Добры кухар варты доктара

Сэнс гэтай старадаўняй прыказкі добра разумее Зінаіда Кізіно І на самай справе, ад таго, як харчуецца чалавек, у многім залежаць яго здароўе і настрой. А калі з гэтым добра, то і працаваць ён будзе аддана. Чатыры дзесяцігоддзі працуе Зінаіда Эдуардаўна ў сістэме спажыўкааперацыі Уздзенскага раёна, што на Міншчыне. У свой час яна атрымала прафесію повара, але пачынаць давялося прадаўцом. Аднак хутка вярнулася да любімай справы і зараз працуе ў рэстаране «Нёман». Энергіі і аптымізму гэтай жанчыны можна па-добраму пазайздросціць, у яе атрымліваецца любая даручаная справа. Умела, з веданнем прапануе тавар у час выязнога гандлю. Таму кіраўніцтва не сумнявалася, ці браць Зінаіду Эдуардаўну ў каманду, што працавала ад Уздзенскага райспажыўтаварыства на рэспубліканскім фестывалі працаўнікоў сяла «Дажынкі-2011» у Маладзечне. Калі трэба накарміць механізатараў у час жніва, то яна спяшаецца ў поле, каб без спазнення прывезці ім свежую і смачную ежу. І тут яе старанні не засталіся па-за ўвагай — разам з дзвюма сваімі калегамі Зінаіда Эдуардаўна была ўзнагароджана ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі...

Сэнс гэтай старадаўняй прыказкі добра разумее Зінаіда Кізіно

І на самай справе, ад таго, як харчуецца чалавек, у многім залежаць яго здароўе і настрой. А калі з гэтым добра, то і працаваць ён будзе аддана.

Чатыры дзесяцігоддзі працуе Зінаіда Эдуардаўна ў сістэме спажыўкааперацыі Уздзенскага раёна, што на Міншчыне. У свой час яна атрымала прафесію повара, але пачынаць давялося прадаўцом. Аднак хутка вярнулася да любімай справы і зараз працуе ў рэстаране «Нёман».

Энергіі і аптымізму гэтай жанчыны можна па-добраму пазайздросціць, у яе атрымліваецца любая даручаная справа. Умела, з веданнем прапануе тавар у час выязнога гандлю. Таму кіраўніцтва не сумнявалася, ці браць Зінаіду Эдуардаўну ў каманду, што працавала ад Уздзенскага райспажыўтаварыства на рэспубліканскім фестывалі працаўнікоў сяла «Дажынкі-2011» у Маладзечне. Калі трэба накарміць механізатараў у час жніва, то яна спяшаецца ў поле, каб без спазнення прывезці ім свежую і смачную ежу. І тут яе старанні не засталіся па-за ўвагай — разам з дзвюма сваімі калегамі Зінаіда Эдуардаўна была ўзнагароджана ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі.

Ну і зразумела, што на кухні яна сапраўдны майстар. Шмат смачных і складаных страў даводзіцца гатаваць штодня. Гэта ж не жарт, добра прыгатаваць дзясяткі, а то і больш порцый! А падрыхтаваць багаты стол для банкета! Гэта трэба не проста ўмець, гэта трэба адчуваць душой. Кліенты зараз вельмі патрабавальныя, каб задаволіць іх густ, неабходна быць прафесіяналам. І шчыра радуецца Зінаіда Эдуардаўна, калі старанна прыгатаваную, адмыслова ўпрыгожаную страву з’ядаюць за лічаныя хвіліны. Людзям да смаку, а для кухара гэта лепшая ўзнагарода.

«Калі гатуеш з душой — усё атрымаецца смачна. Вельмі прыемна, калі наведвальнікі ідуць з рэстарана сытыя і задаволеныя, дзякуюць, а затым прыходзяць зноў і заказваюць стравы, якія гатуеш ты. Тады адчуваеш, што ўкладваеш сілы і душу ў справу не дарэмна», — гаворыць яна.

У рэстаране «Нёман» увесь час прыдумваюць нешта новенькае, прапаноўваюцца арыгінальныя ідэі. Вось, напрыклад, распрацавалі цікавую фірменную страву. Прэзентавалі яе ў час выязнога абласнога кулінарнага савета, што праходзіў у Капылі. У выніку па рашэнні спецыяльнай камісіі яна была рэкамендавана да запуску ў вытворчасць. Што за страва? «Гэта мясныя медальёны. Адбіваецца карэйка, начыняецца фаршам, смажыцца ў фрыцюры на цяжкай рыфлёнай патэльні», — у агульных рысах расказвае Зінаіда Эдуардаўна, а ў голасе чуецца шматкроп’е. Зразумела, сакрэт непераўзыдзенага смаку — у асобай тэхніцы гатавання, падборы інгрэдыентаў і спецый, а таксама ў руках майстра, чый уплыў на вынік нельга ні аспрэчыць, ні растлумачыць. «Медальёны» не проста ўвайшлі ў меню, а трывала занялі там сваё месца. Зараз іх часта і з задавальненнем заказваюць для ўрачыстасцей і банкетаў.

З аднаго боку, прафесія кухара патрабуе дакладнасці і пачуцця меры. А з другога — творчай фантазіі і густу. Відаць, таму і людзі, што прысвячаюць сябе гэтай справе, вельмі рознабаковыя. Зінаіда Эдуардаўна — добрая гаспадыня. Уласны дом і прысядзібная гаспадарка патрабуюць шмат сіл і часу. Аднак справа ладзіцца ва ўвішных, прыдатных да сельскай працы руках.

Зінаіда Кізіно — маці трох дачок. Адна працуе прадаўцом, другая таксама ў свой час ішла па матчыных слядах. А трэцяя прысвяціла сябе творчасці. Зараз яна працуе і завочна вучыцца ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «менеджар у сферы культуры».

Няўрымслівы характар і тысячы важных спраў не пакідаюць Зінаідзе Эдуардаўне ні хвіліны спакою. Некалькі вечароў на тыдзень яна спяшаецца ў мясцовы Дом культуры на рэпетыцыі творчага калектыву, дзе таксама актыўная ўдзельніца. І калі ўдзень яна повар у спецыяльным для гэтай прафесіі адзенні, то ўвечары — сапраўдная артыстка, якой вельмі да твару прыгожы нацыянальны строй. А ўлюбёны жанр — дасціпныя і гарэзлівыя прыпеўкі. Дарэчы, у творчай скарбонцы калектыву цэлая іх калекцыя прысвечана спажыўкааперацыі. Зразумела, прыдумалі самі.

На здымку: повар рэстарана «Нёман» Уздзенскага райспажыўтаварыства Зінаіда КІЗІНО і яе дачка Наталля.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter