Большасць зла і дабра на зямлі ствараюць людзі, але асобных з іх язык не паварочваецца так называць...

Чорныя светлыя дні

Да золку звычайна бывае занадта цёмна. Аднак сонечнае святло пакрысе разбурае цемру. Большасць зла і дабра на зямлі ствараюць людзі, але асобных з іх язык не паварочваецца так называць... Я пра тэракт у Берліне напярэдадні найвялікшага і радаснага свята — Нараджэння Божага. Трагедыя адбылася напярэдадні Раства, на гандлёвай плошчы Брайтшайд-плац у турыстычным цэнтры нямецкай сталіцы: падчас каляднага кірмашу грузавік з прычэпам на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў натоўп. У выніку атакі тэрарыстаў, а менавіта ў вячэрні час тут было найбольш наведвальнікаў, раненні атрымалі каля пяцідзесяці чалавек, дванаццаць загінулі.

Палітолаг Аляксандр Рар назваў масавае забойства ў Берліне ўдарам у сэрца краіны. Але гэта яшчэ і ўдар па ўсёй Еўропе з яе адкрытымі межамі, дзе ў любым месцы баевікі могуць ажыццявіць новы напад.

Пяць гадоў таму, падчас камандзіроўкі ў Стамбул і Анкару, не ўяўляў, што Турцыя будзе такой небяспечнай з пункту гледжання тэрарызму. Тады ў Сірыі толькі разгаралася вайна, у Іраку яна ішла, а суседняя Турцыя здавалася адносна спакойнай. Цяпер усё інакш, атакі тэрарыстаў стала паўтараюцца.

У людзей узнік страх, турысты баяцца наведваць знакавыя гістарычныя культурныя аб’екты, адпачываць на папулярных тамтэйшых курортах.

Таму дзёрзкае забойства экс-афіцэрам турэцкай паліцыі пасла Расіі ў Турцыі Андрэя Карлава ў Цэнтры сучаснага мастацтва Анкары — сярод апошніх рэзанансных падзей. Гэта ўжо чацвёрты за ўсю гісторыю выпадак смерці высокапастаўленага расійскага дыпламата падчас выканання службовых абавязкаў. Раней на дыпламатычным фронце загінулі: у Тэгеране — паэт Аляксандр Грыбаедаў (1829 год), у Лазане — Вацлаў Вароўскі (1923 год), у Варшаве — Пятро Войкаў (1927 год).

На жаль, так бывае з прадстаўнікамі дзяржавы, якая апынулася ў эпіцэнтры барацьбы з міжнародным тэрарызмам, на скрыжаванні геапалітычных інтарэсаў у рэгіёне. Выглядае гэта, як помста хаўруснікаў ісламістаў за поспехі ў вызваленні шматпакутнай Сірыі ад радыкалаў, як спроба разбурыць існуючыя расійска-турэцкія адносіны. На гэтыя выклікі расіяне, без сумніву, дадуць адэкватны адказ...

Гэтымі днямі спачуванні ў Расію ідуць з усяго свету, выказаў іх і наш Прэзідэнт. Да таго ж, Савет Бяспекі ААН лічыць тэрактам забойства кіраўніка расійскай дыпмісіі ў Турцыі і заклікае пакараць яго выканаўцаў. Упэўнены, так і будзе.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter