Да пазнання Айчыны

«Наднёманскiмi пуцявiнамi» вядзе чытачоў Уладзiмiр Кiсялёў

«Наднёманскiмi пуцявiнамi» вядзе чытачоў Уладзiмiр Кiсялёў

Усе, хто сочыць за творчым пошукам, даследнiцкай працай Уладзiмiра Кiсялёва, ведалi, што ён рыхтуе чарговую кнiгу. Было вядома таксама, што ён зноў прысвячае свае iнтэлектуальныя высiлкi i пошукi верх-нёманскаму краю, таму захаваў у назве першаснае слова, дамiнанту, характэрную для дзвюх ранейшых прац гэтай тэматыкi, — «Наднёманскiмi пуцявiнамi».

Як сцвярджае рэдактар кнiгi Анатоль Валахановiч, новае выданне прэтэндуе стаць сапраўднай энцыклапедыяй гэтага цудоўнага краю. Разам з тым гэта i абагульнены вынiк ранейшых даследаванняў, супрацоўнiцтва з рэдакцыямi газет i часопiсаў, Беларускiм фондам культуры, якiя дазволiлi з’явiцца такiм працам, як «На истоках неманских», «Пуцявiнамi Наднямоння», «Прафесар этнаграфii i магнетызму», «Парадоксы «электрического человека» (дзве апошнiя прысвечаны дакументальнаму ўдакладненню абставiн жыцця i творчай дзейнасцi прафесара Я.А. Наркевiча-Ёдкi). I прыведзены тут пералiк далёка не поўны.

Пошук гiстарычных дакументаў, праца ў архiвах не падмяняюць у Кiсялёва непасрэдных зносiн з вясковымi знаўцамi роднага краю, звычак. Ён не саромееца пастукаць у дзверы цi шыбу сялянскай хаты, папрасiць адказаць на некаторыя пытаннi, пагутарыць пра жыццё-быццё. Такiя сустрэчы часам нясуць даследчыку адкрыццяў не менш, чым пiсьмовыя крынiцы.

Мiж iншым i краязнаўчае палатно «Наднёманскiмi пуцявiнамi» адкрывае нам нямала iмёнаў, дагэтуль мала або зусiм невядомых сучаснiку. Пакуль толькi аўтар фрагментарна ўпамiнае пра дзейнасць такiх ураджэнцаў i жыхароў уздзенскай зямлi, як сучаснiк Пушкiна i Гогаля Фадзей Булгарын, аўтар шматлiкiх прац па садаводстве Васiль Пашкевiч, краязнаўца наднёманскiх мясцiн ХIХ стагоддзя Аляксандр Ельскi, прадстаўнiца знакамiтага роду Магдалена Радзiвiл, пры ўдзеле якой выдадзены першы зборнiк паэзii Максiма Багдановiча. А прыйдзе час, верым, i больш шырокi аповед пра iх служэнне людзям, зямлi беларускай увойдзе ў новыя кнiгi Уладзiмiра Кiсялёва.

Такiя пажаданнi шматразова гучалi i на прэзентацыi выдання ў Уздзенскiм раённым гiсторыка-краязнаўчым музеi. Пра кнiгу i яе аўтара слова трымалi намеснiкi старшынi райвыканкама Яўген Шкель i Мiхаiл Крукоўскi, пiсьменнiца Лiдзiя Арабей, дырэктар музея Тамара Лухверчык, рэдактары Анатоль Валахановiч i Зiнаiда Малейка.

— Апошнiя «Пуцявiны» могуць i павiнны стаць незаменным падручнiкам для сучасных школьнiкаў, — засведчыў настаўнiк уздзенскай СШ № 2 Iгар Ткачэнка. — Прычым не толькi па гiсторыi, аб якой больш сёння гаворкi, але i па геаграфii, фiзiцы, батанiцы, iншых прадметах. А калi браць больш шырока — па радзiмазнаўстве. Якраз мясцовага матэрыялу i не хапае на ўроках.

Аўтар прываблiвае гiстарычнай дакладнасцю выкладзеных падзей, рэканструкцыяй абставiн, у якiх аказвалiся вядомыя постацi свайго часу. Пры гэтым не абмяжоўвае магчымасцi чытача для роздуму, уласных ацэнак.

З другога боку, кнiжка напоўнена прыемным замiлаваннем кожным куточкам нашай зямлi, шчырым гуманiзмам, любоўю да людзей. Шмат даследнiцкiх матэрыялаў перададзена яе аўтарам у фонды Уздзенскага гiсторыка-краязнаўчага музея. Таму лагiчнай падалася прапанова аб хадайнiцтве, каб вылучыць Уладзiмiра Кiсялёва ў наступным годзе на прэмiю «За духоўнае адраджэнне». Уся яго дзейнасць апошнiх дзесяцiгод­дзяў прысвечана гэтай дабрачыннай справе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter