Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Беларусі падведзены вынікі дабрачыннай акцыі “Кніга — крыніца мудрасці, ведаў і навукі…”, якая прысвячалася 500-годдзю беларускага кнігадрукавання

Кнігі жыццё ўпрыгожваюць

Вынікі дабрачыннай акцыі падводзіліся нядаўна ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а імпрэза мела назву “Дарыце кнігі, зменьвайце свет!”. Як вядома, кніга здаўна была і цяпер застаецца лепшым падарункам. А для бібліятэкі атрымаць кнігі ў дар — гэта цудоўная магчымасць узбагаціць фонды. І таму, калі летась пачыналася агульнанацыянальнае святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, Нацыянальная бібліятэка Беларусі абвясціла дабрачынную акцыю. Бібліятэка стала сувязным звяном паміж тымі, хто можа і хоча дапамагчы, і тымі, каму неабходна дапамога. НББ збірала кнігі для іх перадачы ў сацыяльныя ўстановы і бібліятэкі рэгіёнаў Беларусі.

У акцыі паўдзельнічалі многія ўстановы, прыватныя дароўцы. Гэта выдавецтвы, кнігагандлёвыя арганізацыі ды інфармагенцтвы: “Беларусь”, “Мастацкая літаратура”, “Права і эканоміка”, “Папуры”, “Агенцтва Уладзіміра Граўцова”, “Чатыры чвэрці”, “Звязда”, “Красіка-Прынт”, “Трэгрос-Інфа”, “МабілБук”, “МЕТ”, “БукЛайнГруп”, “Эўрыка-М”, “Акадэмічная кніга”, “Белкніга”, “Хэлтан”, “Питер-М”. Шмат выданняў перадала Прэзідэнцкая бібліятэка, кнігі з асабістых збораў падарылі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, жыхары Беларусі.

Як вынік: 14500 экзэмпляраў кніг перададзена бібліятэкам розных тыпаў, пераважна сацыяльных устаноў краіны. І ў гэтым выпадку да месца будзе нагадаць мудрае выслоўе: што аддаў — тое тваё...

Голас Радзімы № 5 (3557), чацвер, 1 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter