«Для роднага краю я мову адкрываю...»

Чацвёртага  лютага  спаўняецца  200  гадоў  з  дня  нараджэння  Вiнцэнта  Дунiна-Марцiнкевiча

Чацвёртага  лютага  спаўняецца  200  гадоў  з  дня  нараджэння  Вiнцэнта  Дунiна-Марцiнкевiча

Розныя бываюць адкрыццi, але тое, якое зрабiў Дунiн-Марцiнкевiч, пераважвае ўсе астатнiя.Ён першым пачаў засяваць нiву беларускай      лiтаратуры, на якой потым выраслi Якуб Колас i Янка Купала, Iван Мележ i Васiль Быкаў, многiя iншыя пiсьменнiкi. Нездарма 2008 год аб’яўлены ЮНЕСКА годам Дунiна-Марцiнкевiча.

А бяруць пачатак жыццёвыя вытокi Дунiна-Марцiнкевiча на Бабруйшчыне, у фальварку Панюшкавiчы, якi месцiўся за дзесятак кiламетраў ад павятовага горада. Праўда, цяпер i рэшткаў той сядзiбы, якую сцёр няўмольны час, не засталося. Аднак на яе месцы ўстаноўлены памятны камень — валун з удзячнымi надпiсамi нашчадкаў.

Пачынаў пiсаць Вiнцэнт на польскай мове, але гэта хутчэй былi накiды, спробы пяра. Ён усё больш адчуваў цягу выкарыстоўваць тое слова, на якiм гаворыць просты люд. Было гэта ў перыяд паўстання 1830 года, тут патрабавалася асаблiвая абачлiвасць... Можа таму яго раннiя творы i не захавалiся. «Iдылiя» ж, якая была напiсана ў 1843—1844 гадах, пасля цэнзурнай «муштры» выйшла амаль праз тры гады ў вiленскай друкарнi. Гэта была, па сутнасцi, першая беларуская опера, у якой паны размаўлялi па-польску, а сяляне — па-беларуску.

Ну а потым убачыў свет цэлы россып зборнiкаў: «Гапон», «Вечарнiцы», «Апантаны», «Цiкавiшся? — Прачытай!», «Беларускi дудар, або Усяго патроху», вершаваная аповесць «Травiца брат-сястрыца», праграмны верш «Хiба я стары?».

У 1866 годзе выходзiць знакамiтая п’еса-вадэвiль «Пiнская шляхта». На гэтым творы хацелася б спынiцца падрабязней. Сюжэт яго, здавалася б, няхiтры: пасварылiся два шляхцiчы, адзiн з iх назваў другога мужыком. А той пабiў першага. Завязалася судовая справа. Прыязджае станавы прыстаў, але каб справядлiва ва ўсiм разабрацца, цiкуе «хапнуць» у кiшэню, разгортвае чарговы судовы разбор... Так i атрымлiвалася, што хто бяднейшы, той i быў вiнаваты.

Вадэвiль — цэлую гару праблем узнiмае... Высокае пiсьменства, якiм, несумненна, валодаў Дунiн-Марцiнкевiч, якраз i заключаецца ў крытычным пераасэнсаваннi рэчаiснасцi, у тым, каб яно мела грамадскую значнасць.

Разам з пiсьменнiцкай Дунiн-Марцiнкевiч актыўна займаецца асветнiцкай дзейнасцю — арганiзоўвае беларускiя школы, збiрае фальклор, запiсвае гутарковую мову. Уся мiнская iнтэлiгенцыя — у ягоным доме, дзе iдзе абмеркаванне стану культуры i лiтаратуры.

Асаблiвай увагi заслугоўвае тэатральная дзейнасць Дунiна-Марцiнкевiча. Аўтар аб’яднаў прыхiльнiкаў тэатральнага мастацтва, стварыў трупу, разам з дочкамi выступаў у галоўных ролях. Акрамя таго, iснаваў хор, аркестр, музыку ж для пастановак пiсаў славуты кампазiтар Станiслаў Манюшка. Першая пастаноўка «Славянкi» адбылася 9 лютага 1852 года ў Мiнску. Гэта дата i лiчыцца адпраўной ва ўзнiкненнi беларускага сцэнiчнага мастацтва.

Шматгранны быў талент Дунiна-Марцiнкевiча. Нiводны з беларускiх пiсьменнiкаў XIX стагоддзя не пакiнуў нашчадкам такой багатай i разнастайнай па жанрам лiтаратуры, як ён: вершаваныя аповесцi, п’есы, вадэвiлi, аперэты i г.д.

Што ж да твораў, то многiя з iх актуальныя i сёння. Тая ж «Iдылiя» iдзе ў Нацыянальным акадэмiчным тэатры iмя Янкi Купалы з 1993 года, паводле яго сатырычнай камедыi «Залёты» пастаўлены спектакль у Нацыянальным акадэмiчным драматычным тэатры iмя Якуба Коласа, «Пiнская шляхта» не сыходзiць са сцэны Бабруйскага i iншых тэатраў. Вунь якое даўгалецце! Цi ж гэта не прызнанне аўтара?!

Большую частку свайго жыцця Дунiн-Марцiнкевiч правёў у маёнтку Люцынка цяперашняга Валожынскага раёна, дзе i напiсаў нямала сваiх вядомых твораў. Тым не менш Марцiнкевiч нярэдка наведваўся ў родны Бабруйск. Сяброўства з гарадскiм павятовым маршалкам Аляксандрам Лапай, мiж iншым братам дэкабрыста М.Д. Лапы, ажыўляла ягоную творчасць, давала магчымасць выпускаць паэтычныя зборнiкi, адзiн з якiх ён i прысвяцiў Лапе.

У канцы дваццатых гадоў мiнулага стагоддзя на Бабруйшчыне быў знойдзены рукапiс паэмы «Гапон», а таксама невядомая дагэтуль фатаграфiя пiсьменнiка.

Трэба сказаць, што на радзiме добра памятаюць i глыбока шануюць свайго вядомага земляка. Яго iмем названы тэатр, тут жа ўстаноўлены бюст. Бабруйчане рыхтуюцца да двухсотгадовага юбiлею пiсьменнiка: тут i ўрачыстыя сходы, устаноўка помнiка, i перайменаванне адной з вулiц у яго гонар, i многае iншае — iнакш не могуць, калi гаворка iдзе пра земляка, слаўнага сына беларускага народа!

На здымку: бюст Дунiна-Марцiнкевiча ў Бабруйску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter