«Галавакружэнне» ад вышынi...

У савецкi час у Бабруйскiм раёне сапернiчалi дзве гаспадаркi. Праўда, своеасаблiва: каб узяць верх над сапернiкам...

У савецкi час у Бабруйскiм раёне сапернiчалi дзве гаспадаркi. Iх кiраўнiкi — таксама. Праўда, своеасаблiва: каб узяць верх над сапернiкам... Адзiн у час мелiярацыi ўмудрыўся перакiнуць русла рэчкi да свайго, як кажуць, берага. А потым уздумаў на даволi вялiкай плошчы выкапаць возера. На берагах яго ўсялякую раслiннасць высадзiлi i запусцiлi рыбу. А вада «ўцякла»... I што нi рабiлi — закачвалi яе помпамi, умацоўвалi дно, вада не трымалася, бо возера было вышэй за ўзровень рэчкi...

Грошы ўклалi з кiшэнi падаткаплацельшчыкаў. Тое возера i цяпер стаiць як сведка безгаспадарчасцi, нязбыўных амбiцыйных планаў...

Цi вось, былы функцыянер абласнога значэння, якi некалi стаяў на чале ўлады ў Бабруйску, зноў вярнуўся ў адну з будаўнiчых арганiзацый. I такi ўпраўленчы гмах адгрохаў, што ўсе здзiўлялiся: некалькi паверхаў, аздоблены звонку i знутры. А размясцiлася кантора амаль побач з будынкам, дзе ён некалi ўладай запраўляў. Хоць на аршын, але вышэй: «Я не пайшоў — застаюся!»

А цяпер? Стаiць тая будынiна, на добрую палову запоўненая разнастайнымi камерцыйнымi структурамi, фiлiяламi банкаў, магазiнамi i iншым. Ну хоць у гэтым яе карысць!

Цi гэты факт. Некалi непадалёк ад цэнтральных гарадскiх могiлак стаяла каплiчка, але яе спалiлi... I вернiкi, якiх падтрымлiвала большасць гараджан, вырашылi яе аднавiць. Але ўсе iхнiя спробы разбiвалiся, як аб той марскi ўцёс, аб упартасць колiшняга мэра. Той атэiст i думкi не дапускаў, што можна ўзвесцi нейкае там «папоўскае» збудаванне. Але настойлiвасць людзей, якiя звярнулiся ў вышэйстаячыя арганiзацыi, узяла сваё. Гарадскi начальнiк адступiў, але не настолькi, каб здацца. Ён загадаў падначаленым тэрмiнова рыхтаваць помнiк-сiмвал Георгiю Перамаганосцу. Хто супраць? Iншая справа, што можна было ўстанавiць такi помнiк пры ўездзе ў горад цi на цэнтральнай плошчы... Гэта прапаноўвалi гараджане, у тым лiку i ветэраны вайны. Не пагадзiўся высокi начальнiк: «Толькi ля каплiчкi. I каб хоць на метр-паўтара вышэй за яе!»

I вось замест таго, каб пакланiцца святому Георгiю, трэба высока (аж шапка злятае) задзiраць галаву i ўзiрацца: хто на тым помнiку?

Навошта было так рабiць? Усе мы, вернiкi i атэiсты, праведнiкi i грэшныя, начальнiкi i падначаленыя, знойдзем свой апошнi прытулак у зямлi. Што б вышэй царквы нi ставiлi...

Дзякуй Богу, тыя часы ў мiнулым. I сёння ў кiраўнiцтве разумныя людзi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter