Госць з Луўра

Учора прэзідэнт — генеральны дырэктар нацыянальнага музея Францыі “Луўр” Анры Луарэт наведаў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, пасля чаго адправіўся глядзець колішнія радзівілаўскія рэзідэнцыі ў Міры і Нясвіжы. А сёння мае сустрэцца з новым міністрам культуры нашай краіны Паўлам Латушкам у Нацыянальнай бібліятэцы.

Візіт парыжскага госця арганізаваны пасольствам Беларусі ў Францыі, і гэта вельмі значная падзея. Парыж — культурная Мекка ўсяго свету, а Луўр — асяродак паломніцтва для кожнага знаўцы сапраўднага мастацтва.
Між тым спадар Луарэт ацаніў вельмі высока Нацыянальны мастацкі музей. Яму паказалі ўсе залы — ад рускага мастацтва (пра якое французскі дырэктар добра ведае) да сучаснага беларускага авангарду.
Госць з Парыжа доўга разглядаў парадны партрэт Кацярыны Другой работы ананімнага майстра канца XVIII стагоддзя, варыянт славутай карціны Васілія Пукірава “Няроўны шлюб”, работу Канстанціна Макоўскага “Балгарскія пакутніцы”. Склалася ўражанне, што гэтыя творы цікавілі спадара Луарэта не проста як спецыяліста ў рускім жывапісе, ён прыглядаўся да карцін як антыквар: купіць ці не купіць? Але паколькі музейныя шэдэўры не прадаюцца, то, відавочна, дырэктар Луўра разважаў, ці варты яны паказу ў Парыжы.
— Я пакуль што не зрабіў канчатковых высноў, але ўжо маю некалькі ідэй аб сумесных праектах, — адказаў французскі госць на пытанне, ці будзе абмен выставамі паміж галоўнымі музеямі дзвюх краін.
Нягледзячы на ўнікальнасць і каштоўнасць (як эстэтычную, так і грашовую) рускай калекцыі беларускага музея, усё ж — і гэта асабліва прыемна — месьё Луарэт асаблівую ўвагу праявіў да нашых родных твораў мастацтва. Заінтрыгаваў найперш Язэп Драздовіч, дакладней, дзве яго карціны на касмічныя матывы. Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, патлумачыў калегу, што Драздовіч маляваў свае творы яшчэ да палёту чалавека ў космас: “Беларускі мастак меркаваў, што на Марсе і Сатурне павінны быць рэшткі цывілізацыі накшталт чалавечай, і выяўляў свае фантазіі фарбамі на палатне”.
Дырэктар Луўра шчыра здзівіўся:
— Гэта незвычайны мастак, для мяне яго творы — нешта новае, адрознае ад таго, што я прывык бачыць. Як завуць гэтага майстра? Прадыктуйце мне, калі ласка, — пан Луарэт дастаў нататнік і запісаў прозвішча беларуса.
Не менш за Драздовіча ўразілі французскага госця слуцкія паясы: “Выдатная якасць! Добрая тканіна!” Алена Карпенка, загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, між іншым, звярнула ўвагу на адзін з паясоў: “А вось гэта копія арыгінальных вырабаў слуцкай мануфактуры, зробленая ў Ліёне...” — “У Ліёне?” — захавальнік Луўра Жанік Дзюранд, які суправаджаў дырэктара, не адразу паверыў, што ў ткацкай сталіцы Францыі капіравалі паясы з беларускага Слуцка.
“О! Беларусь — гэта цэлая цывілізацыя!” — уражаны, прамовіў спадар Луарэт. Важная заява. У галоўным музеі Францыі прадстаўлена мастацтва, бадай, з усіх куткоў свету, але нестае беларускага элемента, са шчырым шкадаваннем прызнаў дырэктар. Кіраўнік Луўра спадзяецца, што пасля падарожжа ў Мінск неўзабаве ў яго галерэі з’явіцца і куток мастацтва “новаадкрытай” краіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter