Работают днем и ночью: понаблюдали за тем, как в Минске обновляют дорожную разметку

Чорна-белае мастацтва

Камунальнае спецыя­лi­заванае мантажна-эксплуатацыйнае ўнiтарнае прадпрыемства Мiнгарвыканкама (СМЭП) абнаўляе пасля зiмы дарожную разметку ў горадзе. Старшыня Мiнгарвыканкама Уладзiмiр Кухараў даручыў скончыць працу на асноўных магiстралях да 1 чэрвеня. Час падцiскае. Дарожныя рабочыя з усiх сiл стараюцца паспець. Працуюць нават ноччу i ў выхадныя днi, каб прычынiць менш нязручнасцей кiроўцам. Разам з экiпажам разметачнай машыны наносiў раздзяляльныя палосы на начныя праспекты Мiнска i наш карэспандэнт.

Машынiст разметачнай машыны i два дарожныя рабочыя зладжана выконваюць сваю працу — малююць суцэльную.

Начная змена

Без пятнаццацi поўнач. Халодны красавiк праймае да касцей. Дарожныя рабочыя заступаюць на змену. Наносiм новую разметку на праспекце Дзяржынскага. Кантралюе працэс майстар дарожнай разметкi Аляксей Савасцянкевiч:

— Уначы мала трафiка, можам больш эфектыўна працаваць.

Тэмпература паветра крыху вышэй за нуль. Недацягвае нават да мiнiмальных плюсавых пяцi градусаў для нанясення разметкi. Ужо як ёсць, чакаць цяпла няма часу.

Машынiст разметачнай машыны i два дарожныя рабочыя зладжана выконваюць сваю працу — малююць суцэльную. Кампрэсар у кузаве гудзе — нагнятае цiск, па доўгiм шлангу паступае эмаль. Аператар за пультам кантралюе падачу фарбы i дакладныя межы яе нанясення. Да гэтага рабочыя вымералi шырыню праезнай палосы i праграма па шаблоне разлiчыла астатнiя параметры.

Разметку наносяць аўтаматычным спосабам. Уручную фарбуюць толькi ў цяжкадаступных месцах.

— Разметку цяпер наносiм аўта­ма­тыч­ным спосабам, — удакладняе Аляксей Савасцянкевiч. — Уручную фарбуем толькi ў цяжкадаступных месцах. Раздзяляльныя палосы, напрамкi руху, стоп-лiнii, пераходы — аўтаматыкай.

Пасыпаюць свежую разметку шклашарыкамi — для надання ёй святлоадбiвальнага эфекту. Рабочыя выставiлi яркiя конусы па лiнii афарбоўкi. На паўгадзiны па палосе, дзе сохне фарба, абмежаваны рух.

Самае складанае — гэта памяняць разметку цалкам. Напрыклад, як на з’ездах шматузроў­невай развязкi на скрыжаваннi праспек­таў Жукава i Дзяржынскага. Там з’явiцца выдзеленая палоса для грамадскага транспарту. А тоўстыя стрэлкi, якiя паказваюць звужэнне праезнай часткi, прыйдзецца дэмаркiраваць. Гэтую працу выканае спецыяльная машына, зрэжа фрэзай тонкi пласт асфальту.

Рабочыя выставiлi яркiя конусы па лiнii афарбоўкi. На паўгадзiны па палосе, дзе сохне фарба, абмежаваны рух.

Халодны метад

На вулiцах Мiнска, акрамя эма­лi, наносяць разметку i гарачым тэрмапластыкам. Гранулы раза­граваюцца да 200 градусаў i наносяцца разметачнай машынай пластом таўшчынёй да 6 мiлiметраў. Яго наносяць у асноўным на новы асфальт, тэрмапластык не трывае расколiн i выбоiн. Ды i тэхнiка габарытная. Таму зручней рабiць разметку адразу па свежым асфальце, пакуль няма трафiка. Такое пакрыццё служыць не менш за тры гады. Фарбу ж трэба асвяжаць кожныя паўгода, асаблiва прыкметна яна сцiраецца пасля зiмы. Затое метад танны.

Сёлета «СМЭП Мiнгарвыкан­кама» прымяняе новую тэхнало­гiю — халодны пластык. Ён прызначаны для разметкi на аўтамабiль­ных дарогах i вулiцах з удасканаленым пакрыццём. Такую афарбоўку яшчэ лепш вiдаць у цёмны час сутак, чым нанесеную гарачым тэрмапластыкам, больш высокая ў яе зносаўстойлiвасць, устой­лiвасць да складаных умоў надвор’я i процiгалалёдных рэаген­таў. Дзякуючы новай тэхналогii эканомiцца расходны матэрыял — халодны пластык наносiцца метадам распылення таўшчынёй пласта да 1,5 мiлiметра. I хутка высыхае, усяго за 20 хвiлiн.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter