Калекцыянер з 9-га «Б»

Дзевяцікласнік пінскай школы стварыў уласны музей
Шэсць пакояў, болей як 230 экспанатаў і два гады пошукаў — дзевяцікласнік пінскай школы стварыў уласны музей. Ідэя сабраць калекцыю старых рэчаў узнікла ў Андрэя Палюховіча выпадкова, а дакладней, яна яму прыснілася. Маўляў, сядзіць ён у бабулінай хаце ў вёсцы Вялікія Дворцы, а вакол на паліцах экспанаты стаяць. Расказаў родным — задуму падтрымалі, тым больш што згаданы дом ужо не адзін год як пуставаў. «Першы экспанат — самавар канца XIX стагоддзя — прэзентавала бабуля Марыя Вячорка, — успамінае школьнік. — Аказалася, гэткая каштоўнасць, якую некалі мая прабабуля выменяла ў кагосьці на зерне, шмат гадоў стаяла ў нас у хляве». Потым у калекцыі з’явіліся калаўроты, швейная машынка, люлька, куфэрак. Асаблівай мэблі ў доме не было, таму ўсё, што знаходзілі, ставілі прама на падлогу.



З цягам часу да ідэі стварэння вясковага музея далучыліся і іншыя жыхары Вялікіх Дворцаў. З іх гаспадарак у экспазіцыю трапілі ручнікі, ткацкі станок, гумавыя лапці, цацкі з анучы, посуд. А адзін дзядуля нават першы выпуск ле-нінскай «Іскры» прынёс. «У свой час наш Уладзімір Іванавіч усе яго работы праштудзіраваў. А потым яму нехта перадаў гэтую рарытэтную газету пачытаць, вось яна ў яго і засталася, — працягвае Андрэй. — Прычым захавалася выпадкова. Ён увярнуў у яе фотаздымкі і схаваў іх у шафе».

Каб сапраўды ператварыць дом у музей, Андрэй з бабуляй развесілі тут па-ліцы і выдзелілі некалькі тэматычных экспазіцый. Сярод іх і быт эпохі СССР, і рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны, і этнаграфічны куток. Цяпер школьнік з радасцю сустракае тут наведвальнікаў. Іх, дарэчы, хапае. Прычым гэта не толькі жыхары Вялікіх Дворцаў, але і людзі з суседніх вёсак і Пінска.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

Фота Арцёма КІР’ЯНАВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter