З’явіліся новыя выданні пра ўдзел беларусаў у бітве пад Монтэ-Касіна

Гара з кляштарам на вяршыні

З’явіліся новыя выданні пра ўдзел беларусаў у бітве пад Монтэ-Касіна


У калектыўнай памяці беларусаў верасень 1939-га па-ранейшаму не толькі свята ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй, але і згадкі пра тысячы супляменнікаў, лёсы якіх раструшчыла за 2-3 тыдні на самым пачатку Другая сусветная вайна. Пра тое пісаў і “Голас Радзімы”: “Высокае неба Монтэ-Касіна: Змагацца з фашызмам больш за 70 000 нашых суайчыннікаў з Заходняй Беларусі пачыналі яшчэ ў верасні 1939-га: калі Германія напала на Польшчу, іх адразу мабілізавалі ў Войска польскае” (ГР, №35, 17.09.2015). Калі той артыкул рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю газеты зайшоў літаратар Юрый Папоў. Прынёс у падарунак дзве свае кнігі: адну — пра мемарыял “Звон Нагасакі” пры Чырвоным касцёле ў Мінску (пра кнігу “Голос Ангела” мы пісалі ў тэксце “Звон з Нагасакі” (ГР, №33, 3.09.2015), і другую, пад назвай “Гора и монастырь”, летась выдадзеную да 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны. Апошняя прызначана “для гісторыкаў, студэнтаў ВНУ, шырокай грамадскай аўдыторыі”. У канцы кнігі змешчаны здымак і аўтара, зроблены на могілках каля Монтэ-Касіна і на фоне гары.


Якуб Конан — адзін з удзельнікаў вядомай бітвы

Кніга “Гара і кляштар” распачынаецца зваротам да чытачоў пробашча касцёла Святых Сымона і Алены, ксяндза-магістра, кандыдата гістарычных навук Уладзіслава Завальнюка і сакратара Таварыства “Беларусь—Польшча”, журналісткі Галіны Пяткевіч. Яны тлумачаць чытачу, чаму раней каталіцкія вернікі будавалі святыні ў непрыступных месцах, у пячорах пад зямлёй, на высокіх гарах: ім даводзілася хавацца там ад праследаванняў язычнікаў, іншых ворагаў. Кляштар на гары Монтэ-Касіна (гэта ў цэнтры Апенінскага паўвострава, у 115 кіламетрах паўднёвей Рыма) быў узведзены ў VI стагоддзі і не раз разбураўся заваёўнікамі. Асабліва жорстка, амаль ушчэнт — у час наступальных бамбардзіровак у маі 1944-га, калі там абараняліся італьянскія і нямецкія войскі, што перагарадзілі шлях 8-й брытанскай арміі. У складзе ж апошняй, апрача англічан, ваявалі аўстралійцы, новазеландцы, індыйцы, армія пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. У апошняй было шмат нашых супляменнікаў-беларусаў, выхадцаў з былой Заходняй Беларусі. Папулярнасцю, кажуць, сярод іх карыстаўся… прыручаны мядзведзь па мянушцы Войтак, які безадказна падносіў стралкам артылерыйскія снарады (нядаўна, дарэчы, таму касалапаму пастаўлены помнік у Кракаве).  

Воіны-андэрсаўцы вызначаліся асаблівай адважнасцю. Іх пасылалі на самыя небяспечныя ўчасткі, дзе яны здзяйснялі подзвігі, а таксама і масава гінулі. Паводле падлікаў Юрыя Папова, толькі ля гары Монтэ-Касіна пахавана 177 нашых суайчыннікаў, якія, піша аўтар, “павінны лічыцца роўнымі з іншымі ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны”.


Від на гару зверху

У асноўных раздзелах кнігі падрабязна разглядаецца гісторыя кляштара, у якім знаходзіцца магіла яго заснавальніка Прападобнага Бенедыкта. Яна даўно лічыцца святым месцам, а сам кляштар — цэнтрам “культуры і мастацтва сусветнага ўзроўню”. Да ІХ стагоддзя гара Монтэ-Касіна стала “самым багатым кляштарам у свеце”, і яго слава “дасягнула апагею”. Таму перад яго бамбардзіроўкай аліянты доўга дыскутавалі: ці трэба на яго кідаць вызначаных 750 тон бомбаў? Што ж, выбар быў сапраўды няпростым. І сёння, напрыклад, многія гісторыкі лічаць тое руйнаванне непатрэбным, нават варварскім...

Пасля вайны, піша аўтар, кляштар быў старанна адноўлены: італьянскі ўрад абвясціў яго сваёй уласнасцю, прыдаў “статус нацыянальнай каштоўнасці”. У багата ілюстраванай кнізе змешчаны каляровыя фатаграфіі яго інтэр’ераў, здымкі дагледжаных магіл жаўнераў-беларусаў. Надрукаваны ў алфавітным парадку іх спіс з указаннем прозвішчаў, імёнаў, датаў і месцаў нараджэння. Дарэчы, сярод іх я знайшоў і нямала землякоў з Гродзеншчыны. На дзвюх старонках, польскай і рускай, прыведзены тэкст (памятаю яго з дзяцінства) кранальнай песні “Чырвоныя макі на Монтэ-Касіна”.

У канцы кнігі ёсць звесткі пра воінаў з Арміі Андэрса, якія вярнуліся на радзіму, у тым ліку і здымак аднаго з іх, Якуба Конана. Асноўная ж іх частка пасля вайны пераправілася з Італіі ў Англію. Дарэчы, у час камандзіровак у Лондан я чуў аповеды відавочцаў пра двух з іх. Адзін сядзеў па вечарах каля вакзала Вікторыя і зарабляў сабе на хлеб ігрой на цымбалах. Другі, родам з Вілейскага раёна, ніяк, казалі, не мог пераадолець англійскі моўны бар’ер. І таму ён моўчкі працаваў на канвееры, а побач стаяла дзяўчына-уэлска, у якой была тая ж моўная праблема. Неўзабаве яны пажаніліся і сталі ці не самай шчасліваю парай у свеце, бо не маглі сварыцца… Я спрабаваў даехаць да іх, напісаць пра суайчыннікаў у дарожных нататках “Там, за Ла-Маншам”. Але, аказалася, іх не стала крыху раней маёй задумы.


Калісьці гэтая вяршыня была непрыступнаю

Тут варта сказаць колькі слоў і пра кніжку “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”, выдадзеную ў Мінску ў 2004-м. У ёй змешчана дакументальная аповесць “Смерць і салаўі” Пётры Сыча, удзельніка бітвы, які потым жыў і памёр у Германіі, а таксама верш Міхася Кавыля “Макі”. Там жа ёсць даследаванне Юрыя Грыбоўскага “Беларусы ў польскім войску ў СССР, польскай арміі на Усходзе, другім польскім корпусе (1941—1947)” і здымак удзельніка бітвы, а потым дырэктара Беларускага музея і бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане айца Аляксандра Надсана, які летась адышоў у іншы свет. Жыве яшчэ ў ЗША і выдаў у Мінску кнігу ўспамінаў удзельнік баёў пад Монтэ-Касіна, ураджэнец Валожына Мікалай Махнач, пра якога таксама пісалі і “Голас Радзімы”, і маладзечанская “Рэгіянальная газета”.

Як бачым, памяць пра ўраджэнцаў беларускай зямлі, якія мужна змагаліся ў адной з самых складаных і крывавых бітваў Другой сусветнай вайны, зберагаецца ў нашым народзе. Варта, аднак, прадаўжаць пошукі: беларусы з арміі Андэрса гінулі ў Італіі не толькі пад Монтэ-Касіна…

ДАРЭЧЫ

Спісы, месцы іншых пахаванняў беларусаў, загінулых у Італіі, сапраўды патрабуюць удакладнення. У прыватнасці, наш пазаштатны аўтар Мікалай Бойка пасля публікацыі “Высокае неба Монтэ-Касіна” напісаў у рэдакцыю, што яму вядома: пра ўсіх пахаваных на польскіх вайсковых могілках пад Балонняй, у Сан Лаццара ды Савена (там жа пахаваны і Антон Крыцкі, аднавясковец Мікалая) ёсць весткі ў даведніку на польскай мове “Przewodnik po polskich cmentarzach wojennych we Włoszech: Monte Cassino, Loreto, Bolonia, Casamassima: Przewodnik z pełnym spisem poległych i dokładnym rozmieszczeniem grobów na 50 rocznicę bitwy o Monte Cassino” Адама Студзінскага (Adam Studzinski (ed.). Выходныя ж дадзеныя кнігі такія: Warszawa: Oficyna Wydawnicza Fulmen, 1994. У даведніку ёсць імёны нашых землякоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter