Даўнiна цi пародыя?

Як добра, што ў наш час пачалi адраджацца гiстарычныя сядзiбы...

Як добра, што ў наш час пачалi адраджацца гiстарычныя сядзiбы Беларусi. Удвая гэта важна таму, што Беларусь знаходзiцца ў цэнтры Еўропы, i ад таго, як будуць бачыць нашы адносiны да сваёй гiсторыi i культуры замежныя турысты, у многiм залежыць iх ацэнка ўсёй нашай краiны. Таму я лiчу, што проста трошкi ажывiць гэтыя сядзiбы – гэта яшчэ не значыць адрадзiць iх.

У пазамiнулым стагоддзi многае ў сядзiбах было не такiм, як мы маем сёння. Вакол iх квiтнелi вiшнёвыя сады, актыўна будавалiся стайнi, карэтныя, сыраварнi, вяндлярнi, ткальнi. А ролю сучасных газонакасiлак выконвала... скацiна.

Мы чамусьцi забываем, што ў склад сялянскай сядзiбы абавязкова ўваходзiлi клець, павець, варыўня, склеп, адрына, хлеў, абора, гумно. Сучасныя жыхары Беларусi нават i сэнсу многiх з гэтых слоў не ведаюць, не кажучы ўжо пра тое, што не ўяўляюць, як гэтыя пабудовы павiнны выглядаць. Сучасныя так званыя “адроджаныя” сядзiбы нярэдка выглядаюць як пародыя на старадаўнасць.

А сучасныя рыцарскiя турнiры ды музычныя фестывалi два разы на год – гэта кропля ў моры. Сядзiбы павiнны жыць самастойным духоўным жыццём. Чаму? Бо iх можна актыўна выкарыстоўваць не толькi для прыцягнення турыстаў, але i ў адукацыйных i выхаваўчых мэтах.

А што на справе? Нават не ходзiць аўтобус да знакамiтага музея-сядзiбы “Здраўнёва” – асабняка Iльi Рэпiна, куды маглi б з’язджацца турысты з усёй Беларусi. Яны i едуць, але на сваiм транспарце, альбо iдуць пехатой. Цi многiх такое прывабiць?

А мне б вельмi хацелася ўбачыць хаця б адну, але сапраўды гiстарычную сядзiбу, а не прыдуманую, штучную.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter