Пакупнік мае права ведаць, што ён набыў у магазіне

Карціна крэмам

Справа была напярэдадні свята. Пасля работы, як гэта звычайна робяць большасць жанчын, забегла ў краму, трэба ж купіць тое-сёе для сваіх хлопцаў. У тым ліку і торт, бо нездарма ж кажуць, што мужыкі накшталт дзяцей — вельмі ахвочыя да салодкага. Было ўсяго тры торцікі, два з іх не на мой смак, а вось трэці — тое, што трэба, мяккі і разам з тым прыемна хрусціць. Праўда, назва дзіцячая, а пасярэдзіне — карцінка на адпаведную тэматыку. Ды тае бяды. Мужыкоў нават пасмяшыла выява мядзведзіка, ну такога, як малявалі ў старых казках ды паказвалі ў мульціках. «Адарвалі мішку лапу…» — нават пачало дэкламаваць «дзіця», якое служыла ў арміі пры маршале Грэчку. Так за жартамі і пачалі дзяліць торт. Карціна маслам, у сэнсе крэмам, падумала я. Адрэзала торт, а разам з ім і кавалачак твора мастацтва. Паспрабавала на зуб — нешта не вельмі. А хлопцы ў адзін голас: «Выплюнь, гэта нельга есці». Прыгледзелася — і праўда, на нейкую цырату падобна. Словам, выкінулі мы тую карцінку ў сметніцу і атрымалі асалоду ад чыстага прадукту.

Толькі смак торта быў усё роўна з нейкай гарчынкай. У мяне адразу пытанне: а ці можна спажываць такую «кар-ціну»? Чаму пакупніку пра гэта нічога не паведамляецца? Так, на этыкетцы ёсць кантактны тэлефон, але да спажывання салодкага пачастунку мы прыступілі а восьмай вечара, сумняваюся, каб на хлебазаводзе хтосьці чакаў у гэты час званкоў ад пакупнікоў. Дарэчы, тую суправадзілаўку мы пастараліся вывучыць вельмі ўважліва. Даведаліся, што «каржы бісквітнага паўфабрыкату з какава-парашком і арэхавага паўфабрыкату праслоены па чарзе сметанковым крэмам з кавалачкамі шакаладнай глазуры». Не вельмі кранае сэрца пакупніка гэтая казённая прэзентацыя, але хоць зразумела, з чым маеш справу. Высветлілі мы, што маса торта — 1 кг. А вось наконт харчовай каштоўнасці прадукту, пра розныя там бялкі, вугляводы, тлушчы, а таксама энергетычную каштоўнасць мы не змаглі даведацца, нават узброіўшыся лупай. Літары цьмяныя, нібыта не хапае фарбы. Злева быў нейкі слоган, але тэкст размазаны. Ад чаго будзе на маім сэрцы радасць, я так і не даведалася. Пэўна, на заводзе мяркуюць, што галоўнае — сам прадукт, а не нейкая там паперчына. Не пагаджуся: усё важна. Па-першае, неахайны шматок паперы, прымацаваны на празрыстую каробку з двух бакоў клейкай стужкай, проста не можа быць візітоўкай сталічнага прадпрыемства з трывалымі традыцыямі. Па-другое, пакупнік мае права ведаць, што ён набыў у магазіне. Гэта, на мой погляд, і касалапаму мядзведзіку зразумела.

Вера МІХЕЙКА, Мінская вобласць
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter