Кавалер ордена «Знак Почета» трактористка Татьяна Захожая: не представляю своей жизни без хлебного поля

Амаль паўтара дзясятка трактароў змяніла за паўвека працы на зямлі механізатар дзяржынскага КСУП «Путчына» Таццяна ЗАХОЖАЯ. Цяга да тэхнікі ёй перадалася ад маці Антаніны Мікалаеўны Шчапіла, адной з першых трактарыстак Бярэзіншчыны.


Пасля заканчэння Смілавіцкага прафтэхвучылішча № 23 Таццяна працавала на дарожных машынах ў Барысаўскім раёне. Вярнулася ў родную бярэзінскую вёску Пагост, села за руль калгаснага МТЗ-82. Апрацоўвала палі, сеяла сельгаскультуры, даглядала пасевы, убірала ўраджай. Узначаліла бульбаводчае звяно і вывела яго ў перадавыя ў рэспубліцы: ураджайнасць клубняў перавышала 350 цэнтнераў з гектара.

Трыццаць гадоў таму Таццяна Уладзіміраўна з сям'ёю пераехала ў дзяржынскае РСУП «Дзямідавічы», якое ў 2007-м далучылі да дзяржпрадпрыемства «Путчына». Стараннай працай заслужыла павагу ў калектыве. Як перадавік, атрымала ад Прэзідэнта імянны трактар з надпісам «Жанчынам зямлі беларускай».

Была дэлегатам некалькіх камсамольскіх форумаў, тройчы дэлегат Усенароднага беларускага сходу. За высокія вытворчыя паказчыкі адзначана ордэнам «Знак Пашаны», сярэбраным медалём ВДНГ, прызам легендарнай трактарысткі Пашы Ангелінай. Яна лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, ганаровы грамадзянін Дзяржынскага раёна, «Жанчына года Міншчыны».

Бывае ў жыцці, што не ты выбіраеш прафесію, а яна цябе. Вось як у вядомай трактарысткі з дзяржынскай гаспадаркі «Путчына» Таццяны Захожай. Вырасла яна ў вялікай сялянскай сям'і. З дзяцінства памятае, як маці Антаніна Мікалаеўна выводзіла ў поле трактар з жалезнымі коламі. Бацька Уладзімір Васільевіч працаваў вартаўніком у калгасе «Камунар». Потым матуля даіла кароў на ферме, а Таццяна з сёстрамі Зінаідай, Валянцінай, Святланай і малодшым братам Мікалаем дапамагалі ёй. Падымаліся на золку, ішлі на ранішнюю дойку, а пасля да абеду паспявалі набраць у лесе ягад ці грыбоў. Запасаліся прыроднымі дарамі, бо нялёгка жылося.

Старэйшыя сёстры Зінаіда і Валянціна паступілі ў сталіцу на вучобу. Настала чарга Таццяне вызначыць свой жыццёвы шлях. Адгукнуліся гены — выбрала яна Смілавіцкае прафтэхвучылішча № 23, дзе рыхтавалі трактарыстаў-машыністаў шырокага профілю. Навучэнцы былі на поўным дзяржзабеспячэнні.

Падчас вучэбнай практыкі юная трактарыстка паспяхова зарэкамендавала сябе на Барысаўскім дарожным участку і атрымала запрашэнне на працу. Тры гады ўкладвала асфальт, грэйдарам раўняла гравій на дарогах. Але душа прагнула родных мясцін. Калі брат Мікалай пайшоў у армію, вярнулася дамоў, каб даглядаць састарэлую маці. Папоўніла атрад калгасных механізатараў. Вый­шла замуж. Радавалася нараджэнню дачкі, а потым і сына. Але сямейнае жыццё не склалася.

Пасля чарнобыльскай катастрофы, наступствы якой адчула і Бярэзіншчына, дзеля здароўя дзяцей Таццяна Уладзіміраўна памяняла месца жыхарства. У дзяржынскім саўгасе «Дзямідавічы» ёй прапанавалі жыллё ў памяшканні былой канторы, сваякі дапамаглі ўладкаваць яго.

— Акружаў будынак запушчаны сквер, — узгадвае Таццяна Захожая. — Трактарам карчавала, выраўноўвала тэрыторыю. З дзецьмі саджалі розных сартоў грушы і яблыні. Сын Аляксандр выкопваў у навакольных лясах дзічкі, да іх прышчэплівалі акультураныя сарты. З сярэдзіны лета і да глыбокай восені ў нашым садзе паспявае садавіна. Добра родзяць вішні, растуць абрыкосы, персікі, нектарыны. Частуем сяброў, сваякоў.

Падворак упрыгожваюць мурожны газон і пярэсты кветнік, побач з домам апрацоўваем паўгектара зямлі. Летам з-за працы на палях мала выпадае часу на хатнія справы, таму ў асноўным сын Аляксандр з нявесткай Вікторыяй гаспадараць. У іх падрастаюць тры дачушкі. Аляксандр працуе дальнабойшчыкам. Як толькі прыязджае з рэйса, увіхаецца на падворку. Вікторыя ў дэкрэтным адпачынку, але і ёй хапае клопату: даглядае цяпліцы, праполвае агарод. Пасля працы ў полі таксама далучаюся да хатніх спраў. Бывае, што глыбока за поўнач кансервую ў слоікі агуркі.

— Умееце не толькі кіраваць трактарам?

— Самастойна навучылася прышчэпліваць садовыя дрэвы. Чаранкі прыжыліся і даюць садавіну. Першай паспявае бэра летняя. 30 гадоў у нас расце позняя груша беларускай селекцыі. Заменім яе.

Акрамя клопатаў пра сад і агарод, нарыхтоўвалі сена для дзвюх кароў, гадавалі па некалькі свіней, трымалі курэй. І зараз на падворку шмат куранятак, парасяткі і каты. З раніцы да вечара кручуся як у віры. Паспяваю і на трактары, і на сваім падворку.

— Таццяна Уладзіміраўна, а што значыць для вас Год гістарычнай памяці?

— Для кожнага чалавека ён важны, трэба ведаць сваю гісторыю. Маім родным давялося многае перажыць. На фронце пад Сталінградам загінуў дзядзька Васіль Захожы, пахаваны на Мамаевым кургане. Яго жонку і дачку акупанты расстралялі на пачатку вайны. У нашай вёсцы з першых дзён акупацыі стаяў гітлераўскі гарнізон. Фашысты забралі і невядома што зрабілі з маімі братам Мішам і сястрычкай Волечкай (было ім па 2—3 гады), а маці пагналі ў нямецкае рабства. Яе першы муж-яўрэй пайшоў на фронт. Калі вярнуўся дамоў пасля Перамогі, нікога там не застаў. Распалася сям'я. Маці пазней вярнулася з няволі, выйшла другі раз замуж — адной жанчыне было цяжка на вёсцы заставацца.

У нашай вёсцы Пагост, што на Бярэзіншчыне, усталяваны помнік ахвярам вайны. Узведзены мемарыял і на месцы расстрэлу яўрэяў у райцэнтры. Там пакоіцца і дзядзькава жонка з дзецьмі. Калі на Радаўніцу едзем на магілы сваякоў, спыняемся каля гэтых святынь.

— Таццяна Уладзіміраўна, што для вас значыць жыць прыгожа?

— Канешне, гэта не ў багацці купацца. Галоўнае — заставацца сумленным. Каб нашчадкам не было сорамна за цябе. У сямейным архіве зберагла Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, якой адзначана была праца маці ў калгасе. Дзецям і ўнукам ёсць кім ганарыцца.

— А як вы выхоўвалі малых?

— З-за працы на калгасных палях не хапала часу на іх выхаванне. Раненька напяку стосік бліноў, а сама на трактар. Толькі ўвечары вярталася дамоў. Было і такое: яны бачаць, што мяне доўга няма, і самі ўпраўляюцца па гаспадарцы. Выхоўваліся на прыкладзе маіх адносін да працы, а мне гэта перадалося ад бацькоў.

— Вашы вытворчыя поспехі высока ацэнены дзяржавай. Памятаеце першую ўзнагароду?

— У 1981 годзе міністр сельскай гаспадаркі СССР уручаў мне і прадстаўніцам іншых саюзных рэспублік прызы Пашы Ангелінай і па 300 рублёў прэміі. Захоўваю дарагі прыз. Выкананы ён у выглядзе адвала плуга і барэльефа Пашы Ангелінай. На прэміяльныя грошы купіла падарункі родным. У Маскве нас пасялілі ў прэстыжную гасцініцу «Расія». Па сталіцы суправаджала дачка легендарнай трактарысткі Святлана Ангеліна. Потым выйшла кніжка з матэрыяламі пра ўзнагароджаных гэтым прызам. У сямейным архіве трымаю нумар «Комсомольской правды», дзе на першай паласе мой здымак у момант атрымання прыза Пашы Ангелінай.

— Сярод шматлікіх узнагарод, якімі адзначаны вашы працоўныя поспехі, пачэснае месца займае ордэн «Знак Пашаны».

— Ім мяне ўзнагародзілі, калі ўзначальвала бульбаводчае звяно: з кожнага гектара атрымалі звыш 350 цэнтнераў клубняў. За высокія вытворчыя паказчыкі адзначана званнем лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола і сярэбраным медалём ВДНГ. Двойчы была дэлегатам камсамольскага з'езда рэспублікі і XIX з'езда ВЛКСМ.

Значная падзея ў маім жыцці — атрыманне імяннога трактара ад Прэзідэнта. Мінула амаль паўтара дзесяцігоддзя, але ўсё да драбніц памятаю. Урачыстасць ладзілася на Мінскім трактарным заводзе. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы адказны работнік Мінсельгасхарча ўручыў ключы ад чырвоных трактароў з надпісам «Жанчынам зямлі беларускай» кожнай з сарака жанчын з розных гас­падарак. Забіралі іх на заводзе і сваім ходам пераганялі ў гаспадаркі. Забіралі іх на заводзе і сваім ходам пераганялі ў гаспадаркі.

— Колькі гадоў працавалі на ім?

— Восем сезонаў спраўна служыў. Быў у мяне і сіні МТЗ-1221. На адным рыхтавала глебу, а на другім сеяла. Ставіла іх у гараж пад замок. Заўжды беражліва гляджу за тэхнікай.

Пасля таго як саўгас «Дзямідавічы» далучылі да дзяржпрадпрыемства «Путчына», галоўны інжынер аб'яднанай гаспадаркі задумаў перадаць чырвоны трактар механізатару. Праз месяц машыну было не пазнаць. Як убачыла, не вытрымала і заплакала: што не маглі адкруціць, тое даламалі. А потым спісалі.

Новай тэхнікі ніколі не прашу. Мне яе прапануюць і давяраюць самую адказную справу. За ўсе гады працы змяніла каля паўтара дзясятка трактароў, і для мяне кожны з іх як роднае дзіця. Механізатары жартуюць, што замужам за трактарам. Ужо шаснаццаты год на заслужаным адпачынку і не магу ўявіць сябе без працы. Мінулай восенню сеяла азімую пшаніцу, а вясною — кукурузу.

— Вы так спрытна кіруеце тэхнікай, быццам за рулём салідны мужык-механізатар.

— Для мяне працоўнае месца — важнае. У спёку апранаю модны капялюш. Адзін разява на дарозе каля вёскі Вертнікі, дзе на трактары падкормлівала пасевы, убачыў мяне ў гэтым капелюшы і так заглядзеўся, што ўляцеў на легкавіку ў кювет. Пашанцавала, што пакаты з'езд быў. Многія здзіўляюцца, часам нават чытаю на іх тварах: «Ба-ба» .

— Для вас гэта камплімент ці абраза?

— Хутчэй камплімент: не часта ў нашых краях убачыш жанчыну за рулём трактара.

— Ніколі не шкадавалі, што сталі трактарысткай?

— Калі амаль паўвека не здрадзіла выбару прафесіі, значыць, не памылілася. Але гады сваё бяруць, і часам непакояць ціск і арытмія. У механізацыі не хапае людзей, і мяне просяць папрацаваць. Бывае, што і крыўда агортвае: мужыкі на лёгкай працы, а ты рулі трактарам. Шафёр на грузавіку падвязе на поле мінеральныя ўгнаенні, засыпле іх у бункер трактара і чакае, пакуль прайду па полю і зноў пад'еду загружацца. Але мой дэвіз: узяўся за гуж — не кажы, што не дуж.

— Ваша захапленне тэхнікай мае працяг у дзецях, унуках?

— Напэўна, невыпадкова дачка працуе на зборачным канвееры Мінскага трактарнага завода. У першыя гады, калі вярталася з поля, старэйшыя ўнучкі прасілі спыніць трактар, залазілі ў кабіну і па дарозе да гаража па чарзе рулілі. Цяпер астылі да тэхнікі і днямі сядзяць у тэлефонах, мараць пра сучасныя камп'ютарныя прафесіі.

— А сваю запаветную мару дзяцінства памятаеце?

— З пяці гадоў жыла мроямі пра касманаўтыку. Памятаю, як аб'вясцілі па радыё, што ў космас паляцеў Юрый Гагарын. Мне пашчасціла на XIX з'ездзе камсамола ў Маскве сустракацца з касманаўтамі Уладзімірам Кавалёнкам і Пятром Клімуком. Уразіла іх адкрытасць і шчырасць. Камсамольцы бралі ў іх аўтографы. Беларускай дэлегацыяй мы фатаграфаваліся з імі ў Георгіеўскай зале Крамля. Там атрымала аўтограф на кніжцы ў Пятра Клімука. Праз дзень зноў сустрэліся, і я вырашыла, каб ён распісаўся і на фотапартрэце. Касманаўт акінуў мяне позіркам і сказаў, што ўжо даваў мне аўтограф. Здзівіла яго фенаменальная памяць на людзей. Сустракалася і з Валянцінай Церашковай, калі нам уручалі прызы «Працоўнай Славы». Яна выступала на ўрачыстасці ў Вялікім тэатры.

Двойчы наведвала Зорны гарадок. У той час да палёту ў космас рыхтавалася Святлана Савіцкая. Бачыла нашых землякоў-касманаўтаў і на Усебеларускіх народных сходах, дзе я была дэлегатам. На апошнім пятым сходзе закраналася праблема заахвочвання моладзі да працы на зямлі. На маю думку, у першую чаргу неабходна, каб для маладых быў нарміраваны працоўны дзень, гарантаваныя выхадныя, адпаведныя заробкі, забеспячэнне жыллём. Мы ўсе плацім аднолькавыя падаткі, а льготамі больш карыстаюцца жыхары гарадоў. Мо варта было б знізіць падатак для тых, хто працуе на зямлі.

— Што яшчэ хочацца зрабіць у жыцці?

— Дах на сваім доме памяняць, агароджу паставіць. У нашай вёсцы Юцкі ўсім ставілі бетонныя, а мне чамусьці драўляную. Яна струхнела. А мо і самастойна агараджуся. У жыцці звыкла ўсяго дабівацца працай. Удзельнічала ў спаборніцтве аратых у СССР (праз кожныя два гады ладзілася ў Беларусі) і там займала прызавыя месцы. Без трактара жыцця не ўяўляю. Еду па полі і спяваю, а калі агорне смутак, то і заплачу. Мала хто ведае пра маю сентыментальнасць.

— У гэтыя жніўныя дні якая ў вас праца?

— Прасаваць салому за камбайнамі. Некаторыя механізатары паспелі памяняць па некалькі новых прэсаў, а я ўсё на старым — ён у мяне як новы. Да беражлівасці прызвычаілася з дзя­цінства, шмат карыснага ў выхаванні дала і школа. Наш класны кіраўнік Лілія Рыгораўна Пенкрат вучыла нас, як паводзіць сябе ў грамадстве, прыахвочвала да кніг. На ўроках чыталі і абмяркоўвалі творы беларускіх класікаў. Нават і зараз памятаю радкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа:

Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць іх буйныя росы…

Вось так і мяне кожную раніцу вітае хлебнае поле, без якога свайго жыцця не ўяўляю.

— Няхай шчодрым ураджаем адорвае хлебная ніва, шаноўная Таццяна Уладзіміраўна. Здароўя і плёну вам на доўгія гады!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter