Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На выставе-кірмашы “Кітаб Душанбэ” асобна была прадстаўлена беларуская экспазіцыя

Кніжны шлях у Таджыкістан

Наведнікі кніжнай выставы-кірмаша, што прайшла ў Душанбэ, змаглі пазнаёміцца з беларускімі кнігамі, выдадзенымі ў апошнія год-два. Арганізавалі стэнд Міністэрства інфармацыі Беларусі ды Амбасада Беларусі ў Таджыкістане. Сярод выданняў было нямала навінак, якія прыйшлі да чытача пад знакам 500-годдзя беларускага кнігавыдання. Істотная частка экспазіцыі — беларуская мастацкая літаратура, кнігі, прысвечаныя сацыяльна-эканамічнаму развіццю Беларусі на сучасным этапе, гістарычна-асветніцкая літаратура, кнігі для юнага чытача.

Беларускія кнігавыдаўцы правялі й шэраг сустрэч, прэзентацый. Прымаў дэлегацыю Беларусі Міністр культуры Таджыкістана спадар Шамсідзін Арумбекзадэ. Беларускаму і таджыкскаму бакам было што абмеркаваць. У Душанбэ ў апошнія гады выдадзены ў перакладзе на таджыкскую мову шэраг кніг: Георгія Марчука, Алеся Бадака, анталогія сучаснай беларускай прозы і паэзіі “Вячэрняе вогнішча” на таджыкскай мове. Добрыя стасункі ўсталяваліся паміж пісьменніцкімі саюзамі Беларусі й Таджыкістана. У розныя гады ў Мінску пабывалі пісьменнікі й выдаўцы Ато Хамдам, Нізом Касім, Муртаза Зайніддзілаў, Бахром Рахматаў ды іншыя. Творы таджыкскіх пісьменнікаў часта друкуюцца ў перакладзе на беларускую мову на старонках літаратурна-мастацкіх часопісаў, у газеце “Літаратура і мастацтва”. 

Ужо рыхтуецца правядзенне Дзён беларускай літаратуры ў Таджыкістане й Дзён таджыкскай літаратуры ў Беларусі. Творчыя праекты ініцыяваны Амбасадай Таджыкістана ў Беларусі, паспрыялі таму асабіста Амбасадар Таджыкістана ў Беларусі Казідаўлат Каімдадодаў, а таксама таварыства “Беларусь — Таджыкістан”, якое працуе ў Мінску.

Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter