Кола сяброў і калег

У Бабруйску створаны i актыўна дзейнiчае клуб былых кіраўнікоў

Грамадскі клуб Бабруйскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў вярнуў да актыўнага жыцця былых кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада

Клуб узнік чатыры гады таму. На пасяджэнні прэзідыума гарадской арганізацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў колішні яго старшыня Анатоль Ліхадзіеўскі ўзняў пытанне аб вяртанні да актыўнай дзейнасці былых кіраўнікоў прадпрыемстваў і арга­нізацый, якія засталіся як бы па-за сферай уплыву, самі па сабе… Узгадаў не адно прозвішча: «Трэба вярнуць іх да актыўнага жыцця». Вядома, знайшоў падтрымку ў сваіх калег. Толькі ў якой форме гэта зрабіць? Вырашана было стварыць штосьці накшталт клуба, які потым і атрымаў назву «Кіраўнік». Выбралі яго праўленне, старшыню, якім стаў былы дырэктар гарбарнага камбіната, аўтарытэтны чалавек Міхаіл Кузьміч. Выпрацавалі статут новага аб’яднання і пачалі прыкідваць план работы, спісачны склад, у якім аказалася да паўсотні чалавек.

І ўзяліся за непасрэдную работу з людзьмі. Сабралі разам, многія не бачыліся дзясяткі гадоў: на вачах слёзы… «Не ведаю, як у нас будзе з клубам далей, але я ўдзячна тым, хто тут нас сабраў, — падзякавала былы дырэктар швейнай фабрыкі «Славянка» Марыя Касько. — Гэта глыток чыстага паветра, аддушына, якія прыбавяць нам здароўя, абудзяць сілы».

Тут варта адзначыць, што Касько — адна са старэйшын дырэктарскага корпуса, у пасляваенны час прыйшла на прадпрыемства, дзе тады шылі ваеннае адзенне. 16 гадоў кіраўніцкага стажу. Фабрыка была навідавоку, і яе дырэктар, кавалер працоўных узнагарод, таксама.

Ніаліна Краўчанка — былы дырэктар хлебакамбіната. Колькі сіл яна аддала вытворчасці, людзям; ёй усе былі рады! А потым засталася адна: памерлі муж, сын… «А цяпер я, — з радасцю адзначыла жанчына, — у грамадзе, разам са сваімі былымі калегамі, гэтыя сустрэчы для мяне даражэй за ўсё!»

Аднак аднымі сустрэчамі члены клуба не абмяжоўваюцца, яны прымаюць самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў горадзе Бабруйску.

Самыя ж запамінальныя з іх — наведванне былымі кіраўнікамі тых прадпрыемстваў і арганізацый, на якіх некалі працавалі. Гэта «Белшына», завод «Універсал-Бабруйск», гідролізны завод, філіял «Беларусбанка» і іншыя.

У свой залік могуць аднесці ўжо і сумесныя паходы ў спартыўны комплекс «Бабруйск-Арэна», у гарадскія бібліятэкі, кінатэатр. Ну і, вядома ж, наведванне хворых таварышаў, віншаванні з днём нараджэння, іншымі важнымі датамі.

А месцам пастаянных сустрэч ветэранаў стаў па дамоўленасці з яго дырэктарам Наталляй Арцёмчык гарадскі краязнаўчы музей. Тут у адным са свабодных залаў яны абмяркоўваюць свае справы, арганізуюць турніры па шахматах, шашках, іншых відах спорту. Робяць усё, можна сказаць, з маладзецкім запалам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter