Iнтрыга раскрыта

Названы пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»

Названы пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»

Яркай падзеяй першага дня работы ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу стала цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў 52-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2013», якая адбылася 6 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Нагадаем, традыцыйна конкурс праводзіцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай выяўлення лепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігадрукаванні. Сярод важных задач конкурсу — таксама далейшае развіццё кніжнага мастацтва, павышэнне мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, папулярызацыя лепшых дасягненняў выдавецтваў рэспублікі.

На ўзнагароды конкурсу прэтэндавалі 175 выданняў ад 31 выдавецтва. Аўтарытэтнае прафесійнае журы, якое ўзначальваў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, вызначыла з іх пераможцаў у 14 намінацыях.

Уладальнікам Гран-пры ў намінацыі «Трыумф» стаў фотаальбом «Полацк. 1150». Ганаровы знак-сімвал «Вялікі залаты фаліянт» і дыплом імя Францыска Скарыны ўручаны выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», дызайнеру Усеваладу Свентахоўскаму і паліграфічнаму прадпрыемству — выдавецтву «Беларускі Дом друку».

Мастацкаму афармленню фотаальбома «Полацк. 1150» надавалася асабліва вялікая ўвага. Кніга аб’ёмам больш за 500 старонак паўтарае старажытны беларускі летапісны кодэкс і з’яўляецца свайго роду летапісам Полацкай зямлі і яе сталічнага града Полацка. Для мастацкага вобраза кнігі выкарыстаны два колеры вокладкі: охрысты — колер зямлі, сіні — вады і неба. У мастацкіх фота, гравюрах і жывапісе пераклікаецца белы колер храмаў старажытнага горада і ветразяў ладдзі, якая нясецца па водах Палаты і Заходняй Дзвіны. Менавіта гэтыя колеры прадстаўлены ў гербе Полацка — адным з самых старажытных гарадскіх гербаў Беларусі.

Варта адзначыць, што разам з Гран-пры выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» са сваёй кніжнай прадукцыяй атрымала яшчэ два «Малых залатых фаліянты» за перамогу ў конкурсных намінацыях, тры дыпломы другой ступені і адзін спецыяльны дыплом. А дызайнер Усевалад Свентахоўскі прызнаны лепшым яшчэ і ў персанальнай намінацыі «Майстэрства».

Вялікая колькасць узнагарод і ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» — тры «фаліянты» ў розных намінацыях і тры дыпломы першай ступені.

Адна з 14 намінацый — «Падручнік новага стагоддзя» (выданні навучальнага напрамку) — сёлета па рашэнні журы засталася без пераможцы.

А пераможцам спецыяльнай, упершыню заснаванай намінацыі «Рускі свет», прысвечанай ганароваму госцю кніжнай выставы-кірмашу — Расіі, стаў Дэпартамент сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы Урада Масквы за выданне кнігі Якуба Коласа «Новая зямля» ў перакладзе на рускую мову, стварэнне сумесных выдавецкіх праектаў «Энцыклапедыя Перамогі. Беларусь—Масква», «Жывая вера. Ветка».

На здымку: выстаўка кнiг, якiя ўдастоены прызоў Нацыянальнага конкурса «Мастацтва кнiгi».

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter