Давядзецца адказваць

На мінскіх машынах хуткай дапамогі ўстанавiлi відэарэгістратары

На сталічных рэанімабілях ўстаноўлены відэарэгістратары.

Тым удзельнікам дарожнага руху, якія не саступаюць дарогу медыцынскаму транспарту, цяпер не пазбегнуць адказнасці за свае неабдуманыя дзеянні на дарозе. Іх парушэнні правілаў руху будуць фіксаваць відэарэгістратары, якія ўстаноўлены на ўсіх машынах хуткай дапамогі.

— Некаторыя вадзіцелі ігнаруюць аўтамабілі спецпрызначэння, якія імчацца з уключанымі гукавым сігналам і пробліскавымі маячкамі, і не саступаюць ім дарогу, — пракаментаваў Алег Варабей, намеснік галоўнага ўрача мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. — Цяпер ў нас будуць бясспрэчныя доказы віны парушальнікаў, і ім не ўдасца пазбегнуць адказнасці.

Вадзіцелі аўтамабіляў хуткай дапамогі і раней звярталіся ў Дзяржаўтаінспекцыю з пісьмовымі заявамі, у якіх пазначалі дадзеныя вадзiцеляў, якія не выконваюць дарожных законаў. Аднак даказаць гэтыя факты было вельмі складана, — парушальнікі адмаўлялі сваё дачыненне да інцыдэнтаў.

Цяпер жа адказнасці яны не пазбегнуць: усе іх парушэнні будуць зафіксаваныя відэарэгістратарамi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter