Iдэалогiя ў практычным варыянце

Ніна Пракапенка, намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях і інфармаваннi Калінкавіцкага райвыканкома, расказвае мне, як яны рыхтаваліся да 60-годдзя вызвалення горада і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як вырашылі стварыць атрад барабаншчыц, шукалі для іх інструменты, куплялі яркую, стылізаваную пад даўніну форму. — Гэта было так неабходна? — пытаю я ў Ніны Іосіфаўны. – Ці варта раённаму бюджэту аддаваць грошы на форму для дваццаці чалавек, калі за іх можна было б, да прыкладу, заасфальтаваць некалькі вуліц?
— А вы бачылі, з якім поспехам атрад барабаншчыц выступіў на свяце? Ён заваяваў агульныя сімпатыі, і ўсе пытанні скептыкаў аказаліся знятымі. Гэта ж не бутафорыя, так бы мовіць, а выхаванне патрыятызму, эстэтычнага густу і вырашэнне праблемы вольнага часу. Які сэнс, калі па дагледжанай вуліцы пойдзе бездухоўны, з нізкай мараллю чалавек і будзе плявацца шалу-піннем ад семак? Сёння больш за ўсё такія з’явы трывожаць. Спецыялісты адзначаюць, што абыякавасць — гэта хвароба інтэлекту і душы. Ад яе пакутуе псіхіка тых, хто жыве побач. А наркотыкі, а СНІД? Калі мы не закрычым: «SOS», то якая будучыня нас чакае? Мы павінны шчыра і ўсебакова працаваць з падлеткамі, моладдзю, бо не будзе іх — не будзе і самой будучыні. — Наколькі зменшылася за апошнія гады насельніцтва Калінкавіччыны? — У 1985 годзе ў горадзе і раёне жылi 80,3 тысячы чалавек. Сёлета – 69 тысяч. За адзін толькі 2003 год мы страцілі 927 чалавек. — І гэта ж буйны раён... Але вы, Ніна Іосіфаўна, колькі год ужо вас ведаю, аптымістка і, падаецца, валодаеце сакрэтамі нейкімі, дакладна ведаеце, што і як рабіць. — Я думаю, на першым месцы сёння павінна стаяць ідэалогія. Мы зацыкліліся на палітыцы-эканоміцы. Перабудова зрабіла сваю чорную справу, пазбавіўшы нас ідэалаў. — А як асабіста вам, на раённым узроўні, удаецца скіраваць чалавека да лепшага? — Вось такі прыклад. Да 60-годдзя вызвалення горада і раёна мы адкрывалі помнік падпольшчыкам і партызанам-землякам. Не хапала сродкаў. Мы размаўлялі з людзьмі, пісалі ў газеце так: ці правільна будзе, калі мы, нашчадкі тых, каго 16-гадовымі расстралялі ў лесе, на іх забудземся? Ці, наадварот, зможам, калі пабудуем, ганарыцца гэтым помнікам? Мы стварылі дабрачынны фонд. Хто прысылаў па дзве, хто па тры тысячы рублёў... Некаторыя сельсаветы сабралі па дзвесце тысяч. Усяго людзі ахвяравалі больш за сем мільёнаў рублёў. І калі мы адкрывалі помнік, то, я ўпэўнена, кожны адчуў сваю прыналежнасць да гэтай высакароднай справы. Паверце, людзі не страцяць імкненне і здольнасць рабіць дабро, калі іх натхніць на гэта. — Надзвычай цікава. У мініяцюры гэта цудоўны прыклад, як ідэалогія можа ўплываць на эканоміку. А адваротны прыклад з вашай практыкі? — Калі людзі апынаюцца ў цяжкай сітуацыі, тады райвыканком ідзе насустрач. Улічваючы, колькі ў нас праблемных сем’яў, старых, інвалідаў, беспрацоўных, іншых неабароненых грамадзян, мы адкрылі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там два аддзяленні кругласутачнага знаходжання старых, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для дзяцей з псіхафізічнымі адхіленнямі. Аддзяленне працоўнай рэабілітацыі маладых інвалідаў – наогул наш гонар. Гэта для інвалідаў справа жыцця. У дзяцінстве яны знаходзяцца пад апекай сацыяльнай абароны і адукацыі, а як ім быць пасля 18 гадоў? Дзе знайсці працу, калі яе не хапае здаровым? У нас гэтая моладзь працуе з дрэвам, тканінай, вырабляе рэчы на продаж, зарабляе стаж і будзе атрымліваць працоўную, а не сацыяльную пенсію. Адкрыццё цэнтра абярэмкам лягло на раённы бюджэт, але гэта так неабходна людзям. — Думаю, у горадзе шмат чаго зроблена за апошні час? — Рамантуем дарогі, газіфікуем дамы, асвятляем вуліцы, прыпынкі транспарту ў самых далёкіх, глухіх мікрараёнах. У цэнтральным парку адкрылі дзіцячы гарадок. Ідзе закладка пейзажнага саду па аналогіі з Батанічным, сквера адукацыі. У цэнтры будзе помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Працуем усе. Узнікае ідэя, і ўсё вакол яе круціцца-верціцца. — Нядзіва, што вы гэта разумееце. Адчуваецца былы настаўнік, ды яшчэ роднай мовы, літаратуры. Патрыёт. Скажыце, наколькі вам самой усё гэта цікава? — Надзвычай! Асабліва важна, каб людзі адчувалі сваю значнасць і дачыненне да высакародных учынкаў. Тады яны і самі становяцца лепшымі. Трэба даваць ім такую магчымасць. Вось такі сэнс нашай практычнай ідэалогіі. Практычныя вынікі аказваюцца дастаткова плённымі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter