Чацвёра з вогненнага дэсанту

Чацвёра воiнаў-гвардзейцаў з адной роты атрымалi Залатыя Зоркi Героя Савецкага Саюза

Сенсацыйны факт. Чацвёра воiнаў-гвардзейцаў з адной роты за фарсiраванне ракi Заходняя Дзвiна атрымалi вышэйшую ўзнагароду – Залатыя Зоркi Героя Савецкага Саюза. Калi б такая падзея адбылася ў палку цi дывiзii – усё роўна яна неардынарная. А тут – у адной роце, дзе ўсе байцы ведаюць адзiн аднаго!

Пра гэту незвычайную падзею, зразумела, пiсалi i гаварылi шмат. Сам подзвiг здзейснены 25 чэрвеня 1944 года. Вызваленне беларускай зямлi iшло настолькi хутка, што нагадвала веснавую паводку. Але ж вораг адчайна супрацiўляўся. Нашы войскi глыбока прарвалiся ў яго пазiцыi ў накiрунку Полацка. Паблiзу Шумiлiна i гарадскога пасёлка Обаль фашысты стварылi непрыступны плацдарм на левым беразе Заходняй Дзвiны.

Каб аслабiць працiўнiка, раскалоць i дэмаралiзаваць яго, недастаткова было толькi генеральскiх загадаў. У сапраўды народнай вайне лёс перамогi ў значнай меры вырашаюць кемлiвасць i жывая iнiцыятыва простых воiнаў. Вось чаму мы зноў нагадаем пра той подзвiг чатырох на Заходняй Дзвiне.

Энцыклапедычны даведнiк «Беларусь в Великой Отечественной войне» не абмiнуў гэты сенсацыйны факт. На старонцы 163-й у спiсах Герояў Савецкага Саюза названы чацвёра байцоў з адной роты: П.А. Кабанаў, А.Г. Ляпiн, Б.Г. Малышаў, I.Н. Моцiн.

Здавалася, што прарвацца праз раку на левы бераг Заходняй Дзвiны проста нерэальна. Рака прастрэльвалася лiтаральна з усiх вiдаў зброi. I тады камандзiр аддзялення старшы сержант Павел Кабанаў з трыма баявымi сябрамi хутка змайстравалi драўляны плыт. I хаця iм забяспечвалася прыкрыццё з правага берага, аднак пераправа ажыццяўлялася са смяротнай рызыкай. Гвардзейцы цудам засталiся жывымi пад свiнцовым агнём гiтлераўцаў. Як толькi плыт наблiзiўся да левага берага, яны з ходу закiдалi гранатамi i раcстралялi аўтаматнымi чэргамi першую лiнiю варожай абароны, захапiлi плацдарм. Пакуль да iх праз Заходнюю Дзвiну iшло падмацаванне, гвардзейцы ўтрымлiвалi абарону. А затым стала магчыма наладзiць пантонную пера-праву для палкоў i дывiзiй.

Без самаахвярнага подзвiгу чатырох наступленне магло б зацягнуцца яшчэ на многiя днi i нават тыднi. На шчасце, героям удалося выжыць у тым пекле. Хаця Барыс Малышаў неўзабаве памёр ад ран. Няма сёння ўжо нiкога ў жывых з таго вогненнага дэсанта. Толькi 45 гадоў пражыў Iван Моцiн з Пензенскай вобласцi. А камандзiр аддзялення гвардыi старшы сержант Павел Кабанаў пасля вайны жыў i працаваў у расiйскiм горадзе Жукоўскiм.

Усiх вызвалiцеляў параднiла Заходняя Дзвiна. За той неўмiручы подзвiг Радзiма ўзнагародзiла герояў Залатымi Зоркамi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter