Хрустальная мелодыя дзяцiнства

Новы год — свята, як вядома, сямейнае. А сям’я — гэта перш за ўсё дзеці. Напэўна, таму ў кожнага з нас навагоднія святы — не толькі пачатак новага жыццёвага этапу. Гэта яшчэ і вяртанне ў думках у сваё дзяцінства. А таксама рэальны шанец зрабіць так, каб дзяцінства цяперашніх маленькіх грамадзян краіны было яшчэ лепшым. Больш яркім, маляўнічым і шчаслівым. Менавіта на гэта нацэлена навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая ўжо стала традыцыйнай. На гэты раз яна ахапіла 130 сацыяльна значных аб’ектаў краіны і закранула больш за 12 тысяч дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, хворых малых.


Яе апагеем стала вялікае навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі, якое прайшло 23 снежня. Па сутнасці — галоўная ёлка краіны. Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак і выказаць ім самыя шчырыя і цёплыя пажаданні прыбыў Прэзідэнт: “Гэта асаблівы час, калі хочацца зрабіць штосьці добрае, падарыць навакольным радасць і добры настрой. У народзе кажуць: як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш. Я вельмі хачу, каб вы сустрэлі гэтае цудоўнае свята шчаслівымі. Каб кожнае дзіця адчула любоў і клопат”.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у дабрачынным свяце ў Кобрыне.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка наведаў Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Самыя, мабыць, галоўныя словы Аляксандра Лукашэнкі былі падобныя на прызнанне, што ідзе ад самага сэрца: “Мне як Прэзідэнту краіны вельмі хочацца, каб вы, дзеці, шчасліва і дружна жылі сярод родных і блізкіх людзей. З аптымізмам глядзелі ў будучыню і верылі ў лепшае. А калі ў кагосьці не атрымліваецца, вы павінны ведаць: у краіне шмат спагадлівых людзей, якія ніколі не пакінуць вас у бядзе”. Акцыя “Нашы дзеці” — адно з самых маштабных і душэўных пацвярджэнняў гэтаму.







osipov@sb.by

Фото БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter