Дзеткі нарабілі буму

У кастрычніку Оршу ўскалыхнуў бэбі-бум
У кастрычніку Оршу ўскалыхнуў бэбі-бум. На мінулым тыдні тут нарадзілася ажно 52 немаўляці. Лічба ўражвае, асабліва калі ведаць, што звычайна за такі ж тэрмін мясцовае насельніцтва павялічваецца прыблізна на 30—35 хлопчыкаў і дзяўчынак. «Ды мы і самі крыху ў шоку, — не хавае эмоцый Іна Крачак, галоўны ўрач Аршанскага радзільнага дома. — Калі часцей у дзень у сярэднім у нас нараджаецца пяць дзетак, то тут нават па дзесяць здаралася. Прычым у трох мамачак былі двайняты». 



На гэтым тыдні бэбі-бум пра­цяг­нуўся. З панядзелка і да раніцы пятніцы ў Оршы ўжо налічылі 42 нованароджаных. У тым ліку адны двайняты — хлопчык і дзяўчынка з’явіліся на свет у Дзень маці, 14 кастрычніка.

Дзіву ад гэткай падзеі даюцца нават аршанскія старажылы. Кажуць, падобнага ўсплёску ўжо даўно не памятаюць. Хаця пра адну акалічнасць усё ж нагадваюць. Мінулы год стаў урадлівым на двайняты. Іх тут ажно 20 нарадзілася. 

У Мінску пра бэбі-рэкорды пакуль не гавораць, але на свята блізнят і двайнят запрашаюць. Пройдзе яно ў суботу ў Палацы дзяцей і моладзі.  «Фестываль «Шчасце ўдвая» мы праводзім ужо ў другі раз. Блізнят і двайнят, жадаючых удзельнічаць у ім, вельмі шмат. Толькі на нашым сайце за два месяцы зарэгістравалася больш як 75 пар, — кажа Вольга Іванова, кіраўнік праекта выставы-форуму «Мацярынства і дзяцінства». — І гэта не толькі мінчане, але і сем’і з Барысава, Жлобіна, Магілёва і нават расійскага Ельска». 

Адкрые свята парад блізнят і двайнят. На працягу фестывалю ўдзельнікі, а гэта дзеці ад 9 месяцаў да 12 гадоў, вызначаць, хто з іх самы галасісты, гаваркі, спартыўны і стылёвы.

Дарэчы

У мінулым годзе ў краіне з’явілася на свет 118,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак — гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў. Больш як палова немаўлят стала ў бацькоў другім або трэцім дзіцяткам. А яшчэ ў 2014 годзе ў 1277 жанчын нарадзіліся двайняты, у 18 — трайняты.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter