Вялікая дэлегацыя літаратараў — каля сотні чалавек, прадстаўнікі Мінска і ўсіх абласцей краіны, стануць гасцямі і ўдзельнікамі Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне. На думку старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, на сёлетнім свяце майстры празаічнага і паэтычнага радка пастараюцца максімальна прадставіць плён сваёй творчай дзейнасці.
Акрамя традыцыйных аўтограф-сесій, прэзентацый, працы на кніжных стэндах яшчэ напярэдадні Дня пісьменства адбудзецца творчая сустрэча з гаспадарамі свята — жыхарамі Шчучына. Пісьменнікі раскажуць пра свае новыя здабыткі.
Але размовамі толькі пра кнігі справа не абыдзецца. Настаў час даць людзям і новыя песні, упэўнены Мікалай Чаргінец. І ў гэтым напрамку плён таксама ёсць. Прыклад таму — новы альбом «Дзе каліна цвіла» кампазітара Алега Елісеенкава на словы паэта Івана Юркіна, выканаўца песень — народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. У яго ўвайшлі дзесяць лірычных і патрыятычных твораў. Пазнаёміцца з новым музычным альбомам прапануюць і жыхарам Шчучына. Відавочна, сюрпрызам у час гэтай сустрэчы для многіх стануць і спяваючыя пісьменнікі.
Шмат сустрэч запланавана і з юнымі чытачамі і аўтарамі. Творчасці студэнцкай і школьнай моладзі Саюз пісьменнікаў надае асаблівую ўвагу, праводзіць многа конкурсаў, дапамагае парадамі і з выданнем першых кніг. Лепшыя творы пачаткоўцаў узгадаюць і ў час свята. Акрамя таго, упершыню юныя футбалісты прымуць удзел у спартыўным спаборніцтве на прыз Саюза пісьменнікаў.
Яшчэ адна навінка сярод падзей сёлетняга свята — уручэнне ўпершыню заснаванай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Журы ўжо вызначыла лаўрэатаў у сямі намінацыях, але іх імёны пакуль трымаюць у сакрэце. Тым часам Мікалай Чаргінец не ўтойвае, што мае намер хадайнічаць за пашырэнне колькасці намінацый, якіх, на яго думку, павінна быць не менш за дзесяць.
Ірына СВІРКО