Замежныя турысты змогуць наведваць Аўгустоўскі канал без візы на працягу 5 дзён

Канал вiзавай падтрымкi

Замежныя вандроўнiкi ў хуткім часе змогуць наведваць спецыяльны турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і тэрыторыі, якія прылягаюць да яго, без візы і знаходзіцца там да пяці сутак. Такі парадак прадугледжаны для турыстаў, якія перасякаюць мяжу нашай краіны з Польшчай праз пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» ( «Кузніца Беластоцкая»), з Літвой — праз пункты пропуску «Прывалка» («Швяндубрэ») і «Прывалка» («Райгардас»). Адпаведны Указ № 318 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян» Прэзідэнт падпісаў 23 жніўня.


На заметку гасцям: пункты ўказа ў частцы бязвізавага парадку ўезду і выезду запрацуюць праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання дакумента. Дзейнічаць ён будзе да канца 2017 года — з магчымасцю падаўжэння на нявызначаны тэрмін, калі гэта дасць штуршок развіццю турсферы ў рэгіёне, паспрыяе прыцягненню інвестыцый у парк і «прапісцы» ў ім міжнародных турыстычных і спартыўных мерапрыемстваў.

Дарэчы, падобны праект пачынаючы з чэрвеня 2015 года паспяхова рэалізуецца ў Нацпарку «Белавежская пушча», які замежнікі могуць наведваць без візы на працягу трох дзён. Больш чым за год тут пабывала звыш 4 тысяч чалавек з 28 краін. Мяжу турысты могуць перасякаць праз міжнародны пункт пропуску «Белавежа—Перароў», размешчаны ў пушчы, пешшу або на веласiпедзе. «Велатурысты дарожку праклалі», — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па турысцка-гандлёвым абслугоўванні Ніна Богуш.

druk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter