Глыбокiя рэкi цякуць павольна

Выйшла ў свет кнiга Аляксандра Хазянiна «Скарбонка мудрасцi»

Так  i  мудрыя  людзi  жывуць

Трымаю кнiгу галоўнага  рэдактара «Маладзечанскай газеты» Аляксандра Хазянiна «Скарбонка мудрасцi», што нядаўна выдадзена ў друкарнi «Перамога»,  i ўспамiнаю 1985 год.

Тады я, студэнт-выпускнiк факультэта журналiстыкi Белдзяржунiверсiтэта, даведаўся, што ў рэдакцыi газеты ў Маладзечне ёсць вакантная пасада, i накiраваўся туды. Аляксандр Аляксандравiч толькi стаў працаваць рэдактарам. Не ведаю, чым я яму прыглянуўся, але ён падпiсаў заяўку, да таго ж прыехаў на размеркаванне i адстаяў мяне перад членамi дзяржаўнай камiсii на чале з суровымi супрацоўнiкамi ЦК КПБ. З задавальненнем успамiнаю чатыры гады працы пад кiраўнiцтвам Хазянiна.

Цяпер разумею, чаму Аляксандр Аляксандравiч тады адмаўляў многiм, хто ўжо набiў руку ў журналiстыцы, а браў нас, маладых. Перш за ўсё ён цанiў чалавечыя якасцi.  Для рэдактара важна было не тое, як журналiст пiша, а што пiша. I ў калектыве таксама прывiваў узаемапавагу, давер. Цi не таму некаторыя супрацоўнiкi доўгiя гады так i застаюцца ў рэдакцыi, хоць iм i прапаноўваюць высокiя пасады ў iншых месцах?  Аляксандр Хязянiн у сваёй кнiзе прызнаўся, што яго крэда такое: чым больш аддаеш людзям, тым багацейшым становiшся.  

«Маладзечанская газета» амаль кожны год называецца калi не лепшай, то адной з лепшых сярод мясцовых выданняў краiны i Мiнскай вобласцi. Так, за гэта даюць прэмii, дыпломы. Але галоўную адзнаку ставяць чытачы. I заўсёды, нават у цяжкiя 1990-я гады,  яны не адварочвалiся ад яе. 

У адной з нататак Аляксандр Аляксандравiч заўважае: каб даведацца, якi сябар, трэба паставiць яго начальнiкам. У «Скарбонцы мудрасцi» паўстае вобраз самога Аляксандра Хазянiна,  яго светапогляд, думкi...  У выданне ўвайшлi мiнiяцюры, эсэ, навелы, нарысы, апавяданнi, рэцэнзii, напiсаныя ў розныя гады. Усё гэта — ланцужок назiранняў за нашым жыццём.

Думаецца, невыпадкова шмат нататак, разважанняў прысвечана кiраўнiкам прадпрыемстваў, гаспадарак, устаноў...  У нарысе «На быстрынi жыцця» распавядаецца пра няўрымслiвага чалавека – былога старшыню СВК «Яхiмоўшчына» Маладзечанскага раёна Генадзя Бажко. Здавалася б, вырошчвай збажыну, бульбу, здавай малако i мяса – што яшчэ ад сельгаскiраўнiка патрэбна? Аднак Генадзь Iванавiч узяўся за развiццё культуры ў вёсцы: стварыў музей Янкi Купалы, куды едуць з усёй Беларусi... Прызнаўся Аляксандру Аляксандравiчу, што я б так не напiсаў, хоць старшыню таксама асабiста ведаю,  часта  сустракаўся з iм.  «Дык я з маiмi героямi не адзiн пуд солi разам з’еў», — адказаў Хазянiн. Па сабе ведаю: калi з героямi вельмi блiзка знаёмы, то пiсаць пра iх намнога цяжэй...

Так, сённяшнi час складаны. Не ўсе ўсё разумеюць у вiры жыцця. «Цяпер увогуле нешта халодна-афiцыйнае ў адносiнах мiж людзьмi стала пераважаць, — пiша аўтар кнiгi. – Прагматызм замянiў свет сапраўдных пачуццяў, радасцей, трывог i хваляванняў...» 

Чытаю  апавяданне-быль «Веранiка». У iм расказваецца аб франтавым каханнi двух людзей, аб цяжкiх выпрабаваннях у пасляваенную пару... I адкрываецца новы вобраз Хазянiна.  Не журналiста, публiцыста, якога добра ведаю, а пiсьменнiка, якi ўмее заглянуць у душу чалавека, трапна паказаць характары сваiх герояў. Тэма кахання – новая ў яго творчасцi. Хоць, напэўна, i невыпадковая. Усё жыццё Аляксандр Аляксандравiч пражыў са сваёй жонкай Валянцiнай у згодзе ды каханнi. I нешта я не чуў, каб хоць раз яны пасварылiся. Вырасцiлi сыноў, гадуюць унукаў. Хоць, зразумела, бывалi i цяжкасцi. 

Хазянiн – чалавек па характары добры. Яшчэ гадоў дзесяць таму назад ён надрукаваў у «Р» падборку дзiцячых гутарак. Умее не толькi падслухаць, што кажуць маленькiя чалавечкi, але i падаць так, што ўсё гэта гучыць не толькi забаўляльна, але i па-фiласофску. I ў «Скарбонцы мудрасцi» таксама можна знайсцi мудрыя дзiцячыя выразы... Гэты занятак, як кажуць, хобi журналiста. А ў тых, хто любiць дзяцей, характар заўсёды добры. I я не памятаю, каб калi хоць раз Аляксандр Аляксандравiч,  як рэдактар, накрычаў на мяне, не гаворачы аб тым, каб нахамiў. А вось вымову даў. I справядлiва.

Яшчэ адна рыса характару Хазянiна – пошук новага. У перабудовачныя часы ён прымушаў нас, журналiстаў, калясiць па ўсiм раёне i шукаць «новыя адметныя рысы жыцця». Цi не таму газета выдзялялася тады сярод многiх iншых? Цяпер бяру ў рукi «Маладзечанскую газету» i бачу, што там з’явiлася шмат удумлiвых матэрыялаў. Па-жыццёваму ўзважаных, вытрыманых, якiя не абражаюць герояў крытычных публiкацый.

«Глыбокiя рэкi цякуць павольна», — прыводзiць аўтар прымаўку. Так i мудрыя людзi жывуць павольна. Хто вельмi мiтусiцца, многага не дасягне. Аляксандр Аляксандравiч у сваiм жыццi не мiтусiцца i паспеў зрабiць шмат чаго карыснага. I кнiга атрымалася даволi грунтоўная, цiкавая. «Скарбонка мудрасцi» — не з лiку выданняў, што прачытаеш i забываеш. Яна прымушае думаць.

А на днях у час нашай сустрэчы Аляксандр Аляксандравiч завёў размову аб сваiм жыццi-быццi, працы. «Нешта рана сталi падводзiць вынiкi», — заўважыў яму. I думаецца, Хазянiн яшчэ не раз заявiць аб сабе ў беларускай публiцыстыцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter