Белорусские звезды поздравляют женщин с 8 марта

Чызкейк ад Кур’яна, качалка ад Тэа



Дзяніс КУР`ЯНДзяніс КУР`ЯН, тэлевядучы:

— Апошнія гадоў дзесяць 8 Сакавіка я балую сваіх любімых жанчын адным і тым жа — фірменным тортам. Я часта бываў за мяжой, любіў там дэгуставаць розныя чызкейкі. У адзін цудоўны момант вырашыў: чаму б мне не паспрабаваць зрабіць яго самому? Спярша частаваў гэтым тортам маму і сястру, а цяпер жонку.

І вось апошнія гады 8 Сакавіка ў нашай сям`і пачынаецца заўсёды аднолькава. Я прачынаюся ў шэсць гадзін раніцы і адпраўляюся на кухню. Неўзабаве Юля чуе характэрны пах. Не заўсёды прыемны. Кулінар я нікуды не варты, нічога, акрамя чызкейка, гатаваць не ўмею. Ды і той не заўсёды атрымліваецца з першай спробы. У чым самая распаўсюджаная памылка мужчын, якія хочуць пачаставаць сваіх каханых смачнай стравай? Яны робяць толькі адну порцыю, і калі тая сапсавалася, то і свята не атрымалася. Я ж з вечара рыхтую адразу дзве порцыі цеста. Дарэчы, нашы малочныя заводы нарэшце сталі рабіць такі тварог, з якога атрымліваецца сапраўдны еўрапейскі чызкейк.

Дык вось, нягледзячы на тое што рыхтую свой фірменны торт шмат гадоў, з першай спробы зрабіць яго смачным і прыгожым удаецца рэдка. Калі раптам з кухні пайшоў пах гарэлага, значыць, я тут жа бяруся за другую частку цеста. Жонка ўжо да гэтага прывыкла, цярпліва чакае пачастунак. Вось і ўсім нашым жанчынам я жадаю цярпення, бо астатнія 364 дні ў годзе ім прыйдзецца самім стаяць каля пліты. Са святам вас, нашы дарагія!

Саша НЭМАСаша НЭМА, спявак:

— Любімых жанчын у мяне шмат: мама, жонка, дзве дачкі. Таму і падарункаў таксама шмат, але яны, як правіла, незапланаваныя, спантанныя, звычайна купляю іх у апошні дзень. Для жонкі абавязкова цюльпаны, яна іх вельмі любіць, таму дару ёй іх не толькі на святы. Але самы незабыўны падарунак атрымаўся два гады таму. У мяне зламалася машына, я пакінуў яе на СТА. Некалькі дзён пакутавалі ўсёй сям`ёй, а потым я вырашыў, што яшчэ адзін аўтамабіль не будзе лішнім. Справа была якраз напярэдадні 8 Сакавіка, я паехаў і купіў жонцы «Пежо». Для яе гэта было нечакана, але прыемна, бо ў яе даўно былі правы, але яна толькі зрэдку ездзіла на маёй машыне. Цяпер яна без праблем развозіць дзяцей па гуртках.

 Дарэчы, дзесяцігадовая Ганна займаецца мастацкай гімнастыкай і вельмі любіць падарункі, звязаныя менавіта з гэтым відам спорту. Зараз шукаю ёй сумку, пра якую яна даўно марыць. А малодшая ў апошні час захоплена дыназаўрамі, думаю, будзе вельмі рада такой цаццы з пультам кіравання.

ТэаТэа, спявак:

— Хочацца, каб нашы жанчыны часцей усміхаліся. Разумею, што гэта залежыць ад нас, таму заўсёды імкнуся рабіць прыемнае. Памятаю, яшчэ ў школьныя гады на ўроках працы зрабіў для матулі качалку для раскатвання цеста і драўляную дошку для нарэзкі прадуктаў. Цяпер мы далёка адзін ад аднаго (бацькі па-ранейшаму жывуць у Кобрыне), таму кветкі або іншыя падарункі на свята перадаю ёй праз сяброў. І калі чую ў тэлефоннай трубцы мамін расчулены да слёз голас, разумею, што сюрпрыз атрымаўся.

Сёння магу дазволіць сабе купіць шыкоўны букет для сваёй дзяўчыны. У школьныя гады было інакш. Дапамагалі кветкі са школьных клумбаў. Дзяўчаты былі шчаслівыя, дырэктар – наадварот. Даруйце мне, мае любімыя настаўніцы, і са святам вас!

Дзмітрый БАЧКОЎДзмітрый БАЧКОЎ, тэлевядучы:

— Што б людзі ў наша стагоддзе высокіх тэхналогій ні прыдумлялі, лепшага падарунка на 8 Сакавіка, чым кветкі, няма. Важна, як іх паднесці. Пару гадоў таму мужчыны Белтэлерадыёкампаніі вырашылі зрабіць гэта вельмі арыгінальна. З гэтай мэтай звярнуліся да аднаго з падраздзяленняў сілавых ведамстваў. Ідэя была наступнай: дзесяць бравых хлопцаў у бронекамізэльках і масках нечакана з`яўляюцца ў кабінеце і віншуюць нашых дам. Яны, праўда, запыталіся, ці могуць што-небудзь дадаць ад сябе. Мы пагадзіліся, будучы цалкам упэўненымі, што гэтыя мужчыны сапраўды ведаюць, як прыгожа ўручыць букет. І вось уявіце: адчыняюцца дзверы, і ў кабінет урываюцца афіцэры са словамі: «Усім на падлогу!». Гэта было нечакана нават для нас, ініцыятараў гэтага дзейства. Дзяўчаты, натуральна, спалохаліся, сталі апускацца на падлогу. Але ваенныя хутка перавялі ўсё ў жарт, свята скончылася ўсмешкамі, добрым настроем.

Як асабіста я віншую сваіх любімых жанчын? У мяне для ўсіх падарункі розныя: жонцы — адно, маме — іншае. Я цвёрда перакананы, і мае жанчыны мяне падтрымліваюць, што паднесены прадмет — гэта не галоўнае, важней увага, клопат, любоў, з якой ты гэта дорыш.

Анатоль ГОЛУБАнатоль ГОЛУБ, акцёр:

— У розныя перыяды жыцця гэтае свята адзначаем па-рознаму. Напрыклад, у школьныя гады, пачынаючы недзе з пятага-шостага класа, напярэдадні 8 Сакавіка мы, тры школьныя неразлучныя сябры Багатыроў, Ананьеў і Голуб, садзіліся на аўтобус і з Ракава ехалі ў Мінск, каб купіць нашым дзяўчынкам букеты, прычым стараліся, каб усе яны былі рознымі.

У тэатральна-мастацкім інстытуце ўжо былі больш арыгінальнымі. Памятаю, прыдумалі для аднакурсніц лабірынт, прайшоўшы праз які з заплюшчанымі вачыма, яны аказваліся ў цэнтры прыгожай залы, дзе кавалеры запрашалі іх на танец, заканчвалася свята гарбатай і торцікам. А ў Альтэрнатыўным тэатры, з якога і пачыналася мая кар`ера, мы ўжо рабілі цэлыя спектаклі. Памятаю, адзін з іх называўся «Планета без жанчын», дзе мы паказвалі, у што маглі ператварыцца мужчыны, калі б засталіся без сваёй слабай палавіны.

Запала ў памяць і адно вясёлае сямейнае 8 Сакавіка. Гадоў дзесяць таму ў нас была кампанія з дваццаці чалавек, мы часцяком збіраліся па выхадных, гулялі ў «Кракадзіла», «Мафію», іншыя падобныя гульні. А на свята вырашылі зладзіць кулінарны конкурс, толькі гатаваць павінны былі мужчыны, а дэгуставаць і вызначаць пераможцу — жонкі. Я паўдня чараваў над сваім шэдэўрам, старанна ўпрыгожваў яго зелянінай, але пераможцам так і не стаў.

А ў гэтым годзе ў нас у тэатры імя Горкага для глядачак ёсць вельмі арыгінальны падарунак — новы спектакль-канцэрт-імправізацыя «Капуста па-russki на 8 Сакавіка». Прыходзьце, будзе весела.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter