15 %, сельскагаспадарчай — 25 %. На тэрыторыі вобласці сканцэнтравана амаль уся лагістыка, поўным ходам працуюць пяць, а да канца года да іх далучацца яшчэ дванаццаць лагістычных цэнтраў. «Міншчына мае бясспрэчную інвестыцыйную прывабнасць. Магчымасці свабоднай эканамічнай зоны, Мінскага абласнога тэхнапарка, багацце накірункаў, па якіх можна арганізаваць узаемавыгадныя праекты, надаюць упэўненасць у тым, што пасля больш падрабязнага азнаямлення нашы партнёрскія ўзаемаадносіны стануць больш выніковымі», — сказаў, звяртаючыся да дэлегацыі, Барыс Батура.

У дыялогу адразу ж азначыліся тыя напрамкі, якія бакі гатовы абмяркоўваць больш дэталёва. У прыватнасці, гэта магчымасць рэзідэнцтва ў абласным тэхнапарку і СЭЗ, узаемадзеянне ў галіне сельскай гаспадаркі і турызму. Менавіта на гэтыя тэмы пытанняў у расійскіх гасцей было значна больш. «Мы вельмі задаволены візітам у краіну ў цэлым і на Міншчыну ў прыватнасці. Вялікую цікавасць выклікаў ваш вопыт па будаўніцтве жывёлагадоўчых ферм. Відавочна, што гэта прымусіць задумацца над прапановамі нямецкіх тэхналогій, якія, канечне, будуць мець большы кошт. Вельмі магчыма, што ў гэтым напрамку мы і пачнём першыя канкрэтныя крокі больш актыўнага супрацоўніцтва з Мінскай вобласцю», — адзначыў Віктар Назараў.

У цэлым на Міншчыне надаецца вялікая ўвага развіццю рэгіянальных сувязей, асабліва на ўзроўні абласцей. «Калі гаварыць пра знешнегандлёвыя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, нашым асноўным партнёрам, то трэба падкрэсліць, што ў мінулым годзе каля 36 % усяго аб’ёму экспарту прыйшлося менавіта на Расію. Знешнегандлёвы абарот з Омскай вобласцю павялічыўся на 37 %. У асноўным гэта прадукцыя машынабудавання. Разам з тым мы зацікаўлены ў пастаўках у рэгіён мясамалочнай прадукцыі, а таксама нашых тэхналогій па будаўніцтве ферм «пад ключ», — паведаміў старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Дзмітрый Паўловіч.

Па-новаму мяркуецца наладзіць і пабрацімскае супрацоўніцтва паміж асобнымі гарадамі і раёнамі дзвюх абласцей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter