В Могилеве открылась уникальная фотовыставка «Дембельский альбом»

Калі мы былi салдатамі

Асабісты «альманах» — з’ява не новая. Яшчэ ў часы Пушкіна юныя паненкі заносілі ў такія часопісы свае ўражанні, запісвалі вершы. Акрамя таго, прасілі паставіць у іх подпісы знаёмых гусараў і унтэр-афіцэраў. Зараз такія «фаліянты» — музейная каштоўнасць. Рэдкасцю стаў і некалі папулярны армейскі варыянт альбомаў — дзембельскі. Творчыя фотакалектывы — сталічны «Мінск» разам з народнай «Студыяй 3plus» і «Вясёлкай» з Магілёва — зрабілі цікавы экскурс у савецкае мінулае. І сабралі незвычайную калекцыю здымкаў, успамінаў і альбомаў, якія салдаты тэрміновай службы захоўваюць на працягу жыцця. Магіляўчане, якія прыйшлі ў Музей этнаграфіі на адкрыццё выставы «Дзембельскі альбом», засталіся пад уражаннем ад убачанага.

Афармленне альбома было для салдат вельмі важнай справай
Фота Ірыны САВОСІНАЙ

Іван Лісаў не хавае: два гады армейскай службы ў Гродне сталі для яго знакавымі:

— Хаця па стане здароўя ад прызыву мог адмовіцца, але рабіць гэтага не стаў. Тым больш што служба ў арміі ў 1970-я лічылася ганаровай.

У свой дзембельскі альбом магіляўчанін заглядвае па сённяшні дзень — ужо разам з сынамі, дачкой і ўнукамі. Да гэтага часу падтрымлівае і зносіны з таварышамі па службе. Куратар выставы Ірына Савосіна ўдакладніла:

— Мода на такія альбомы з’явілася ў Савецкім Саюзе ў шасцідзясятыя. Традыцыя зарадзілася як адказ на «адзіны ранжыр» радавых вайскоўцаў, калі салдат быў толькі вінцікам ваеннай машыны. Да таго ж многім хацелася захаваць успаміны аб гэтым адрэзку жыцця.

Дзембельскія альбомы наўрад ці можна аднесці да строгіх шэдэўраў сацрэалізму і аб’ектыўных сведак гісторыі. Здымкі тут аматарскія, не заўсёды якасныя. Тым не менш яны застаюцца часткай салдацкай субкультуры і — хто ведае? — з цягам часу маюць шанц набыць яшчэ і музейную  каштоўнасць. Віктар Сядых з фотаклуба «Мінск» расказаў, што нават само афармленне альбома для радавых было вельмі важным. Вокладку абклейвалі аксамітам. Патрэбную тканіну пры гэтым бралі ў ваенгандлі ў выглядзе палосак для чысткі ботаў: распорвалі па швах і сшывалі ў палотнішча патрэбнага памеру. А форзац звычайна ўпрыгожвалі паштоўкамі з відамі той мясцовасці, дзе праходзіла тэрміновая служба. Абавязковым атрыбутам альбома быў выразаны з газеты загад міністра абароны СССР аб звальненні ў запас.

Мікалай Хаціянцаў з фотаклуба «Вясёлка» дадаў, што дзембель суправаджаўся і фарсовым «прыкідам», моду на які салдаты таксама прыдумалі самі:

— Перад заканчэннем службы ў пагоны ўстаўлялі гнуткую пластмасу, у каўнерык — леску (каб трымалі форму), а боты прасавалі праз паперу.  

У альбомы запісвалі адрасы сяброў. А каб адрозніваліся ад іншых, яшчэ і размалёўвалі. Прадстаўнік народнай «Студыі 3plus» Мірон Шчудло расказаў, што падчас службы напрыканцы шасцідзясятых гадоў у Лідзе зрабіў аднапалчанам не адзін памятны малюнак у фотаальбом. Асаблівым попытам, канстатаваў фотамайстар з сусветным іменем, карысталіся тады пейзажы, мора і русалкі.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter