Рэйд: як санслужбы кантралююць фармiраванне набораў з цукеркамi

Дзяцей уважым, падарункi — узважым

Прылаўкі магазінаў стракацяць навагоднімі каробкамі з цукеркамі. Асартымент шырокі. Але часта яркі куфэрак выбіраем па малюнку: што ўнутры — застаецца тайнай, упакоўку адкрываць нельга. Як пазбегнуць непрыемных сюрпрызаў? Напярэдадні свят санслужба правярае падарункі. Да рэйду далучылася карэспандэнт «Р».

Вёска Краснае, магазін № 4 Маладзечанскага райспажыўтаварыства. Кропка прыдарожнага сэрвісу карыстаецца папулярнасцю — каля прылаўкаў ажыятаж.

— Вось паліца з падарункамі, якія камплектаваліся на заводзе, — тут усё па правілах, — запэўнівае прадавец Сафія Курэц. Уважліва вывучаем: этыкеткі з датамі вырабу і тэрмінамі прыдатнасці цукерак на месцы. На ўпакоўках размешчана вычарпальная інфармацыя аб вытворцах.

Але акрамя стандартных навагодніх набораў у магазіне можна сабраць падарунак на свой густ. Умовы захоўвання ласункаў старанна правярае Таццяна Кугара, загадчык аддзялення гігіены харчавання Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

— Цукеркі на гэтым прылаўку павінны захоўвацца пры тэмпературы ад 15 да 21 градуса, — спецыяліст звярае дадзеныя на псіхрометры. — Парушэнняў няма.

Усё пра цукеркі, якія трапляюць у навагоднюю скрынку, можа даведацца не толькі эксперт. Мае права і любы спажывец. Раблю заказ:

— «Чырвоная шапачка», «Грыльяж», «Алёнка». Усяго па жменьцы.

Яшчэ прашу і дзве пліткі шакаладу. Прадавец ахвотна адказвае на пытанні аб тэрмінах прыдатнасці кандытарскіх вырабаў. А на ўпакоўцы адзначае тую дату, калі стануць непрыдатнымі першыя прысмакі з усіх. Аркуш-укладыш афармляецца ўручную — работнік магазіна пропіссю выводзіць назву і інфармацыю аб кожным элеменце падарунка. Без гэтага, па правілах, набор будзе няпоўным.

У маладзечанскім харчовым магазіне на вуліцы Вялікі Гасцінец падарункі не фарміруюць — можна купіць скрынкі са стандартнай камплектацыяй або папрасіць цукеркі ў звычайны пакецік на вагу. Каб сэканоміць, упаковачную паперу і прысмакі бяру асобна. Пакуль прыцэньваюся, эксперт вывучае рэжым захоўвання шакаладу і карамелек у шалёсткіх фанціках. Паказчыкі ў норме. Праўда, удакладнілі гэта не адразу — прадаўцы былі збянтэжаныя і не маглі знайсці прыбор для кантролю тэмпературы і вільготнасці паветра. Што ж, цяпер будуць ведаць.

У канцы лістапада — пачатку снежня спецыялісты Маладзечанскага занальнага ЦГЭ праверылі больш за 50 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Парушэнні, сур’ёзныя або дробныя, знайшлі ва ўсіх. Напярэдадні святаў кантроль узмацнілі і ў астатніх раёнах вобласці. Усё каб прадухіліць абарот небяспечнай і няякаснай прадукцыі.

Юрый Гузік, загадчык аддзялення гігіены харчавання Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, агучвае вынікі:

— За месяц праведзена 219 праверак прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Пры гэтым у 215 з іх зафіксаваны розныя парушэнні патрабаванняў санітарных норм і правілаў.

У аб`ектах гандлю і грамадскага харчавання ўзмацнілі кантроль, каб
прадухіліць абарот няякаснай прадукцыі

Правіннасці розныя: невыкананне ўмоў захоўвання сыравіны і харчовых прадуктаў, скончаныя тэрміны прыдатнасці, прадукты з прыкметамі псавання і без дакументаў. Пад крытыку падпаў і санітарны стан памяшканняў, гандлёвага і тэхналагічнага абсталявання.

— Па выніках праверак да ліквідацыі парушэнняў прыпынялася дзейнасць 40 аб’ектаў грамадскага харчавання ў Маладзечне, Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім і іншых раёнах. У цэлым забаронена рэалізацыя больш як 758 кг недабраякасных харчовых прадуктаў. Таксама прыняты шэраг іншых мер, — дадае Юрый Гузік.

ДАРЭЧЫ

У гэтым годзе з-за парушэнняў санэпіднорм у Мінскай вобласці зачынялася каля 900 магазінаў і кафэ. Геаграфія  злосных парушальнікаў досыць шырокая: гэта Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Капыль, Нясвіж, Слуцк, Смалявічы, Салігорск, Фаніпаль і іншыя. Што тычыцца аб’ектаў грамадскага харчавання, то да дадатковых санкцый органы дзяржнагляду звярнуліся ў Барысаўскім, Вілейскім, Валожынскім, Дзяржынскім і іншых раёнах. Азнаёміцца з пералікам прадпрыемстваў-парушальнікаў можна на сайце Мінскага абласнога ЦГЭАЗ.

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter