Ці можна паміж фізічнымі асобамі заключаць дагавор пазыкі у замежнай валюце?

Дагавор пазыкі ў замежнай валюце

На пытанне адказвае Таццяна АЛЬШЭЎСКАЯ, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў
Знаёмы прапанаваў мне заключыць дагавор пазыкі ў замежнай валюце. Ці можна паміж фізічнымі асобамі (грамадзянамі Рэспублікі Беларусь) заключаць такі дагавор у замежнай валюце? Ці абавязкова натарыяльна засведчваць дагавор пазыкі?

Уладзімір ПРАКАПОВІЧ, г. Віцебск

На пытанне адказвае Таццяна АЛЬШЭЎСКАЯ, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў

Часткай 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса (далей — ГК) вызначана, што замежная валюта i валютныя каштоўнасцi могуць быць прадметам дагавора пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правiлаў артыкулаў 141, 142 і 298 гэтага кодэкса.

У адпаведнасці з артыкулам 298 ГК грашовыя абавязацельствы павінны быць адлюстраваны ў беларускіх рублях. У грашовым абавязацельстве можа быць прадугледжана, што яно падлягае аплаце ў беларускіх рублях у суме, эквівалентнай вызначанай суме ў замежнай валюце або ва ўмоўных грашовых адзінках. У гэтым выпадку сума, якая падлягае аплаце ў беларускіх рублях, вызначаецца па афіцыйным курсе адпаведнай валюты або ўмоўных грашовых адзінках на дзень плацяжу, калi iншы курс ці іншая дата яго вызначэння не ўстаноўлены заканадаўствам або пагадненнем бакоў.

Артыкуламі 141 і 142 ГК прадугледжана, што беларускі рубель з’яўляецца законным плацежным сродкам, абавязковым да прыёму па намінальным кошце на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а выпадкі, парадак і ўмовы выкарыстання замежнай валюты і валютных каштоўнасцей  на  яе тэрыторыі вызначаюцца заканадаўствам.

Артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22.07.2003  № 226-З «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» вызначаны выпадкі, калі ў адносінах паміж фізічнымі асобамі-рэзідэнтамі, якiя не выступаюць пры правя-дзенні валютных аперацый у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, дазваляецца выкарыстанне замежнай валюты, каштоўных папер у замежнай валюце і аплатных дакументаў у замежнай валюце. Да такіх выпадкаў адносяцца: дарэнне (у тым ліку ў выгля-дзе ахвяравання), а таксама адмена дарэння; прадастаўленне пазык, вяртанне пазык і працэнтаў за карыстанне імі, перадача на захоўванне і іх вяртанне.

Згодна з п. 7 артыкула 1 Закона № 226-З пад тэрмінам «фізічныя асобы-рэзідэнты» маюцца на ўвазе фізічныя асобы —грама-дзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грама-дзянства, якія маюць від на жыхарства ў нашай краіне.

Артыкулам 761 Грама-дзянскага кодэкса ўстаноўлена, што дагавор пазыкі паміж фізічнымі асобамі павінен быць заключаны ў пісьмовай форме, калі яго сума перавышае не менш чым у дзесяць разоў устаноўлены заканадаўствам памер базавай велічыні. У пацвярджэнне дагавора пазыкі можа быць прадстаўлена распіска пазычальніка або іншы дакумент, які сведчыць аб перадачы яму пазыкадаўцам пэўнай грашовай сумы або пэўнай колькасці рэчаў.

Такім чынам, заключэнне дагавора пазыкі ў замежнай валюце паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама паміж замежнымі грамадзянамі і асобамі без грама-дзянства, якія маюць від на жыхарства ў нашай краіне, правамоцна пры ўмове, што фізічныя асобы, якія з’яўляюцца бакамі дагавора пазыкі, пры заключэнні гэтай здзелкі не выступаюць у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Абавязковае натарыяльнае пасведчанне дагавора пазыкі заканадаўствам не прадугледжана, таму дастаткова заключыць яго ў простай пісьмовай форме.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter