Глушкавіцкая трагедыя

Падзеі, якія адбыліся ў палескай вёсцы 70 гадоў назад, нельга забыць

Падзеі, якія адбыліся ў палескай вёсцы 70 гадоў назад, нельга забыць

Пра гэтую трагедыю, якая адбылася ў Глушкавічах 24—26 снежня 1942 года, нагадвае сёння помнік-скульптура жанчыны ў жалобе. Апрача таго, у Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» гэтая вёска ўвекавечана, як і іншыя спаленыя сёлы.

Што ж адбылося? Даваенная вёска была густанаселенай, тут пражывала дзве тысячы жыхароў, знаходзілася і аддзяленне пагранічнікаў, якія ахоўвалі свае заставы на былой савецка-польскай мяжы (новая ў 1939 годзе перамясцілася да Брэста). У снежні 1942 года Глушкавічы былі сталіцай будучага партызанскага краю, у вёсцы размяшчаўся штаб з радыёстанцыямі, друкарняй, шпіталем, разведкай, артбатарэяй і баявымі ротамі Сумскага партызанскага злучэння двойчы Героя Савецкага Саюза генерала С.А. Каўпака, якое перабазіравалася з Бранскага краю. У вёску сцякаліся разведгрупы і сувязныя з Палескай вобласці, з Жытоміршчыны, Ровеншчыны і Валыні.

У пачатку снежня каўпакаўцы паспяхова і без страт правялі Сарнянскую аперацыю («Сарнянскі крыж»), узарваўшы 10 чыгуначных мастоў, у тым ліку тры шматпралётныя, на стратэгічных чыгунках Баранавічы—Роўна і Ковель—Кіеў, якія арганізоўвалі дагэтуль бесперабойнае забеспячэнне групы армій «Поўдзень» у час Сталінградскай бітвы.

Ад гэтага ўдару занепакоіліся ажно ў Берліне. Сюды перакідваюцца дывізія СС з Югаславіі, дывізія берлінскай жандармерыі, полк «Гітлер’югенд», батальёны імперскай паліцыі, «казачкі» і паліцыя з Кіеўшчыны, Жытоміршчыны і Ровеншчыны...

23 снежня 1942 года на Глушкавічы адначасова наступала пяць батальёнаў СС і жандармерыі пры падтрымцы паліцаяў. Увесь дзень і вечар у ваколіцах вёскі ішоў бой. Увечары каўпакаўцы разам з мірнымі жыхарамі грэбляй па бездарожжы і пад варожымі трасіруючымі кулямі пакідалі вёску. У гэтую ж ноч рэзка па-зімоваму пахаладала. Пасля адыходу партызан у ноч на 24 снежня гітлераўцы ўварваліся сюды з двух бакоў. Па вёсцы, якая раскінулася на пяць кіламетраў, раззлаваныя гітлераўцы вышуквалі мірных жахароў. Некаторыя сем’і па сваёй волі засталіся ў вёсцы, некаторыя жыхары з дзецьмі, не вытрымаўшы холаду, пачалі вяртацца да сваіх хат, дзе іх чакалі карнікі.

У газеце Палескага падпольнага абкама і Мазырскага гаркама КП(б)Б «Бальшавік Палесся» ад 3 кастрычніка 1943 года паведамлялася: «У вёсцы Глушкавічы бандыты сякерамі і нажамі забілі, спалілі больш як 400 грамадзян. Селяніну Васілю Бурыму ірады-забойцы спачатку адрэзалі вушы, потым нос, язык, рукі, абпалілі бараду і беспрытомнага павесілі...»

Днём 26 снежня гітлераўцы пачалі зганяць людзей у асобныя адрыны. Вечарам іх аблілі бензінам і падпалілі. Па тых смельчаках, хто вырываўся з вогненнага пекла, ударылі кулямётнымі і аўтаматнымі чэргамі. Многіх, хто хаваўся ў падвалах, склепах ці ў партызанскіх акопах, немцы закідвалі гранатамі, а ў хатах проста расстрэльвалі.

Нямногім удалося выбрацца з гэтага пекла. 3 365 хат з пабудовамі засталася адна: мабыць, не заўважылі немцы, бо стаяла на ўскрайку. Усю ноч гарэлі Глушкавічы, а гітлераўцы, баючыся помсты партызан, адразу ж пакінулі вёску. А раніцай 27 снежня тыя, хто застаўся жывы, і тыя, хто быў у лесе, вярнуліся, каб пахаваць загінуўшых.

Карнікі знішчылі тады каля 400 мірных жыхароў. Гэтую лічбу пацвердзілі 19 снежня 1944 года ў час надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта без жыхароў з украінскіх вёсак, якія таксама загінулі ў Глушкавічах.

Цяпер вядома, што на Глушкавічы наступаў, акрамя частак СС і жандармерыі, і батальён, сфарміраваны ў берлінскіх турмах з крымінальнікаў з вялікім тэрмінам адбывання пакарання... Цікава, што перад гэтай трагедыяй яшчэ 1 снежня 1942 года начальнікам нямецкага Генеральнага штаба Ёдлем была зацверджана пастанова, у якой значылася: «Кожны камандзір карнага атрада нясе асабістую адказнасць за тое, каб усе злоўленыя ў выніку бою партызаны і грамадзянскія асобы (уключаючы жанчын і дзяцей) былі расстраляны ці павешаны...»

А пасля наведвання спаленых Глушкавічаў камісар каўпакаўскага злучэння Герой Савецкага Саюза генерал С.В. Руднеў запіша ў сваім легендарным дзённіку: «Няўжо чалавецтва даруе і забудзе гэтыя ліхадзействы?» Тады ж спаленыя Глушкавічы будуць знятыя на плёнку кінааператарам Барысам Вакарам, які загіне, як і камісар, у час Карпацкага рэйду. А потым гэтыя кадры будуць паказаны ў мастацкім фільме «Карпаты, Карпаты».

Хаця гэтая вёска, пра якую Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яна з’яўляецца паўднёвым фарпостам краіны, аднавілася ў пасляваенны час, але памяць пра тое, якой цаной далася нам перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, павінна застацца назаўсёды.

Уладзімір ЗУБРЭЙ, в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter