Пэўна, няма ў нашай рэспубліцы сельгаспрадпрыемства, дзе б не працавалі выхаванцы прафесара Белдзяржсельгасакадэміі Макса ФРЭЙДЗІНА. За няпоўныя шэсць дзесяцігоддзяў выкладчыцкай дзейнасці ў старэйшай вышэйшай аграрнай установе Еўропы праз яго рукі прайшлі тысячы беларускіх і замежных студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Пад кіраўніцтвам вучонага абаронена пяць кандыдацкіх і звыш 20 магістарскіх дысертацый, яго эканамічныя вывады і распрацоўкі апублікаваны ў больш як 300 навуковых і вучэбна-метадычных працах.
Вучоны-эканаміст прымаў удзел у стварэнні Праграмы ўдасканалення АПК Рэспублікі Беларусь, арганізаваў у сельгасакадэміі навуковую школу кафедры аграбізнесу і многія гады кіраваў ёю (атрымала прызнанне ў нашай краіне і за мяжой). Макс Залманавіч удастоены вучонага звання прафесара, заслужанага эканаміста і выдатніка народнай адукацыі БССР.
Педагагічная і навуковая дзейнасць аграрнага прафесара адзначана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За доблесную працу», Францыска Скарыны, «За працоўныя заслугі», ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта, Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінсельгасхарча.
Аўтар гэтых радкоў памятае, як прыемна студэнтаў экфака Белдзяржсельгасакадэміі ўразіла лекцыя па арганізацыі сельгасвытворчасці прафесара Макса Залманавіча Фрэйдзіна. Высокі, статны, элегантна апрануты, ён увайшоў у аўдыторыю — і ўсе раптоўна замерлі ў чаканні нечага незвычайнага. Пачаў лекцыю з цікавых жыццёвых прыкладаў і, каб зняць напружанне ў аўдыторыі, тэарэтычны матэрыял чаргаваў з філасофскімі і нават лірычнымі адступленнямі і лёгкім гумарам. Дзве акадэмічныя гадзіны прайшлі на адным дыханні. Так было і на наступных занятках. Прафесар зачароўваў сваім талентам лектара.
— Маё галоўнае правіла — працаваць у аўдыторыі з вялікім запасам разнастайнай інфармацыі, — раскрывае прафесійны сакрэт прафесар Макс Фрэйдзін. — Тэарэтычны матэрыял імкнуся ўзбагаціць важнымі фактамі. Лектар, як дырыжор вялікага аркестра, павінен ведаць, дзе ўзмацніць уздзеянне на слухачоў і ў які момант знізіць градус напалу, даць магчымасць крыху расслабіцца. Тады лекцыя лягчэй засвойваецца.
У пасляваенным студэнцтве мне пашчасціла вучыцца ў высокапрафесійнай акадэмічнай прафесуры. Бывала, аўдыторыя ледзьве ўмяшчала ўсіх жадаючых паслухаць лекцыю таленавітага вучонага-глебазнаўца прафесара Андрэя Мядзведзева. З першай хвіліны ён заваёўваў увагу прысутных. Нават пасля званка ў перапынку студэнты не разыходзіліся, засыпалі пытаннямі. Андрэй Рыгоравіч узняўся да акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А якія эксклюзіўныя лекцыі па папулярнай у той час аграхіміі нам чытаў прафесар Роберт Вільдфлуш! Падручнікаў не хапала, а цікавасць да прадмета ў будучых аграномаў-эканамістаў была вялікая. А класічнае земляробства арыгінальна выкладаў прафесар Сяргей Захараў, заняткі ў аўдыторыі спалучаў з экскурсіямі на палеткі для вызначэння асаблівасцей мясцовасці. Лекцыі па арганізацыі сельгасвытворчасці прафесара Ізраіля Гарфінкеля вылучаліся дакладнымі прыкладамі з перадавых калгасаў і саўгасаў. Без адзінай паперкі называў важныя лічбы, знаёміў нас з новымі метадамі кіравання гаспадарчай дзейнасцю. Практыкаваліся мы ў перадавых гаспадарках рэспублікі, і на старэйшых курсах многія ў час вытворчай практыкі займалі пасады галоўных спецыялістаў.
У тыя пасляваенныя гады краіна толькі ўздымалася з папялішчаў. У гаспадарках распрацоўваўся зямельны кадастр, карэкціраваліся першыя пасляваенныя планы эканамічнага развіцця. Запомнілася, як нас, будучых спецыялістаў, вучыў выпускнік Ціміразеўскай сельгасакадэміі дацэнт Барыс Варанкоў: план закупак сельгаспрадукцыі неабходна дыферэнцыраваць на аснове эканамічнай ацэнкі ўрадлівасці зямель. Каштоўныя парады акадэмічнай прафесуры потым не аднойчы дапамагалі ў практычнай дзейнасці.
— Дзе вы яе пачыналі?
— Пасля заканчэння з адзнакай эканамічнага факультэта сельгасакадэміі атрымаў прапанову паступаць на вучобу ў аспірантуру. У краіне панаваў працоўны энтузіязм. На вёсцы не хапала спецыялістаў, таму аспірантуру адклаў на потым і вырашыў працаваць. Разам з дыпломам вучонага агранома-эканаміста атрымаў накіраванне ў Горацкі райвыканкам, дзе ўзначаліў планавую камісію. Пачынаў сваю дзейнасць з нуля. Выязджаў у вёскі, вывучаў становішча на месцах. Распрацоўваў перспектыўны план сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
— А як з прапановай вучыцца ў аспірантуры?
— Толькі праз некалькі гадоў пасля практычнай дзейнасці вырашыў заняцца навукай. Паступіў у завочную аспірантуру. Кандыдацкую дысертацыю рыхтаваў на акадэмічнай кафедры кіравання сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэты перыяд супаў з пачаткам рэарганізацыі структуры кіравання сельскагаспадарчай галіной. Вучобу спалучаў з дзейнасцю начальніка планава-фінансавага аддзела ўтворанага Горацкага тэрытарыяльнага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення. Днём займаўся вытворчымі справамі, а вечарамі карпеў над кандыдацкай дысертацыяй. У практычнай дзейнасці выручалі вопыт кіравання планавай камісіяй райвыканкама і акадэмічныя веды. У калгасах і саўгасах Горацкага раёна пачалі ўкараняць новыя на той час метады гаспадарання і прагрэсіўную сістэму аплаты працы. Новаўвядзенні садзейнічалі росту валавой вытворчасці прадукцыі. Па асноўных эканамічных паказчыках сельскагаспадарчай галіны раён лідзіраваў на Магілёўшчыне. Да нас ехалі з іншых рэгіёнаў пераймаць перадавы вопыт кіравання вытворчасцю.
Руплівасць перадавікоў раёна дзяржава адзначыла высокімі ўзнагародамі. У няпоўныя трыццаць гадоў атрымаў ордэн «Знак Пашаны». Узнагарода надала настрою і жадання працаваць яшчэ лепш. У калгасах і саўгасах пачалі ўводзіць спецыялізацыю, апрабоўваць новыя метады арганізацыі працы, матэрыяльнага стымулявання. Усё гэта лягло ў аснову кандыдацкай дысертацыі.
— Якой тэме прысвяцілі навуковае даследаванне?
— Вызначаў карысць ад умацавання спецыялізацыі сельгаспрадпрыемстваў на прыкладзе калгасаў і саўгасаў Горацкага раёна. Распрацаваны ў дысертацыі вопыт атрымаў распаўсюджанне ў іншых. Пасля абароны дысертацыі атрымаў запрашэнне выкладаць на эканамічным факультэце акадэміі. Паўвека таму ўзначаліў кафедру кіравання. Давялося з нуля ствараць матэрыяльна-тэхнічную базу, адкрылі аспірантуру. Шмат давялося пастарацца над распрацоўкай навучальнага курса «Кіраванне сельскагаспадарчай вытворчасцю з асновамі менеджменту». А потым мне даручылі ўзначаліць кафедру эканамічных адносін і кіравання АПК, якая пазней рэфармавана ў кафедру аграбізнесу. З калегамі займаліся інавацыйнымі навуковымі даследаваннямі рыначных умоў. Нашы прапановы садзейнічалі ўкараненню разнастайнасці мадэлей арганізацыйна-прававых форм гаспадарання.
— Вы заслужаны эканаміст БССР, выдатнік адукацыі. У дні вашага 90-гадовага юбілею рэктар Белдзяржсельгасакадэміі Віталь Веліканаў адзначыў, што мала хто ў маштабным калектыве вядучай аграрнай вышэйшай навучальнай установы краіны можа сапернічаць з вамі па колькасці ўзнагарод і ганаровых званняў. Не кранула зорная хвароба?
— Зберагае ад гэтага перш за ўсё бацькоўскае выхаванне. Як бы радаваліся родныя, што маё імя занесена ў Кнігу Славы Горацкага раёна. Тут мае карані. Продкі жылі ў маёнтку Раманава, сяляне якога на пісьмо да правадыра пралетарыяту атрымалі згоду на назву Леніна. На пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, каб не трапіць пад раскулачванне, бацькі ў спадзяванні знайсці занятак пераехалі ў Горкі. З таго часу маё жыццё моцна пераплецена з гэтым дарагім сэрцу куточкам.
— У Год гістарычнай памяці ёсць што ўзгадаць?
— Асабліва асела ў памяці перажытае ў ваеннае ліхалецце. Мне было дзевяць гадоў, калі пачалася вайна. Добра памятаю, як фашысцкія самалёты бамбілі Горкі. Па шляху, што вядзе на Смаленск, у першыя дні вайны масава крочылі бежанцы. На пад'ездзе да горада, дзе з сябрамі-падлеткамі гулялі, спынілася легкавая машына «Эмка». З яе выйшла жанчына, а за ёю ладна апрануты мужчына сярэдняга росту. Ён акінуў нас позіркам, усміхнуўся і пайшоў на падворак. Ад жанчыны даведаліся, што гэта Янка Купала. Пра яго ведалі са школьных урокаў. Тая адзіная сустрэча з Песняром запала ў сэрца.
Не забуду, як развітваліся з бацькам, калі ён адпраўляўся на фронт. Казаў нам, што за месяц ворагаў прагоняць з нашай зямлі і ён вернецца дамоў. А тым часам ваенныя дзеянні падбіраліся ўсё бліжэй. У Горках пачалі эвакуіраваць акадэмію. Варожыя самалёты бамбілі нафтабазу, чыгуначную станцыю Пагодзіна.
Маці звярнулася ў харчовую арганізацыю, дзе да вайны бацька працаваў бухгалтарам, каб дапамаглі эвакуіравацца. Нам выдзелілі каня з павозкай, на якую мы пагрузілі пажыткі, дзяцей і са сваякамі рушылі на ўсход. Але далёка ад'ехаць не ўдалося — пачалася чарговая бамбёжка. Мы доўга ляжалі ў прыдарожнай канаве. Мяне і малодшую сястрычку Асю маці прыкрывала і супакойвала. Бачылі, як ляцелі бомбы на студэнцкую бібліятэку і іншыя акадэмічныя пабудовы. Пад вечар рушылі па шляху на Смаленск. Адступалі і атрады стомленых чырвонаармейцаў. Перад смаленскім Рослаўлем неабходна было прайсці цераз драўляны мост. Салдаты папярэдзілі, што ён замініраваны, і параілі сенам абматаць колы, каб ціхенька пераехаць па дошках. За некалькі дзён дабраліся да Бранска, але варожыя бомбы і там грукаталі. Мы без прыпынку накіраваліся ў Арол. Там маці здала каня і павозку, атрымала дакумент, па якім нас адправілі ў таварным вагоне на поўдзень. Спыніліся ў станіцы Новаанінская каля Сталінграда. Дарослыя працавалі ў калгасе, а я са стрыечным братам Мацвеем вазіў ваду на палявы стан.
Фашысты падступалі да Сталінграда. Мама цудам знайшла сваю сястру, якая лячыла салдат у ваенным шпіталі каля Арэнбурга, і мы адправіліся да яе. Там да Перамогі маці дапамагала даглядаць параненых байцоў. Пасля вайны вярнуліся ў паўразбураныя Горкі. Хаты не было, прыют далі чужыя людзі. З фронту прыйшоў бацька, і сталі абжывацца. Купілі драўляны дом, абнавілі садок маладзенькімі яблынямі і слівамі.
Многія выкладчыкі і студэнты акадэміі змагаліся на франтах вайны. Не ўсім выпала доля жывымі вярнуцца. У нашым краязнаўчым музеі ім прысвечана спецыяльная экспазіцыя, пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. Зараз у акадэміі праходзіць фестываль «Студэнцкая вясна», прысвечаны Году гістарычнай памяці. Такія мерапрыемствы патрэбны для выхавання моладзі.
— На пачатку кожнага навучальнага года сустракаеце новую хвалю моладзі. Як наладжваеце кантакт?
— Імкнуся крочыць у нагу з часам, ні на дзень не спыняю самаадукацыю. Зацікаўліваю студэнтаў навуковымі навінкамі, вучу не толькі спасцігаць аграрную навуку, але і разважаць, смела прымаць рашэнні. Прымячаю больш схільных да абранай спецыяльнасці і падтрымліваю іх інтарэсы. З многімі выпускнікамі трымаю сувязь. У юбілей мяне бесперапынна віншавалі.
— А што сніцца ў 90 гадоў?
— Дзяцінства, юнацтва, маладосць. Часам усхопліваюся ад таго, што не так маршырую пад перастук піянерскага барабана. Гэта быў час майго зямнога раю. Радаваўся ўступленню ў піянеры, у атрадзе быў барабаншчыкам. А як ганарыўся, калі прынялі ў камсамол! Узначальваў школьную камсамольскую арганізацыю, быў членам бюро Горацкага гаркама камсамола. У студэнцтве мяне выбралі намеснікам сакратара камітэта камсамола экфака. На ўсё хапала часу. Паспяваў і на спатканні з маладой выкладчыцай гісторыі КПСС Маяй Партновай. На трэцім курсе ажаніўся. Пражылі ў шлюбе 58 гадоў, выхавалі сына Уладзіміра. У сталіцы ў IT-сферы працуе ўнук Арцём.
— Займацца навукай — справа адказная. Навукоўцам трэба нарадзіцца ці можна пры жаданні любому ім стаць?
— Кожнаму чалавеку штосьці дадзена абавязкова. Трэба гэта раскрыць і далей развіваць. Важна ўмець кіраваць сабою, валодаць самаўнушэннем, і ўсё будзе ладна.
— Навука і рызыка сумяшчальныя?
— Рызыкаваць трэба абдумана. За свае 90 гадоў нямала рызыкаваў. Калі працаваў эканамістам у Горацкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі, спатрэбілася аператыўна распрацаваць сямігадовы план эканамічнага развіцця. Для гэтага неабходна было задзейнічаць спецыялістаў з гаспадарак. Часу не было, таму вырашыў зрабіць усё сам. А тут прыехаў інспектар сельгасаддзела ЦК КПСС і адправіўся па гаспадарках. У спецыялістаў калгаса «17 Партз'езд» пацікавіўся, які яны ўдзел прымалі ў складанні плана. У адказ пачуў, што нічога не чулі пра гэта. Ледзьве не атрымаў вымову. Рызыкаваў дзеля справы, каб людзей не загружаць і самастойна справіцца з даручэннем.
— Макс Залманавіч, чым можна растлумачыць, што ў аграрных вышэйшых навучальных установах упаў конкурс сярод абітурыентаў?
— Дэмаграфічная яма закранула многія краіны, у тым ліку і нашу. Немалаважную ролю адыгрывае і тое, што слаба папулярызуюцца ў сродках масавай інфармацыі аграрныя прафесіі. Пры размеркаванні выпускнікоў ледзьве забяспечваем заяўкі з гаспадарак рэспублікі. На дзесяці факультэтах па 21 спецыяльнасці ў нас займаюцца каля дзевяці тысяч студэнтаў. У акадэміі створаны цудоўныя ўмовы для вучобы і побыту студэнтаў. Акадэмічны гарадок па добраўпарадкаванні не ўступае самым прэстыжным вышэйшым навучальным установам свету. Дзейнічаюць Вышэйшая школа аграбізнесу і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Нашы навукоўцы пастаянна ўдзельнічаюць у распрацоўках значных дзяржаўных праграм развіцця АПК, наладзілі творчую сувязь з калегамі Акадэміі менеджменту і аграбізнесу Нечарназёмнай зоны Расіі, аграрнымі акадэміямі ў польскіх гарадах Шчэцін і Ольштын.
— Суадносіны розуму і сэрца, рацыянальнага і эмацыянальнага — адна з найбольшых таямніц асобы. Што ў вас на першым плане?
— Для мяне як рацыянальнае, так і эмацыянальнае заўжды важныя. А з пункту гледжання эканаміста працытую такія радкі Расула Гамзатава:
Я счастлив: не безумен и не слеп.
Просить судьбу мне не о чем.
И все же пусть будет на земле дешевле хлеб,
А человек — немножечко дороже.
Важна, каб у жыцці ўмелі дараваць, рабіць дабро, не шкадаваць прыемных слоў. Мая асноўная задача як прафесара — абагачаць студэнтаў ведамі. На экзамене не спяшаюся ставіць нізкую адзнаку. Задаю дадатковыя пытанні, каб падапечны меў магчымасць праявіць сябе.
У замежжы аўтарытэт навучальнай установы вызначаецца тым, чаго праз пяць гадоў дасягнулі выпускнікі, дзе і чым займаюцца. Такая методыка даволі аб'ектыўная. Нам ёсць кім ганарыцца. Значная частка вядомых беларускіх асоб — нашы выхаванцы. Сэрца грэе пачуццё, што ў іх поспеху ёсць і нейкая твая заслуга.
АД «СГ»
Шчыра віншуем паважанага Макса Залманавіча Фрэйдзіна з юбілеем! Зычым вядомаму вучонаму, знакамітаму настаўніку і даўняму чытачу «Сельской газеты» моцнага здароўя, новых творчых дасягненняў і таленавітых студэнтаў на карысць нашай любай Беларусі!
subbat50@mail.ru
Главное правило легендарного профессора «всех аграриев» Макса Фрейдина
«Часам усхопліваюся ў сне ад таго, што не так маршырую пад перастук піянерскага барабана»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Владимир СУББОТ