В польском Катовице работает 24-я конференция ООН по изменению климата

Эканоміка плюс экалогія

Гэтымі днямі ў польскім Катавіцэ працуе 24-я канферэнцыя ААН па змяненні клімату. У форуме бяруць удзел лідары многіх дзяржаў, вядучыя палітыкі, бізнесмены, эксперты і прадстаўнікі грамадскасці. Па яго выніках плануецца ўзгадніць план рэалізацыі Парыжскага пагаднення па клімаце, якое было прынята яшчэ ў 2015 годзе. Большасць міжнародных экспертаў лічаць кліматычныя метамарфозы не праблемай будучыні, а рэчаіснасцю, якая моцна ўплывае на цяперашняе існаванне чалавецтва.  

Паводле інфармацыі брытанскай газеты The Guardian, як  паведамляе БЕЛТА, жорсткую публічную заяву адносна ўрадаў зрабілі глабальныя інвестары, у распараджэнні якіх знаходзяцца значныя актывы на 32 трыльёны долараў. Нагадаю, пад кантролем гэтых людзей — найбуйнейшыя пенсійныя фонды, страхавыя кампаніі і кіраўніцтва актывамі. Іх асноўнае патрабаванне падчас канферэнцыі: тэрміновае скарачэнне вуглякіслага газу і паступовае зніжэнне аб’ёмаў спальвання вугалю. На думку інвестараў, без прыняцця канкрэтных захадаў па стрымліванні адпаведных выкідаў міжнародная супольнасць сутыкнецца з новымі сур’ёзнымі выклікамі, якія будуць мець наступствы горшыя за сусветны эканамічны крызіс 2008 года. У планетарным маштабе прапанавана адмовіцца ад субсідзіравання на вугаль, нафту і газ, увесці вялікія падаткі на выкарыстанне вугляроду і паступова адмовіцца ад вугальных электрастанцый (Міжнародны валютны фонд ацэньвае памер гэтых субсідый у 5 трыльёнаў долараў). Падобныя захады дапамогуць знізіць да 2030 года выкіды вуглякіслага газу на Зямлі на 10 працэнтаў: краіны “вялікай дваццаткі” ўзялі на сябе абавязак вырашыць праблему на працягу бліжэйшага дзесяцігоддзя. Інвестары перакананыя, што калі гэтага не зрабіць, то ў перспектыве агульныя страты ў барацьбе з глабальным пацяпленнем могуць скласці ўжо 23 трыльёны долараў штогод. Такім чынам, падобныя расходы амаль у чатыры разы перавысяць негатыўныя наступствы сусветнага фінансавага крызісу дзесяцігадовай даўніны.

З улікам папулярнасці “кліматычнага” трэнду і, галоўнае,  эканамічнай мэтазгоднасці зараз на тэрыторыі шэрагу краін вугальшчыкі пачынаюць актыўную здабычу газу з газавугальных разрэзаў, паколькі вугальная прамысловасць паступова саступае гэтаму чыстаму віду паліва. Карацей кажучы, метан, які раней лічылі небяспечным спадарожнікам вугалю, стаў сапраўдным карысным выкапнем. Каб было зразумела, яго сусветныя запасы у вугальных пластах перавышаюць паклады прыроднага газу і складаюць 260 трыльёнаў кубічных метраў. Сярод дзяржаў, у нетрах якіх знаходзяцца найбольшыя рэсурсы метану, —  КНР, Расія, ЗША, Аўстралія, ПАР, Індыя, Польшча, Германія, Вялікабрытанія і Украіна.

Спецыялісты прагназуюць, што гэты напрамак будзе стала развівацца, і да 2020 года здабыча шахтнага метану з вугальных пластоў на планеце выйдзе на ўзровень 100—150 мільярдаў кубічных метраў у год. У будучым лічба можа дасягнуць астранамічных 470—600 мільярдаў “кубоў”, а гэта 15—20 працэнтаў ад усёй здабычы прыроднага газу.

І яшчэ адну гарачую тэму хацелася б узгадаць. Размова аб экалогіі — забруджванні пластыкам акваторыі Сусветнага акіяна. Як вядома, пластмасу вынайшлі ў XIX стагоддзі, а масава яе пачалі вырабляць у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Цяпер на Зямлі пластыку каля 10 мільярдаў тон, 7 з іх адходы, аднак рэальна перапрацоўваецца толькі 6,3 мільярда тон. Астатнія “рэшткі”, па звестках вучоных, трапляюць з прыбярэжных рэгіёнаў у акіян: штогод ад 5,3 да 14 мільёнаў тон пластыку. Вядома таксама, што перыяд распаду такога матэрыялу пачынаецца ад 450 гадоў... Да таго ж пластыкавае смецце непрыкметна забівае мільёны марскіх істот, якія ўжываюць у ежу яго мікраскапічныя часцінкі. Даказана: пацярпела ўжо каля 700 біялагічных відаў. Як гэта адаб’ецца на чалавеку — пакажуць даследаванні. Аднак праблема пластыкавага забруджвання ад гэтага меншай не стане, а, можа, будзе і горшай за глабальнае пацяпленне.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter