Кліенты БСБ Банка пачалі падаваць заявы на вяртанне грошай. Што адбываецца ў аддзяленнях

Чарга па мільёны

Пакуль што чэргаў па грошы, якiя людзi пакiнулi ў БСБ Банку, няма
Кліенты БСБ Банка пачалі падаваць заявы на вяртанне грошай. Сума немаленькая — усяго на рахунках фізічных асоб засталося каля 3 мільёнаў рублёў. Што зараз адбываецца ў аддзяленнях, дзе прымаюць заявы, высветліў карэспандэнт «Р».

Нагадаем, усё пачалося з таго, што Нацбанк з 26 чэрвеня адклікаў ліцэнзію ЗАТ «БСБ Банк» на ажыццяўленне асобных банкаўскіх аперацый з фізічнымі асобамі. Цяпер вяртаць людзям грошы, што засталіся на рахунках, будзе Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў. Ужо абраны банк-павераны, які прымае заявы на вяртанне і сам жа выплачвае неабходныя сумы. Гэта Банк Масква—Мінск.

З 55 мільёнаў рублёў, якія лічыліся за фізічнымі асобамі ў БСБ Банку, кліенты паспелі забраць 52. Засталося 3 мільёны, якія можна будзе атрымаць толькі па заяве. Каб праверыць, як ідзе прыём гэтых заяў, адпраўляемся ў аддзяленне Банка Масква—Мінск на скрыжаванні вуліцы Сурганава і праспекта Незалежнасці.

У памяшканні бязлюдна, чэргаў няма. Работнікі пацвярджаюць, што людзі прыходзяць, але, спасылаючыся на інструкцыі і банкаўскую тайну, не ўдакладняюць, колькі чалавек гэта зрабiлi. Праўда, нам дазваляюць пасядзець, каб сустрэць наступнага заяўніка. Чакаць давялося каля гадзіны. Мужчына гадоў сарака пераканаўся, што прыйшоў у патрэбнае яму аддзяленне, і сеў у чаканні сваёй чаргі. Ён нерваваўся, што даводзіцца губляць час. Відавочнае раздражненне ад сітуацыі было прыкметна, але ніяк не вылівалася на работнікаў або суседзяў па чарзе. Мабыць, з сітуацыяй ён ужо змірыўся.

Уладзімір атрымліваў зарплату на картку БСБ Банка. На заблакіраваным пакуль што рахунку засталіся яшчэ каля 600 рублёў. Але атрымае ён іх толькі праз два тыдні — такая працэдура. І гэта яшчэ хуткая выплата, паколькі па законе вяртанне сродкаў адбываецца на працягу месяца. Банк-павераны сумесна з агенцтвам пайшлі насустрач кліентам і скарацілі ўдвая гэты тэрмін.

— Я б не сказаў, што адкліканне ліцэнзіі ў банка мяне неяк напалохала. Але ўсё ж такі непрыемна, што з-за гэтага я павінен столькі чакаць, каб забраць свае грошы — тры тыдні да пачатку падачы заявы і яшчэ два цяпер. Там на картцы была мая зарплата. І зараз я не магу ёю карыстацца. Напэўна, прыйдзецца пазычаць у каго-небудзь.

Падача заявы — нескладаная працэдура. Займае яна хвілін 5—10. Час ідзе на зверку даных, падрыхтоўку заявы і яе падпісанне. Галоўнае, каб у вас быў з сабой пашпарт.

Намеснік старшыні праўлення Банка Масква—Мінск Аляксандр Валадзько пацвердзіў, што ў аддзяленнях банка ўсё спакойна:

— Зараз заявы прымаюць 11 аддзяленняў у Мінску і адно ў Маладзечне. Людзі прыходзяць не вельмі актыўна. Да гадзіны дня падаў заяву ў агульнай складанасці толькі 41 чалавек.

Банкір прызнаецца, што ажыятажу ніхто і не чакаў. Паводле яго слоў, у людзей ужо ёсць разуменне, што ўсё будзе нармальна і што ўсім грошы вернуць. Пасля банкруцтва Дэльта Банка і ліквідацыі ІнтЭрПэйБанка беларусы не так нервова рэагуюць на навіны аб чарговым адкліканні ліцэнзіі ў фінансавай установы.

Так што ўсе, хто яшчэ не забраў свае грошы ў БСБ Банка, могуць на працягу яшчэ двух гадоў звяртацца за выплатай. У спрэчных сітуацыях грамадзян будзе прымаць і Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (пры змене пашпартных даных, несупадзенні звестак грамадзян з інфармацыяй, прадстаўленай БСБ Банкам).

kuletski@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter