Майстры школьнага харчавання кінулі выклік фастфуду

Катлета супраць гамбургера

Дзясяткі найсмачнейшых страў, арыгінальная сервіроўка, аўтары кулінарных шэдэўраў не хаваюць свайго хвалявання каля сталоў з беласнежнымі абрусамі. Конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў школьнага грамадскага харчавання прайшоў у адным з рэстаранаў Гомеля.


За званні лепшых кухараў змагаліся больш за 40 чалавек. Асобную зборную сфарміравалі маладыя спецыялісты. А ў кулінарным паядынку па індывідуальнай праграме скрыжавалі чарпакі вопытныя повары з двух рэстаранаў.

Асартымент прадстаўленых страў выйшаў далёка за рамкі «пюрэ з катлеткай». Што датычыць меню, то яно хутчэй адпавядала ўзроўню банкета для VIP-персон. Мінаючы столік за столікам, журы выстаўляла ацэнкі па пяцібальнай шкале. Акрамя смакавых якасцяў ацэньвалі выкананне тэхналогіі, магчымасць масавай падрыхтоўкі, эстэтычнасць афармлення страў і нават знешні выгляд саміх удзельнікаў. Любы дэлікатэс трэба ўмець не толькі прыгатаваць, але і правільна падаць.


Дзятва аддае перавагу здаровай і з густам «упакованай» ежы

— Пачастуйцеся курынай катлеткай, — прапануе чарговы кухар і тут жа дзеліцца рэцэптам: — Адбіваем філе, робім начынне: сыр, часнок, маянэз, каўбаскі. Затым паніруем у яйку і сухарах, даводзім да гатоўнасці ў шафе для смажання.

Выглядае апетытна. Але ўразіць спрактыкаванае журы не так проста. Напагатове ў іх не толькі відэльцы, але і не менш вострыя пытанні:

— А колькі трэба часу, каб прыгатаваць трыццаць такіх порцый?



Меню конкурса хутчэй адпавядала ўзроўню банкета для VIP-персон.

Зразумела, не кожная з прадстаўленых страў падыходзіць для штодзённага меню. Задача хутка накарміць некалькі сотняў хлопчыкаў і дзяўчынак ставіць жорсткія часавыя рамкі. Не апошнюю ролю адыгрывае сабекошт порцыі. Галоўная ж асаблівасць школьнага харчавання — сумясціць смачнае з карысным і якасным. Што значна складаней, чым можа здавацца.

— Вядома, з гадамі мяняецца асартымент прадуктаў, мы ўносім у рацыён свае распрацоўкі, але рыхтуюць нашы кухары па строгім рэгламентам — зборніка рэцэптур, — адзначае дырэктар КУП «Гомельскі гарадскі камбінат школьнага харчавання» Святлана Царык. – Ствараць нешта арыгінальнае кожны раз усё складаней і складаней, аднак у гэтым і заключаецца кулінарнае майстэрства.


Журы ацэньвае кулінарныя шэдэўры па пяцібальнай шкале

Паралельна з прафесіяналамі свае высновы зрабіла «аматарскае» журы. У яго склад увайшлі непасрэдныя ўдзельнікі кулінарнай урачыстасці — кампанія старшакласнікаў. На пытанне, што з прадэгуставанага ім хацелася б убачыць у школьным меню, дзесяцікласніцы Валерыя і Ірына адказалі коратка: «Усё!» Асабліва дзяўчынак уразіла курыца, прасмажаная ў невялікай колькасці алею, з гарнірам з бульбы і свежай гародніны.

— Вельмі смачна, і калі б гэта нам такое давалі, было б выдатна. Галоўнае, каб кармілі сытна. Паколькі вучоба адымае шмат сіл і на абедзе хочацца папоўніць энергію. З таго, што мы спрабавалі тут, усё падрыхтавана на вышэйшым узроўні — ёсць сапраўдныя шэдэўры.


За гонар звацца лепшым кухарам змагаліся больш за 40 майстроў

Юныя гурманы таксама адзначылі немалаважную ролю афармлення. Нават простая сцяблінка зеляніны, пакладзеная на грэцкую кашу, робіць яе апетытней. Такое меркаванне падзяляюць і спецыялісты.

— Асабіста я за тое, каб паляпшаць падачу страў, — кажа повар СШ № 63 Ірына Вараб`ёва. — Дзеці ахвотней ядуць, калі могуць узяць вазачку з салатай у руку, а не калупаць інгрэдыенты відэльцам у талерцы.


Дарэчы, прыгатаваныя ёй кашы былі раскладзены па «збанках» з гарбузоў. А кавалачкі пшанічнага хлеба ў салаце «Дружба» замаскіраваны пад сухарыкі-кірыешкі, да якіх амаль рэфлекторна цягнецца дзіцячая рука. Кухары кажуць, што густы дзяцей вызначаюцца культурай харчавання, якая прышчапляецца дома. Тым больш прыемна, што ў апошні час дзятва ўсё часцей аддае перавагу здаровай ежы — салатам, супам і кашам.

Увогуле, майстры школьнага грамадскага харчавання гатовы не толькі кінуць выклік фастфуду, але і даказаць, што іх прафесія — гэта амаль мастацтва. Як музыка ці паэзія.

proleskovskiy77@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter