Хiрург ад Бога

Бабруйскай бальнiцы хуткай дапамогi прысвоена iмя доктара Марзона

Бабруйскай бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi прысвоена iмя доктара Уладзiмiра Марзона

Уладзiмiр Восiпавiч нарадзiўся ў сям’i валаснога пiсарчука, якая пражывала ў мястэчку Iзаслаў колiшняга Мiнскага павета. Ён, як i iншыя сямёра дзяцей, дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы. Таму толькi ў адзiнаццаць гадоў пайшоў у Койданаўскую (цяпер Дзяржынская) школу, якую скончыў за адзiн год з адзнакай. Потым навучаўся ў духоўных семiнарыi i акадэмii, паступiў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўнiверсiтэта, а затым ужо ў Юр’еўскi (Тартускi) унiверсiтэт, дзе працягваў вучобу на медыцынскiм факультэце. Атрымаў дыплом з адзнакай i месца земскага ўрача ў Бацэвiчах Бабруйскага павета. Уладзiмiр за непрацяглы час наладзiў медыцынскае абслугоўванне ў акрузе, выяўляў хворых, шпiталiзаваў i праводзiў iх лячэнне. Iмкнуўся пашыраць ложкавую сетку. У земства на гэтыя мэты грошай неставала, тады У. Марзон звярнуўся да тутэйшага пана Незабыткоўскага. Той выдзелiў два свiрны, якiя ператварылiся ў двухпавярховы будынак мед­установы. Гэта адначасова быў i дом медперсаналу, у якiм, апрача доктара, размяшчалiся фельчар, акушэрка, абслуга.

Неўзабаве Марзона пера­кiдваюць у Глуск, у бальнiцу, якая, як кажуць, ледзь дыхала. Уладзiмiр Восiпавiч правёў знешнюю i ўнутраную перабудову. Людзi звяр­талiся па дапамогу i з Глуска, i з больш аддаленых мясцiн. Плошчаў хранiчна не хапала, таму ў двары баль­нiцы з’явiлася яшчэ памяшканне.

А ў 1913 годзе У. Марзона пераводзяць у Бабруйскую земскую бальнiцу, дзе ён наладзiў хiрургiчную дапамогу насельнiцтву.

У пачатку iмперыялiстыч­най вайны Марзон – ваенны хiрург Бабруйскага шпiталя на Каўказскiм фронце, затым на Заходнiм. У пачатку 1917 года ён вяртаецца ў Бабруйск i працягвае сваю справу. Яго выбралi кiраўнiком дэпартамента земскай управы Бабруйскага павета. Ён таксама загадвае хiрургiчным аддзяленнем бальнiцы. Право­дзiць аперацыi на страўнiку, печанi, жоўцевым пузыры, апендыксе i г.д. За дваццаць гадоў сваёй урачэбнай практыкi правёў амаль тысячу хiрургiчных умяшанняў. Па праблемах хiрургii i паталагiчнай анатомii Ула­дзiмiр Марзон выступаў на пасяджэннях Бабруйскага таварыства ўрачоў, арга­нiзаваў I з’езд хiрургаў i гiнеколагаў БССР, якi прайшоў у 1928 годзе.

Пры непасрэдным удзеле Марзона выдаецца адзiн з першых у Беларусi навукова-метадычных часопiсаў «Бабруйскi медыцынскi веснiк».

У 1931 годзе ён будуе новую бальнiцу, якая потым i будзе называцца ў народзе Марзонаўкай. Уладзiмiр Восiпавiч быў вельмi паважаным чалавекам. Яго iмя стала шырокавядомым не толькi на Бабруйшчыне, але i далёка за яе межамi.

Нездарма ў 1934 годзе Марзона як высокаквалi­фiкаванага ўрача накiроўваюць на выкладчыцкую працу ў Вiцебскi медыцынскi iнстытут, дзе ён – загадчык кафедры аператыўнай хiрургii i тапаграфiчнай анатомii, яму прысвойваецца званне доктара меды­цын­скiх навук, прафесара. У гады Вялiкай Айчыннай вайны Ула­дзiмiр Восiпавiч – кансультант Наркамата аховы здароўя БССР, у пасляваенны час узначальвае кафедру хiрургii Рэс­публiканскага iнстытута ўдасканалення ўрачоў, а потым i саму ўстанову. Неаднойчы выбiраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй навуковага таварыства хiрургаў рэспублiкi. За сваю актыўную працоўную i грамадскую дзейнасць адзначаны двума ордэнамi Ленiна i ордэнамi Працоўнага Чырвонага Сцяга, шэрагам медалёў. Памёр Уладзiмiр Восiпавiч у 1954 годзе ў горадзе Мiнску, тут i пахаваны. На яго надмагiльнiку кароткi, але ёмiсты надпiс: «Урач – чалавек, аддана служыў народу, Бацькаўшчыне».

— Доктара Марзона, — адзначае галоўны ўрач УАЗ «Бабруйская цэнтральная бальнiца» Уладзiмiр Гацко, — лiчаць сапраўдным стваральнiкам хiрургiчнай службы ў нашым горадзе. Яна расла, удасканальвалася, у знакамiтага хiрурга з’явiлася шмат пераемнiкаў. Гэта Белагураў (яго сын узначальвае бальнiцу хуткай медыцынскай дапамогi), Барысаў, Цвiрко, Навалоцкi, Лапатнёў, Бусел, Грыгарчук, Жук i iншыя. Мы робiм аперацыi, пра якiя раней i падумаць не маглi. Напрыклад, па прышываннi кiсцi рукi, па перасадцы скурнага покрыва на значных плошчах, на суставах i гэтак далей. Традыцыi, закладзеныя Уладзiмiрам Восiпавiчам, працягваюцца. I сёння мы выказваем яму шчырую ўдзячнасць за ўсё тое, што ён зрабiў. I як прызнанне ягоных заслуг – бальнiца, якая цяпер носiць яго iмя.

На здымку: доктар МАРЗОН.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter