Гомельская дабрадзейка

Кожнай беднай дзяўчыне княгiня Паскевiч давала пасаг для шлюбу

Кожнай беднай дзяўчыне, якая хацела выйсцi замуж, княгiня Iрына Паскевiч давала пасаг

Iрына Iванаўна Варанцова-Дашкава лiчылася адной з самых зайздросных пецяр­бург­скiх нявест сярэдзiны ХIХ стагоддзя. Па-першае, яна была прадстаўнiцай старажытнага i вельмi славутага дваранскага роду. Заснавальнiкам яго лiчыўся вараг Афрэк, брат вядомага з рускiх летапiсаў ярла Якуна Сляпога, якi знахо­дзiўся на службе ў кiеўскiх князёў у ХI стагоддзi.

Па-другое, Варанцовы-Дашкавы на працягу некалькiх стагоддзяў, зна­ходзя­чыся практычна ля самага ра­сiйскага прастола, аказвалi iстотны ўплыў на палiтыку Расiйскай дзяржавы. Бацька Iрыны Iван Iларыёнавiч Варанцоў-Дашкаў займаў высокае палiтычнае становiшча, ён быў обер-цырымонiй­майстрам i значыўся згодна з Табелем аб рангах сапраўдным тайным саветнiкам.

Па-трэцяе, сям’я была вельмi багатая. Пецярбургскi салон, адкрыты мацi Iрыны, адной з першых прыгажунь сталiцы Аляксандрай Кiрылаўнай, лiчыўся адным з самых раскошных i прэстыжных. Быць запрошанымi сюды на баль цi вечар лiчылi за гонар i ўплывовы палiтык, i модны паэт, i военачальнiк, абвешаны ўзнагародамi, i iншаземная славутасць. Тут услаўлялi прыгажосць, розум, вытанчанасць i ўмелi зацiкавiць гасцей.

Аднойчы салон Аляксандры Кiрылаў­ны наведаў сын героя руска-персiд­скай i руска-турэцкай войнаў праслаўленага фельдмаршала Iвана Фёда­равiча Паскевiча-Эрыванскага Фёдар Паскевiч. Спадчыннiк славы свайго састарэлага бацькi, Фёдар Iванавiч ужо не быў легкадумным юнаком. Але, дажыўшы да трыццацi гадоў, усё яшчэ не ажанiўся. I здаецца, пакуль нi разу сур’ёзна не кахаў. Юная Iрына Варанцова-Дашкава завалодала яго думкамi настолькi, што ён хутка ператварыўся ў пастаяннага наведвальнiка салона i стаў iмкнуцца ўсяляк прыцягнуць да сябе ўвагу дзяўчыны, якая была пастаянна акружана паклоннi­камi. Багац­цi, здабытыя бацькам на марсавых палях, дазвалялi яму заляцацца да князёўны, i вытанчаныя знакi ўвагi Паскевiча былi ацэнены бацькамi Iрыны.

Аднак, калi ўрэшце рэшт дачка заявiла, што збiраецца прыняць прапанову Паскевiча, радасцi ў iх гэта не выклiкала. Пра Паскевiча-старэйшага ў свецкiх колах казалi не iнакш як «з гразi ў князi». Зрэшты, гэтыя словы, сапраўды, як нельга лепей падыходзiлi для вызначэння становiшча фельдмаршала. Нашчадак небагатага лiтвiнскага шляхцiца Пасько Чалага, якi жыў у ХVII стагоддзi, стары Паскевiч не толькi багаццi, але i княжацкi тытул атрымаў выключна дзякуючы сваiм асабiстым воiнскiм талентам. Стаўшы роўным па становiшчы расiйскай знацi, для яе, тым не менш, ён па-ранейшаму заставаўся чалавекам «заняпалага паходжання».

Родныя i блiзкiя, як маглi, адгаворвалi князёўну Iрыну ад такога неразумнага выбару. Але, вiдаць, пачуццi, якiя звязвалi дзяўчыну з непажаданым для яе бацькоў прэтэндэнтам, былi нежартоўнымi. Шлюб адбыўся.

Вышэйшы свет быў уражаны. Замужжа Iрыны Варанцовай-Дашкавай было ўспрынята як выклiк. Маладой сям’i фактычна абвясцiлi байкот. Ахвяраваўшы дзеля кахання «дружбай» велi­касвецкiх львоў i львiц, новаспечаная княгiня Паскевiч тры гады вымушана была весцi замкнёны лад жыцця. У гэты перыяд жыцця княгiня Iрына весялiла сябе тым, што, абсталяваўшы ў адной з залаў тэатральны пакой, ладзiла для блiзкiх паказы, у якiх прымала i сама ўдзел, выхо­дзячы на сцэну ў той цi iншай ролi.

Калi ў самым пачатку 1856 года сямiдзесяцiчаты­рохгадовы фельдмаршал Паскевiч памёр, Iрына Iва­наўна без шкадавання згадзiлася пакiнуць сталiцу Расiйскай iмперыi, каб разам з мужам уступiць ва ўладанне спадчынай свёкра. Галоўным маёнткам Паскевiча-старэйшага быў Гомель. Яму належала палова горада, старая яго частка. У Гомельскiм павеце ўласнасцю Паскевiча было 90 маёнткаў, фальваркаў, сядзiб, хутароў, дамоў. I калi б не складаны характар фельдмаршала, маладая сям’я атабарылася б у Гомелi адразу ж пасля вянчання.

Абжываючы раскошны гомельскi палац, пабудаваны некалi свёкрам з усёй пампезнасцю, што толькi мог дазволiць сабе чалавек, якога ў дадатак да ўсяго iмператар Мiкалай I прызначыў сваiм намеснiкам у Польшчы, княгiня Iрына мiжволi пачынала думаць пра людзей бедных, якiх бачыла так шмат вакол сябе. Захапляючыся прозай вялiкiх расiйскiх гуманiстаў Талстога, Дастаеўскага, Тургенева, яна пачынала адчуваць неабходнасць служэння блiзкаму. I вось у 1857 годзе, усяго праз чатыры гады пасля замужжа, княгiня Паскевiч прымае рашэнне ахвяраваць штомесяц па дзесяць рублёў срэбрам для бясплатнага жаночага вучы­лiшча. Па яе iнiцы­я­тыве i на яе сродкi ствараюцца i ўт­рым­лiваюцца прытулак для дзяўчынак-сiрот, дзiцячы прытулак гарадскога папячыцельства бедных i багадзельня для старых жанчын.

Сярод выхаванцаў прытулкаў княгiня Iрына выбiрала найбольш здольных дзяцей i давала iм магчымасць атрымаць прафесiю, якая ў далейшым магла б забяспечыць iм бязбеднае iснаванне.

Аднойчы княгiня ўбачыла на вулiцы юную дзяўчыну, якая з усiх сiл iмкнулася звярнуць на сябе ўвагу мужчын, што праходзiлi мiма. У шчырай размове з Iрынай Iванаўнай тая прызналася, што ёй не застаецца нiчога iншага, бо яна не мае пасагу, каб выйсцi замуж. Уражаная княгiня тут жа вырашыла, што ў Гомелi больш не будзе беспасажнiц. I з гэтага часу кожнай беднай дзяўчыне, якая хацела выйсцi замуж, княгiня давала пасаг.

Моцна жадаючы мець дзяцей, Iрына Iванаўна аднойчы выслухала безапеляцыйны прысуд урачоў: дзяцей у iх з князем Паскевiчам быць не можа… Пазбаўленая магчымасцi прылашчыць уласнае дзiця, княгiня падарыла сваю любоў многiм чужым дзецям, якiя страцiлi бацькоў. Яна праводзiла з iмi шмат часу, клапацiлася пра iх выхаванне. Менавiта для iх, дзетак-сiрот, адкрыла княгiня на пера­крыжаваннi вулiц Замкавай i Траецкай салон, у якiм iх навучалi музыцы i спевам. Але i тыя гомельскiя дзецi, якiя мелi сем’i, не былi забытыя княгiняй. У вёсцы Сцюдзёная Гута пад Гомелем Iрына Iванаўна пабудавала школу для вясковых дзетак. А ў самiм Гомелi на грошы Паскевiчаў была створана мужчынская класiчная гiмназiя. Па святах усiм дзецям Гомеля па загадзе княгiнi Iрыны раздавалi падарункi.

Але панi-дабрадзейка займалася не толькi гэтым. У вольны час яна спрабавала сябе на лiтаратурнай нiве. Да тых аповедаў i навел, якiя выходзiлi з-пад яе пяра, княгiня ўсур’ёз не ставiлася. Аднак яна рашылася надрукаваць некалькi сваiх перакладаў лiтаратурных твораў французскiх аўтараў на рускую мову i рускiх — на французскую. Водгукi былi прыхiльнымi. I тады княгiня ўзялася за такую грунтоўную i нялёгкую ва ўсiх адносiнах працу, як пераклад рамана-эпапеi Л.Талстога «Вайна i мiр» на французскую мову. Пад псеўданiмам «Una russe» («Адна руская») пераклад з’явiўся ў Францыi ў 1873 годзе. Дзя­куючы яму французы ўпершыню азнаёмiлiся з вялiкiм творам рускага пiсьменнiка. Менавiта з перакладу Iрыны Паскевiч былi зроблены першыя пераклады «Вайны i мiра» на англiйскую, венгерскую, галандскую, польскую i турэцкую мовы. Лiтаратурную працу гомельскай княгiнi высока ацэньваў I.Тургенеў. Называючы пераклад «трохi слабаватым», але ўсё ж такi «зробленым старанна i з любоўю», ён усяляк садзейнiчаў яго распаўсюджванню ў Францыi, а магчыма, з’яўляўся i натхнiцелем на яго стварэнне.

У 1903 годзе княгiня Iрына аўдавела, пражыўшы ў шлюбе пяцьдзесят гадоў. Яна засумавала, апранулася ў цёмнае адзенне на ўсё астатняе жыццё i… яшчэ болей паглыбiлася ў справы дабрачыннасцi i мiласэрнасцi. У 1905 годзе ахвяравала дзесяць тысяч рублёў на заснаванне iмянной стыпендыi пры Пецярбургскiм тэх­налагiчным iнстытуце. Гэта стыпендыя, якая ўтваралася ад працэнтаў з ахвяраванай сумы, штогод прызначалася аднаму са студэнтаў iн­сты­тута, самаму здоль­наму, незалежна ад саслоўя i веравызнання. У 1907 годзе на ўласныя грошы Iрына Iванаўна пабудавала водаправод ў Гомелi, падарыла гораду дзве пажарныя вышкi, мураваны будынак для рамесных класаў мужчынскага прыходскага вучылiшча.

Вымушаная пасля смерцi мужа ўзяць у свае рукi кiраванне шэрагам прад­прыемстваў, якiя належалi яму, княгiня Паскевiч паказала сябе не проста паспяховай кiраўнiцай, але i чалавекам новага мыслення. Так, яна першая ў Расiйскай iмперыi ўвяла для рабочых Добрушскай папяровай фабрыкi i Добрушскага лесапiльнага завода васьмiгадзiнны працоўны дзень. Усе супрацоўнiкi гэтых прадпрыемстваў атрымалi ад гаспадынi бясплатнае i вельмi прыстойнае жыллё. Зрэшты, гомельскiя газеты па наказе княгiнi Iрыны бясплатна карысталiся паперай, якую выраблялi на яе фабрыцы.

Акрамя вышэйпамянёных прадпрыемстваў, Iрына Iванаўна валодала таксама заводам па перапрацоўцы бульбы. Аналагiчныя прадпрыемствы iншых прамыслоўцаў гналi спiрт, але княгiня Паске­вiч, якой была ненавiсная нават думка пра тое, што яна можа нейкiм чынам далучыцца да спойвання народа, замест спiрту вырабляла патаку.

Неяк княгiня сустрэла на вулiцы яўрэйскага хлопчыка, якi гандляваў булкамi з макам. Нешта прыцягнула ўвагу да яго, i яна вырашыла ўладкаваць яго будучыню. Хлопчык, Абрам Брук, аказаўся сiратой, i ён, аказваецца, марыў стаць доктарам. Iрына Iванаўна дапамагла гэтай мары здзейснiцца. Пасля таго як Брук атрымаў неабходную першапачатковую адукацыю ў Гомелi, гаспадыня-дабра­дзейка накiравала яго вучыцца ў Швейцарыю на акулiста. Аднойчы княгiня Паскевiч заўважыла, што ў горадзе i яго наваколлях надта ж многа людзей пакутуюць на трахому. Сама княгiня таксама пачала слепнуць. Гораду патрэбны быў не толькi квалiфiкаваны акулiст. Варта было пабудаваць спецыялiзаваную лячэбнiцу. Iрына Iванаўна фiнансавала яе будаўнiцтва, на ўласныя грошы падрыхтаваўшы цэлы шэраг урачоў. Акрамя Абрама Брука, гэта былi Старавiнскi, Аляксандраў, Васiлеўскi. Узровень падрыхтоўкi гомельскiх акулiстаў аказаўся такiм высокiм, што з усёй Беларусi хворыя спяшалiся да iх на прыём у лячэбнiцу на вулiцы Канатнай. Тут многiм вярталi зрок. Але, на жаль, княгiню Паскевiч яе выхаванцы не змаглi вылечыць, яны толькi прыпынiлi, расцягнуўшы на гады, працэс страты ёю зроку.

Вышэйпамянёная лячэбнiца была не адзiнай медыцынскай установай, адкрытай Iрынай Iванаўнай. У 1912 г. яна будуе гiнекалагiчную бальнiцу i раддом. А таксама ахвяруе грошы на ўзвя­дзенне нейрахiрургiчнай клiнiкi Пiрагова ў Пецярбургу.

У гады Першай сусветнай вайны па iнiцыятыве княгiнi Паскевiч быў пабудаваны ваенны шпiталь на 100 ложкаў. Прынялi параненых таксама часова ператвораныя намаганнямi Iрыны Iванаўны ў лазарэты iншыя медыцынскiя i лячэбныя установы. Дапамога гомельскай княгiнi рускiм воiнам, якiя былi параненыя на фронце, атрымала шырокi рэзананс. У 1915 годзе падзякаваць Iрыне Паскевiч у Гомель прыехаў сам цар Мiкалай II. Гэта былi апошнiя гады iснавання царскай Расii.

...Праз тры днi пасля ўсталявання ў Гомелi ў лiстападзе 1917 года савецкай улады княгiня Паскевiч адпiсала дароўную на ўсю сваю маёмасць дзяржаве i назаўжды пакiнула свой палац. Першы час Iрына Iванаўна жыла пры лячэбнiцы, дзе выдзелiў ёй пакой доктар Брук. Потым улады далi ёй маленькую кватэрку непадалёк ад палаца, якi перадалi пiянерам i краязнаўчаму музею. Жыла княгiня Паскевiч разам са сваёй былой служанкай. Да самага канца заставаўся пры былой гаспадынi i стары дварэцкi Далгоў. Пайшла з жыцця княгiня Iрына 14 красавiка 1925 года. Было ёй амаль дзевяноста гадоў…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter