Ідзі, сын, праверся на талент

Павел Харланчук-Южакоў — пра прозвішча, сям’ю і родную мову

Павел Харланчук-Южакоў — пра падвоенае прозвішча, вялікую сям’ю і родную мову

Апошнія гады купалавец Павел Харланчук-Южакоў, відаць, самы запатрабаваны беларускі артыст тэатра і кіно. На сцэне і на экране ў яго амаль скрозь галоўныя ролі — Чорт у пастаноўцы «Ноч перад Калядамі», Васіль (Яўхім) у мележаўскіх «Людзях на балоце», Пан Тадэвуш і Дон Жуан у аднайменных спектаклях… Невыпадкова адным з першых, у 2011 годзе, Павел стаў уладальнікам Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Прыкметныя і яго работы ў фільмах «Сляды апосталаў», «Дзяржаўная мяжа», «Усё, што нам патрэбна», «Немец», шэрагу расійскіх серыялаў і вось нядаўна — у працягу «Белых Рос».

— Павел, калі трымаць у памяці народную мудрасць пра густа і пуста, ці не насцярожвае такое багацце прапаноў?

— Вось і я ўжо думаю: ну не можа ж быць заўсёды многа. Але калі нават будзе і пуста, значыць, гэта нейкі знак, магчыма, каб на нешта іншае пераключыцца. Бо, бывае, і сапраўды часам столькі працы, што хацелася б крыху адпачыць, перапыніцца.

— Сітуацыя, калі «пуста», у вашым творчым жыцці ўжо была, калі вас звольнілі з Рускага тэатра, вы засталіся без працы, многія калегі ад вас адвярнуліся…

— Так, была. Але не хачу варушыць тое. Скажу шчыра: я ўсім дараваў. Мне так лягчэй. Не ўмею жыць з нянавісцю. Дарэчы, адносна адкрыцця нейкіх новых магчымасцей тыя тры гады былі і даволі карыснымі. Я папрацаваў у Маскве: здымаўся ў серыялах і паглядзеў на кінавытворчасць знутры — быў другім рэжысёрам на здымачнай пляцоўцы.

— Калі выбіраць паміж кіно і тэатрам, што вам бліжэй, цікавей?

— Лічу, што тэатр. Кіно напачатку для мяне было наогул нейкім іншым cветам, іншай працай са сваімі асаблівымі тэхналогіямі. Так што маё першае каханне — тэатр, я люблю яго прастору, ён для мяне, напэўна, ужо бы нейкая істота. Магчыма, таму, што ў тэатры я з дзяцінства.

— Вы з тэатральнай сям’і?

— Не. Вучнем трэцяга класа я трапіў у дзіцячы тэатральны калектыў «Сінтэз» у Гомелі, ім кіраваў рэжысёр Валерый Курдзюмаў. Там было так цікава, што я затрымаўся аж да заканчэння школы, увесь вольны час праводзіў там. Але не планаваў быць акцёрам. Планавала мама, гаворка ішла пра стаматалогію. А пасля неяк у школу, дзе яна працавала, прыйшоў мастацкі кіраўнік Гомельскага абласнога тэатра, ён набіраў выхаванцаў да сябе ў студыю. Меркавалася, яны будуць працаваць у тэатры і вучыцца завочна ў Мінску ў акадэміі мастацтваў. Мама мне сказала: «Ідзі, Паша, праверся на талент». Я пайшоў — і паступіў. Магчыма, толькі з таго часу і зразумеў, што акцёр — гэта прафесія, якая патрабуе вялікай адказнасці і вялікай працы.

— А чаму з пэўнага часу акцёр Павел Харланчук стаў яшчэ Южаковым?

— Гісторыя такая. Южакова — прозвішча маёй жонкі, і, калі мы браліся шлюбам, мне захацелася ёй яго захаваць. Вырашылі зрабіць падвоенае, але нам сказалі, што ў такім выпадку ў мужа і жонкі прозвішчы павінны быць аднолькавымі. Я пагадзіўся і лічу гэта за вялікі гонар. Бо мая жонка вельмі моцная жанчына. Яна актрыса, але зараз па прафесіі мама. Гэта яе выбар.

— Раскажыце пра сваю сям’ю. Яна ж у вас вялікая, чацвёра дзяцей, прычым двое — усыноўленыя.

— Для нас з Ганнай яны ўсе нашы, родныя — Піліп, Івона, Адэля і Алівія. Піліпу — адзінаццать, дзяўчынкам — сем, шэсць і чатыры. Дзеці ўсе занятыя. Піліп іграе на гітары, плавае. Івона таксама займаецца плаваннем. У Адэлі трэнер адзначае здольнасці да гімнастыкі. Ну а маленькая Алівія пакуль проста сонейка нашай сям’і.

— З вашай занятасцю на сям’ю, відаць, часу не хапае?

— Сапраўды, бывае, што яны мяне нячаста бачаць. Вось зараз выпускалі «Пана Тадэвуша» і «Дон Жуана» запар, я адзін на ролю ў абодвух спектаклях. Сыходзіў зранку, прыходзіў позна ўвечары ледзь жывы. Дый адным тэатральным заробкам сям’ю не пракорміш, даводзіцца круціцца. Але сям’я ў мяне цярплівая. Ну і я пры любой магчымасці спяшаюся дадому.

— І зусім ніякага вольнага часу?

— Чаму ж. Напрыклад, гуляю ў футбол. У нас ёсць каманда артыстаў. «Без грыму» называецца. Ужо два ці тры турніры выйгралі.

— Ведаю, што не толькі на сцэне, але і ў паўсядзённым жыцці вы размаўляеце па-беларуску. Калі і чаму адбыўся зварот да роднай мовы?

— Са школы я кепска ста¬віўся да беларускай мовы. Але недзе пасля 25 гадоў пачаў цікавіцца гісторыяй, хто мы і адкуль. І чым больш паглыбляўся, тым больш разумеў гістарычную несправядлівасць у адносінах да нашай мовы. З таго часу мая галоўная мова — беларуская. Я не адмаўляюся прынцыпова ад рускай, калі ёсць неабходнасць, магу ў размове перайсці, я не супраць іншых моў, але я — за мову беларускую і хачу, каб яе ўжытак пашыраўся. Мова — наш скарб, ні ў каго больш такой няма, яе трэба берагчы. Яна — першаснае з таго, што робіць нас нацыяй. Такое маё стаўленне. Па-беларуску мы размаўляем і ў сям’і. Жонка мяне падтрымлівае. Яна родам з Мурманска, але мову вывучыла і карыстаецца. Стараемся далучаць і дзяцей.

— Якой роляй зараз галава занята?

— Ды ніякай. У тэатры толькі нядаўна дзве прэм’еры адбыліся, да снежня нічога новага не будзе. У кіно таксама зацішша пакуль. Так што, відаць, пачну паціху рамонт рабіць.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter